Карызна здрыгаецца ад аднае думкі пра гэта.
Не, ён яшчэ не дайшоў да гэтага, у яго не хопіць адвагі на такую подласць, бо на подласць, як і на геройства, трэба таксама адвага.
Так і не знайшоў быў Сымон Карызна ніякага выйсця з цяжкога свайго неўразумення, адно заблытаўся яшчэ больш у чорнай немарачы глухіх супярэчнасцей.
З гэткім настроем прыждаў Карызна таго «гістарычнага» ў сівецкім маштабе партыйнага сходу, на якім абмяркоўвалася пытанне іхняе спрэчкі з Зеленюком.
Карызна скрозь удаваў, што ён не надае асаблівае значнасці гэтаму пытанню, нават не дазволіў склікаць дзеля яго спецыяльнага пазачарговага сходу ячэйкі, і, такім чынам, ад іхняе гутаркі з Зеленюком да партыйнага сходу прайшло блізка тыдня. Праз гэты тыдзень ён, сам таго не ўсведамляючы, збіраў у сабе ўсю сваю злосць, усе свае прыкрасці, чым бы яны ні выклікаліся; стаўпляў іх унутры, каб потым пераліць усё гэта — мо несвядома, мо супроць волі — у варожае пачуццё да аднаго чалавека.
У практыцы партыйнае работы ў Сіўцы не было яшчэ выпадку, каб сход ячэйкі сабраў быў навокал сябе такую пільную напружаную ўвагу ўсяго жыхарства. Гэтага сходу чакалі ўсе: і партыйныя, і беспартыйныя, і прыяцелі партыі, і ворагі, і сур'ёзныя людзі, і скалазубы. Адны чакалі з шчырай турботай аб справе, другія — з пустым мяшчанскім цікаўствам, трэція — з варожай злараднасцю. За выключэннем апошніх, якіх больш радаваў сам факт спрэчкі сярод камуністаў, чымся яго вынікі, усе іншыя спачувалі Зеленюку, цягнулі яго руку, хоць часам і не ведалі самае сутнасці справы. Гэта была дэманстрацыя таго нездаволення, якое паволі, але неадступна ўзнімалася супроць Сымона Карызны.
Ён сам ведаў пра гэта і, сціскаючы кулакі, пагражаў:
— Чакайце, даражэнькія. Яшчэ пабачым, хто чаго варты!
Напярэдадні сходу да Карызны прыходзіў Якуб Лакота. Ён доўга гаварыў сваім ціхім разбітым голасам, тлумачыў, чаму яны наважылі зрабіць свой калектыў, якая з гэтага будзе карысць. Як і Зелянюк тады, ён перасцерагаў, што не дазволіць гэтага,— значыць, загубіць усю справу. Ён намякнуў і на тое, што, як відаць па ўсім, уся гэтая звадка не пойдзе на карысць партыі, што яна дэзарыентуе ячэйку.
З пашаны да былога партызана і чырвонагвардзейца Карызна спакойна выслухаў яго да канца, але зразумеў так, што гэта яго падаслаў Зелянюк, не іначай, і закіпеў яшчэ горшаю злосцю. Якубу ж адказаў далікатна, але вельмі суха, што ягоныя меркаванні возьме на ўвагу.
Быў яшчэ адзін чалавек, які ледзь стрымліваў у сабе настойнае жаданне пайсці да яго і ў гарачай шчырай размове адкрыць яму вочы, паказаць яму тое, чаго ён не бачыць ці не хоча бачыць, затрымаць яго на краі прорвы, куды ён ідзе з адчайнай рашучасцю самагубцы.
Але чалавек гэты быў адцяты ад яго і не мог да яго пайсці, бо гэта была Марына Паўлаўна.
Сход быў закрыты: адны партыйцы ды камсамольцы. З беспартыйных прыскочыў быў Галілей, дык камсамолец Віктар адвёў яго ўбок і далікатненька растлумачыў, што яму тут быць няможна. Стары — праўда, што неахвотна,— але без лішняе гамонкі пацюпаў дахаты.
Настрой ува ўсіх быў стрыманы і троху ўрачысты. Бадай не было зусім звычайных — шумных, вясёлых перадсходавых гутарак — усе маўкліва чакалі пачатку.
Карызна прачытаў парадак дня, і ўсіх непрыемна здзівіў неспадзяваны зварот справы. У парадку дня стаялі зусім іншыя, не датычныя асноўнае справы пытанні, а «асноўная» справа стаяла сціпла ў рубрыцы «Рознае» і называлася так:
«Аб праявах партызаншчыны ў працы брыгадзіра т. Зеленюка».
Усе дамысна перазірнуліся, а «брыгадзір т. Зелянюк» непрыметна ўсміхнуўся — троху пагардліва, а троху балюча.
У панурым маўчанні слухалі даклады па пытаннях, вызначаных у парадку дня. Спрэчак было мала, і гэта не дзівіла нікога — усе адчувалі, што гэтыя даклады лішнія сёння, што яны пастаўлены выключна на тое, каб надаць справе Зеленюка адумыслова дробны асабісты характар,— ўсе чакалі «Рознага». I, як яно падышло, усе застылі ў пільнай увазе.
Карызна зрабіў кароткую інфармацыю. «Брыгадзір Зелянюк цалкам самастойна, без пагоджання з партыйнаю ячэйкаю вырашыў пытанне аб арганізацыі ў Сівалапах асобнага калгаса і — зноў жа без ведама ячэйкі — абвясціў пра гэта жыхарству і нават правёў папярэдні запіс. Зелянюк мусіў ведаць, што гэта цалкам супярэчыць плану калектывізацыі сельсавета, які быў зацверджаны ячэйкаю, і, такім чынам, зусім свядома парушыў партыйную дысцыпліну, што асабліва злачынна ва ўмовах абвостранае класавае барацьбы і напружанае працы па рэканструкцыі сельскае гаспадаркі. Што да самае справы арганізацыі ў Сівалапах асобнага калгаса, дык яна ні разу не абмяркоўвалася ў партыйных арганізацыях і не мае актуальнага значэння, бо цяпер вядзецца ўзмоцненымі тэмпамі работа па арганізацыі аднаго вялікага калгаса на ўвесь Сівец».
Читать дальше