Галілей раптам страпянуўся і, узрушаны, загаварыў горача, амаль непакрыўджана:
— Яна нядобрая... ага... нядобрая яна...
Марына Паўлаўна здзіўлена паглядзела на яго:
— Чаму? Дзядзька Ахрэм... Чаму вы так кажаце?..
Але стары толькі трос барадой у дзіўным, мабыць, зусім беспрычынным абурэнні і не адказваў нічога. Марына Паўлаўна ўспомніла блізка, што гэткія самыя словы Тацяны, і зусім шчыра здзівілася: чаму яны абое не любяць Веры Засуліч?
Праз усю тую ноч Босаму не давялося і вокам звесці: не даваў спаць яго ўшчэнт разматлашаны гаспадар. Усё нечага мітусіўся — то ўзнімаецца на палацях, комчыцца там, пад столлю, крэкча, варочаецца, то раптам таргане за вяровачку, спусціцца долу, увамкне святло (тады гарэла яшчэ электрычнасць), зачне бегаць як шалёны па хаце. Пасля схопіць карандаш, піша нешта, рысуе, потым кіне — зноў бегае, зноў узнімаецца пад столь, каб праз колькі хвілін спусціцца назад. Босы пачынаў турбавацца. Праўда, яму не ўпершыню было бачыць падобную мітусяніну гаспадара — пасля яе звычайна ў яго сабачым жыцці наставалі цяжкія дні, у якія ямумдаводзілася карміцца сухой скарынкай. Але ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм.
Босы меў рацыю. Але ён не ведаў таго, што ў Галілеевым нутры, у якім звычайна магло мясціцца толькі адно якое-небудзь захапленне, у гэтую ноч білася два, як два крылы розных, ды роўна непакойных птушак: сёння стары мудрагель дапяў нарэшце даўно, з упартай патугай шуканага «мудронага слова», і сёння ж даведаўся ён пра развязанне жыццёвае праблемы Марыны Паўлаўны, над якой пакутаваў ён бадай не менш за яе самую.
Назаўтрага, ці толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. З кухні ў пакоі дзверы былі адчынены, і Галілей адразу ўбачыў Марыну Паўлаўну: яна па свайму аблюбёнаму звычаю стаяла ўкленчыўшы на канапе і глядзела ў абмёрзлае, непранікальнае для вока акно. На хаце ляжалі нарыхтаваныя клумкі.
Галілей асцярожна кашлянуў, і Марына Паўлаўна, здрыгануўшыся, абярнулася да яго:
— А... гэта вы, дзядзька Ахрэм?.. Я ўжо і сабралася зусім, але вось нешта стала, задумалася.
Яна саскочыла з канапы і стала мітусіцца па хаце, збіраючы астатнія рэчы. Яна ўся была ва ўладзе тае трывожнае разгубленасці, што бывае звычайна пры выездзе ў далёкую дарогу.
Раз-пораз яна няўцямна спынялася перад якой-небудзь рэччу і беспарадна пытала ў Галілея, ці трэба яе браць, ці не. Галілей у адказ мармытаў нешта невыразнае, і Марына Паўлаўна супакойвалася, упэўненая, што Галілей сапраўды развязаў яе неўразуменне.
Напаследак спынілася яна перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго доччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе, моцна сашчаміўшы дрыжачыя вусны. У вачах яе Галілей убачыў слёзы, і гэта ўвяло яго ў страшэннае замяшанне: ён дужа баяўся людскога плачу. Адылі Марына Паўлаўна не заплакала. Жаль яе змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут доччыну картку, ці ўзяць з сабой. Яна некалькі разоў станавіла яе на стол, брала назад, зноў станавіла. Нарэшце запытала Галілея:
— Дзядзька Ахрэм! Ці браць гэту картку? Мо лепей пакінуць яму?
Галілей першы і адзіны раз адказаў цалкам выразна і з перакананнем:
— Пакіньце... ага... пакіньце тут... хай ён глядзіць на яе...
I невядома, ці была ў гэтых апошніх Галілеевых словах злосная і мсцівая пагроза, ці спачуванне да чалавека.
— Ну, здаецца, усё...
I Марына Паўлаўна стала сярод хаты, недалужна расставіўшы рукі,— змораная, бяссільная, прыгбаная. Яна была ў гэтую хвіліну зусім старая, нібы адзін гэты дзень усклаў ёй на плечы лішні дзесятак гадоў. Яна так доўга стаяла — нязмога, відаць, была скрануцца, зрабіць першы крок за дзверы старога, гадамі ўгрэтага гнязда. Нарэшце схілілася — паволі, безуладна, як самнамбулка,— і ўзялася за першы, які трапіў пад руку, клумак.
— Ну, пойдзем, дзядзька Ахрэм?
Галілей падбег да яе і рашуча адабраў у яе клумак.
— Ды не, Марына Паўлаўна... Вы ідзіце... так... ага... Я ўсё перанясу сам... Я сам...
Яна доўга няўцямна глядзела на яго, даходзячы нейкага асаблівага, важнага для яе сэнсу ягоных слоў. Раптам зразумела і абвяла ўся, як падцятая.
Сорамна...
Яна цяпер толькі ўцяміла, што, апроч усіх іншых прыкрасцей, злучаных з іхняй разлукай і добра абмеркаваных, прадуважаных ёю ў яе самотных думах, ёсць яшчэ адна, можа, найбольшая прыкрасць, якая чамусьці прайшла дасюль па-за межамі яе свядомасці,— сорам. Хай сабе пусты, мяшчанскі, але яго не мінуць. Праз доўгі час ён будзе валачыцца за ёй паскудным задрыпаным хвастом, звязваючы ёй вольныя рухі.
Читать дальше