Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч, знітаваны яе цёплай, чароўнай ветлівасцю, і ў гэтым гуртку часам — неўзаметку, паміж іншага — абгаворваліся і вырашаліся справы Сівецкага сельсавета.
А справы гэтыя мелі наступны выгляд...
Па доўгіх, у большасці бясплодных патугах удалося нарэшце правесці калектывізацыю блізка ў палавіне ўсіх вёсак сельсавета. Але гэтая перамога была няпэўная — прынамсі, Сымона Карызну мала яна спацяшала, бо ён добра ведаў, што збітыя на скоры поспех усякімі, часам не зусім здаровымі спосабамі калгасы ў кожную хвіліну могуць рассыпацца, — і развал першага з іх пацягне за сабой агульнае разбурэнне ўсяе справы. Але ён не мог, не меў часу павесці станоўчую, глыбокую працу, бо ён мусіў спяшацца, ён мусіў першы ў раёне скончыць калектывізацыю свайго сельсавета. Кожная хвіліна забаўкі пакажа ягоны апартунізм і ўдзесяцярыць адказнасць яго за старыя грахі.
Ва ўсім сельсавеце перад вядзе ўсё-ткі Сівец. А Сівец стаіць да гэтага часу цвёрдаю, нязрушнаю цытадэллю, за якою заселі ўсе цёмныя сілы — свядомыя і несвядомыя,— якія даюць апошні адпор пераможнаму наступу сацыялізма. У кожнай вёсцы, дзе толькі даводзілася Карызну праводзіць работу, яму з першага слова паказвалі на Сівец, і за гэтаю адгаворкай, як за спадзейнай сцяной, смела хаваліся ўсе злосныя ворагі калектывізацыі.
— Сівец у вас пад рукамі. Чаму ж ён дагэтуль яшчэ не пайшоў у калгас? А чаму гэта канечна мы першыя мусім ісці?
У самім жа ў Сіўцы пасля таго славутага сходу ўжо ці мала разоў збіраліся, гаманілі, угаворвалі, пагражалі і ўсё роўна не маглі даць ніякае рады. Зацятыя ў злоснай упартасці сівецкія грамадзяне мелі таксама сваю адгаворку, якую пераказвалі з тупой, непрабітнай настойнасцю:
— Як загадаюць, дык пойдзем усе як адзін. Раз савецкая ўлада робіць гэтую самую калектывізацыю, дык хай дасць загад, каб, значыцца, ясна было...
Карызна добра ведаў, што гэта подлая правакацыя кулакоў. Кулацкая хеўра часу не марнавала — яна выкарыстоўвала кожны момант, кожны зручны выпадак, каб умацаваць свае пазіцыі, глыбей акапацца ў сваёй утульнай бярлозе. Але гэтая чорная работа вялася такім хітрымі няўлоўна-таемнымі спосабамі, што раскрыць яе, паказаць навочна ўсе яе шкодніцкія махінацыі атлумленаму сівецкаму грамадству не было ніякай магчымасці. Толькі па асобных дробных прыметах можна было меркаваць, што галоўны пункт, з якога ідуць усе яе брудныя ніці, знаходзіцца ў вялікім чыстым доме Цімафея Міронавіча Гвардыяна.
Ва ўсіх гэтых няўдачах Карызна бачыў ясныя сляды першага няўдалага наступу, але аблудны гонар не даваў яму адкрыта прызнацца ў гэтым і крута змяніць далейшую тактыку. Ён перш нясмела, паціху, а тады ўсё смялей ды галасней стаў вінаваціць ува ўсім Зеленюка, яго марудлівае порканне ў Сівалапах, яго слабыя тэмпы, хвасцізм. А сам тым часам усё больш і больш пакладаўся на Паняроба, на яго хоць і грубыя, жорсткія, але энергічныя і пэўна што больш радыкальныя метады. I толькі прысутнасць Зеленюка стрымлівала яго ад таго, каб на ўсю шырыню і размах разгарнуць у Сіўцы рашучую пацяробаўшчыну.
Зелянюк звязваў яму рукі.
Пасля таго як сівалапаўскія актывісты, сышоўшыся выпадкова ў Якуба Лакоты, пастанавілі арганізаваць свой асобны калгас, назаўтра ўвечары Карызна сустрэўся з Зеленюком у сельсавеце. Зелянюк у шумнай кампаніі хлопцаў урынуўся ў сельсавет і, убачыўшы Карызну, яшчэ з парога крыкнуў звонкім радасна-ўзрушаным голасам:
— Карызна! Можаш нас павіншаваць. У нас арганізуецца свой калектыў.
Карызна зірнуў на яго з халодным здзіўленнем.
— Дзе гэта «ў нас»? Які калектыў?
— У Сівалапах. Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Разумееш? Асобны сівалапаўскі калгас, складзены з выключна дружных перакананых энергічных сяброў. Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. А галоўнае — падгонім Сівец. Гэта будзе выклік Сіўцу, разумееш? Тут можа разгарнуцца цэлае спаборніцтва...
Карызна перапыніў яго гарачыя тлумачэнні, адчыкрыжыўшы рэзкім нервова-напружаным голасам:
— Я гэтага не дапушчу. Гэта — партызаншчына.
Зелянюк на момант асалапеў, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі. Ад яго жвавага юнацкага ўзрушэння не асталося і следу — ён быў ужо спакойны, стрыманы, і на бледным, рэзка акрэсленым твары яго трымцела ўжо звычайная ўсмешка. З нечаканай для ўсіх лагоднасцю ён згадзіўся:
— Ты, Карызна, маеш рацыю. Гэта — партызаншчына. Я зрабіў вялікую памылку, што прыстаў на гэта, не памеркаваўшыся з ячэйкаю. Я цалкам прызнаю сваю памылку і бяру на сябе поўную за яе адказнасць.
Читать дальше