5
Сымон Карызна хлусіў, як казаў жонцы, што ён ужо зусім спакойны. З кожным днём усё глыбей і глыбей угрузаў ён у невылазную немарач блытаных, у значнай меры самім жа ім створаных супярэчнасцей, нібы аперазаў яго нехта шчытным непарыўным вязьмом і з бязлітаснай павольнасцю зацягвае яго, пакідаючы яму з кожным днём усё менш ды менш вольнае прасторы. Ён трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо, але з тым большаю сілай звінаецца яно ў наступную хвіліну.
Над усім складаным комплексам яго ўзбушаваных пачуццяў дамінуе страх — прыкры, неадчэпны страх перад невядомай яму і нават дрэнна ўяўленай небяспекай. Кожная няўдача, памылка, кожная нават зусім нязначная затрымка ў рабоце нагадвае яму пра грозныя, навіслыя над ім грахі мінулага, пра цёмныя справы з сям’ёй і кідае яго ў ліхаманкавую гарачку. Тады з хваравітым імпэтам хапаецца ён за працу, гоніць яе, не разважаючы, не выбіраючы сродкаў, і з трывогай заўважае, што робіць новыя, яшчэ большыя памылкі і яшчэ большыя мае няўдачы.
Загнаны напорнай раз'юшанай зграяй жыццёвых нягод, Сымон Карызна з прагнай настойнасцю шукаў сабе прытулку ў чыім-небудзь блізкім спагадлівым сэрцы, бо жорсткая самота падвяла цяжар яго мітушэнняў, сціскаючы іх у цесным катуху чорнае душнае абмежаванасці, і ён прывык знаходзіць гэты прытулак у чулым сэрцы Веры Засулiч.
Вера Засуліч дрэнная была спацяшальніца, бо, выслухаўшы цяжкія прызнанні Карызны, яна заўсёды страшэнна палохалася і яшчэ больш палохала яго самога. Адылі і баяцца ўдваіх было значна лягчэй.
Вера Засуліч — мілая, шчырая дзяўчына — шаптала яму, клапатліва зморшчыўшы лоб і звёўшы свае цудоўныя аксамітныя броўкі:
— Трэба старацца, трэба дужа старацца… каб усё было добра, усё чысценька, каб ніхто ні да чога не мог прычапіцца… Праўда… Тады і спакойны будзеш, зусім спакойны…
I яна ў такт сваіх слоў з навучальнай важнасцю ківала слаўнай прыгожай галоўкай.
Карызну чамусьці здавалася, што ў Верыных словах ёсць глыбокая жыццёвая мудрасць, і ён бясконца захапляўся як самай гэтай мудрасцю, так і цудоўнай формай, у якой яна вылівалася. I што далей, то ўсё глыбей і глыбей адкрываў ён Веры ўсе таямніцы свайго ўнутранога жыцця, і што далей, то ўсё з большай увагай прыслухоўваўся да яе шчырых, прасякнутых слушным практыцызмам парад.
Вера Засуліч была разумная дзяўчына. Разам з сваёй мілай дзяцінай наіўнасцю яна мела вострую, мабыць, цалкам інтуіцыйную праніклівасць, злучаную з дасканалай здольнасцю дапасавацца да ўсякіх, нават самых нечаканых варункаў. I выходзіла так, што зусім неўзаметку, паступова, але станоўча яна ўваходзіла ў самае сэрца сівецкіх падзей і, пэўна, рабіла ўплыў на іх значна большы, чым гэта прыметна было на першы погляд. У яе ціхім, прытульным пакойчыку памалу звіўся дружны цэнтр, які яднаў пэўную, досыць значную і ўплывовую частку сівецкай грамадскасці. Апрача Карызны, частымі гасцямі ў яе былі старшыня сельсавета Пацяроб, чорны і прыгожы Андрэй Шыбянкоў — Гвардыянаў фатальны вораг — яшчэ са два менш відныя партыйцы і аптэкар Плакс. Гэты, праўда, заўсёды займаў сваю асобную філасофскую пазіцыю і ў вузкапалітычныя справы не блытаўся. Яшчэ забягаў часам стары Галілей, але выпадкова і недарэчы. Ён з'яўляўся і знікаў неўзаметку, нікога не чапаючы, нікому не замінаючы, ведучы ў жыцці нейкую сваю, аднаму яму вядомую лінію.
Усіх гэтых людзей, апрача агульнае справы, звязвала яшчэ аднадушная cімпатыя да Веры Засуліч, якая, аднак, у кожнага мела сваё асобнае адменнае выяўленне.
Даўгі, нязграбны Пацяроб, верны сабе ўва ўсім, з класічнай нязграбнасцю выяўляў і сваё гарачае замілаванне да Веры. Хоць ён і называў яе зварушліва-пяшчотным імем «п'явачка», але скрозь адно цэліў зрабіць ёй якую-небудзь грубаватую і не зусім прыстойную прыемнасць: ушчыпнуць там, паціснуць ці яшчэ што-якое. Веру страшэнна мучылі гэтыя «прыемнасці», але яна пакорна зносіла іх з павагі да мясцовае ўлады.
Андрэй Шыбянкоў кахаў моўчкі і здалёку, інтрыгуючы сваім да лютасці палкім поглядам і рамантычным ценем глыбокае таямніцы на чорным прыгожым твары. Апрача таго, ён дужа лоўка іграў на гітары.
Аптэкар Плакс, даўні прыхільнік Веры Засуліч, кахаў яе шчыра, па-рыцарску—таемным, глыбока затуленым у нутры і нікому не вядомым каханнем.
Сама ж Вера Засуліч ставілася да ўсіх з абсалютна роўнай ласкай і ветлівасцю, злёгку, асцярожна какетавала з усімі, але трымала сябе на сталым, шчасліва абраным пункце, які гарантаваў ёй не толькі ўсіхнюю сімпатыю, а і ўсіхнюю павагу. Праўда, у глыбіні душы ёй, безумоўна, найбольш імпанаваў Андрэй Шыбянкоў, але яна ні ў чым гэтага не выяўляла.
Читать дальше