«А я да чалавечка аднаго», сказаў Чычыкаў.
«Ну, што чалавечак, кінь яго! паедзем да мяне!»
«Не, нельга, ёсць справа».
«Ну, вось ужо і справа! ужо і выдумаў! ах ты Ападзялдок Іванавіч!»
«Праўду кажу, справа, ды яшчэ і патрэбная».
«Іду ў заклад, хлусіш! Ну скажы толькі, да каго едзеш?»
«Ну, да Сабакевіча».
Тут Наздроў зарагатаў тым звонкім смехам, якім заліваецца толькі свежы, здаровы чалавек, у каторага ўсе да апошняга паказваюцца белыя як цукар зубы, дрыжаць і скачуць шчокі, і сусед за двума дзвярыма, у трэцім пакоі, ускідваецца са сну, вылупіўшы вочы і гаворачы: «бач, як яго разабрала?»
«Што-ж тут смешнага», сказаў Чычыкаў, крыху незадаволены такім смехам.
Але Наздроў працягваў рагатаць ва ўсё горла, прыгаварваючы: «Ой, пашкадуй, дапраўды лопну са смеху!»
«Нічога няма смешнага: я даў яму слова», сказаў Чычыкаў.
«Ды ты-ж жыццю не рад будзеш, калі прыедзеш да яго, гэта проста жыдамор! Я-ж ведаю твой характар, ты жорстка схібіш, калі думаеш знайсці там банчышку і добрую бутэльку якога-небудзь бонбона. Паслухай, браток: ну к чорту Сабакевіча, паедзем да мяне! Якім балыком пачастую! Панамароў, шэльма, так раскланьваўся, кажа: для вас толькі, увесь кірмаш, кажа, абшукайце, не знойдзеце такога. Махляр аднак-жа страшэнны. Я яму ў вочы гэта казаў: «вы», кажу, «з нашым адкупшчыкам першыя ашуканцы!» Смяецца шэльма, пагладжваючы бараду. Мы з Куўшыннікавым кожны дзень снедалі ў краме. Ах, брат, вось забыўся табе сказаць: ведаю, што ты цяпер не адчэпішся, але за дзесяць тысяч не аддам, наперад кажу. Эй, Парфірый», закрычаў ён, падышоўшы да акна, на свайго чалавека, які трымаў у адной руцэ ножык, а ў другой скарынку хлеба з кавалкам балыка, які пашчасціла яму мімаходзь адрэзаць, вымаючы нешта з брычкі. «Эй, Парфірый», крычаў Наздроў: «прынясі шчанюка! Які шчанюк!» гаварыў ён далей, звяртаючыся да Чычыкава. «Крадзены, ні за самога сябе не аддаваў гаспадар. Я яму прапанаваў буланую кабылу, якую, памятаеш, выменяў у Хвастырова...» Чычыкаў, між іншым, зроду не бачыў ні буланай кабылы, ні Хвастырова.
«Пан! нічога не хочаце закусіць?» сказала ў гэты час, падыходзячы да яго, старая.
«Нічога. Эх, брат, як пакуцілі! Між іншым, давай чарку гарэлкі, якая ў цябе ёсць?»
«Анісавая», адказала старая.
«Ну, давай анісавай», сказаў Наздроў.
«Давай ужо і мне чарку!» сказаў бялявы.
«У тэатры адна актрыса так, шэльма, спявала, як канарэйка! Куўшыннікаў, які сядзеў каля мяне, «вось», кажа, «брат, пакарыстацца-б наконт клубнічкі!» Адных балаганаў, я мяркую, было пяцьдзесят. Фенардзі чатыры гадзіны круціўся ветраком...» Тут ён прыняў чарку з рук старой, якая яму за гэта нізка пакланілася. «А, давай яго сюды!» закрычаў ён, убачыўшы Парфірыя, увайшоўшага з шчанюком. Парфірый быў апрануты таксама, як і пан, у нейкі архалук, падбіты ватаю, але крыху больш зашмальцаваны.
«Давай яго, кладзі сюды на падлогу!»
Парфірый палажыў на падлогу шчанюка, які, расцягнуўшыся на ўсе чатыры лапы, нюхаў зямлю.
«Вось шчанюк!» сказаў Наздроў, узяўшы яго за спінку крыху падняўшы рукой. Шчанюк даволі жаласна заскавытаў.
«Ты аднак-жа не зрабіў таго, што я табе казаў», сказаў Наздроў, звярнуўшыся да Парфірыя і разглядаючы ўважліва жывот шчанюка: «і не падумаў вычасаць яго?»
«Не, я яго вычэсваў».
«А адкуль-жа скочкі?»
«Не магу знаць. Можа, як-небудзь з брычкі паналазілі».
«Хлусіш, хлусіш, і не думаў часаць: я думаю, дурань, яшчэ сваіх напусціў. Вось паглядзі, Чычыкаў, паглядзі, якія вушы, на вось памацай рукой».
«Ды навошта, я і так бачу: добрай пароды!» адказаў Чычыкаў.
«Не, вазьмі вось знарок, памацай вушы!»
Чычыкаў, каб дагадзіць яму, памацаў вушы, праказаўшы: так, добры будзе сабака.
«А нос, адчуваеш, які халодны? Вазьмі вось рукой». Каб не пакрыўдзіць яго, Чычыкаў узяў і за нос, сказаўшы: добры нюх.
«Сапраўдны мардаш», гаварыў далей Наздроў: «я, прызнацца, даўно вастрыў зубы на мардаша. На, Парфірый, занясі яго!»
Парфірый, узяўшы шчанюка пад жывот, занёс яго ў брычку.
«Паслухай, Чычыкаў, ты павінен абавязкова цяпер ехаць да мяне, а ехаць да мяне, пяць вёрст усяго, духам даімчымся, а там, бадай, можаш і да Сабакевіча».
«А што-ж!» падумаў сам сабе Чычыкаў: «заеду я сапраўды да Наздрова. Чым-жа ён горшы за іншых? такі-ж чалавек, ды яшчэ і прагуляўся. Здатны ён, як відаць, на ўсё, значыцца, у яго дармова можна тое-сёе выпрасіць». «Ну добра, едзем», сказаў ён: «але ўмова не затрымліваць, мне час дарагі».
«Ну, душа, вось гэта так! Вось гэта добра, пачакай-жа, я цябе пацалую за гэта». Тут Наздроў і Чычыкаў пацалаваліся. «I добра: утраіх і пакоцім!»
Читать дальше