— Што, Віця, нешта благое здарылася?
— Братачка...
Але на гэтым і скончылася яго ўступная прамова, бо маладыя нязломныя сілы яго ўсё-такі нарэшце здрадзілі яму, і ён горка, па-дзіцячаму заплакаў.
Пакуль Віктар адплакаўся, Зелянюк ужо быў апрануты, і яго свежы бадзёры выгляд ані не паказваў на тое, што яго адарвалі ад самага сну.
— Ну як, Віця, можа, цяпер раскажаш ужо?
I ён ласкава палэпаў Віктара па плячы.
Віктару доўга не давялося апавядаць, бо Зелянюк з першых слоў зразумеў, аб чым тут справа, і нецярпліва перапыніў яго:
— Ну, рэшту дакажаш дарогай. Зараз жа едзем у раён...
Віктар на такі зварот ніяк не спадзяваўся і з раптоўнай радасці паспрабаваў нават пярэчыць:
— Можа, не варта турбавацца па гэтым? Можа, ты запіску напішаш, ці што — дык я сам?..
Але Зелянюк строга перапыніў яго:
— Тут справа не аб тваёй каханцы, Віця,— тут справа вялікае грамадскае значнасці... Конь твой нас давязе яшчэ да раёна?
— Можа, яшчэ і давязе.
I зноў змораная, але без меры старанная шаўлюжка клыпала памаленьку, адгадваючы загубленую ў цемры і снегавой замеці дарогу, і зноў без сэнсу, чыста з інерцыі махаў Віктар пугаю, не бачачы і не чуючы ні дарогі, ні шаўлюжкі, ні шурпатага снегу, што агнёва-калючай жарствою абсыпаў яго твар. Але ўжо не ў чорную глухую яміну падаў загнаны бязлітаснымі вобразамі камсамолец Віктар, а лётаў сярод завірухі смелымі яснымі надзеямі.
У раёне адразу пад'ехалі да кватэры сакратара райкома таварыша Гайдука. Тут адчынілі ім адразу, бо, відаць, прызвычаіліся да гэтых раптоўных візітаў, і як увайшлі хлопцы ў невялічкі Гайдукоў пакой, гаспадар яго ляжаў у ложку, хоць ужо і варушыўся патроху спрасоння.
Зелянюк усцёр сярвічку, і яны ўбачылі, што кіраўнік раённае арганізацыі ўжо сядзіць на сваім непрэзентабельным ложку і, яшчэ не адышоўшы ад сну, дробненька чмыхае сваім хоць і даўгім, але не надта паважным носам.
— А! Хлопцы... Ну што?
Зелянюк без доўгіх абыходаў сціслым стрыманым тонам баявога рапарта пачаў дакладваць сакратару райкома пра сутнасць справы. Гэты яго тон надзвычай імпанаваў Віктару, затое мізэрны выгляд Гайдука, які, седзячы на ложку, усё яшчэ чмыхаў носам, спачатку не абуджаў у ім асаблівае даверлівасці.
Гайдук, выслухаўшы даклад, пацвярджальна кіўнуў галавой, нібы хацеў сказаць, што ўсё так ідзе, як і мусіла ісці, і буркнуў:
— Я хацеў выклікаць Карызну... пагаманіць... Аж цяпер прыйдзецца неяк іначай...
Ён млява пацягнуўся да тэлефона, што стаяў тут жа, пры ложку, і доўга, з д'ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку.
I вось невыразныя, пакомчаныя санлівасцю словы сакратара райкома прагучалі камсамольцу Віктару цудоўна-прыгожай райскай музыкай:
— ...а восьмай уранні?.. ага... цяпер шэсць... Ты чуеш?.. Во што, браток... Пазвані туды, на станцыю... Усіх перасяленцаў з Сівецкага сельсавета затрымаць да выяснення справы... Тэлеграму?.. Давай тэлеграму... Бывай...
I такім самым млявым, нібы вымушаным рухам паклаў назад тэлефонную трубку.
Камсамолец Віктар адчуў ува ўсім целе цягучую, невымоўна-салодкую слабасць. Ён убачыў каля грубкі вольнае крэсла і сеў на яго, прыхіліўшы ацяжалелую галаву да цёплых кафляў. Увушшу ў яго злілася ў роўную буркатлівую песню ўжо далёкая ад яго свядомасці гутарка Гайдука з Зеленюком, а ўваччу распрасцёрся белы зімовы шлях, што адкрываецца за Сіўцом бязмежным разгонам, і па тым па шляху папоўз бясконца даўгі кашлаты абоз, над якім паплылі зусім ціхамірныя, пазбаўленыя ўсякага трагізму, людскія рыданні. А з боку ад шляху, на снегавым узгорку, немаведама адкуль з'явіўшыся там, вытыркнулася нязграбная фігура старога Галілея разам з яго верным другам і спадарожнікам — Босым.
Адтуль, ад Галілея, даляцеў быў таксама нейкі дзіўны завыўна-цягучы чалавечы гук.
Можа, гэта і Галілей плакаў там, стоячы на сваім узвышшы? А мо ён спяваў, чаго добрага?
Ці плакаў Галілей, ці спяваў?
…І над развязаннем гэтага складанага пытання, ці плакаў, ці спяваў Галілей, праводзячы сівецкіх перасяленцаў, заснуў Віктар глыбокім спакойным сном, які кампенсаваў яму ўсе яго трывогі і мукі апошніх дзён.
10
Вязьмо зацягнулася, і туга скручаныя канцы яго падвярнуліся пад самае сэрца даўкім балючым вузлом чорнае роспачы.
І сталася ж гэта акурат у той момант, як Сымон Карызна, зрабіўшы свой астатні рашучы крок, адчуваў сябе на верхавіне жаданага трыумфу. Нават выйшла тут зусім дзівоснае, неверагоднае супаданне: у тую хвіліну, як паляпалі ў дзверы, ён пісаў акурат данясенне ў раён аб канчатковым завяршэнні суцэльнае калектывізацыі ў Сівецкім сельсавеце.
Читать дальше