Парабак Мікіта, адзіны ў гэты дзень цвярозы з парабкаў Васіля Андрэевіча, пабег запрагаць. Мікіта не быў п’яны ў гэты дзень таму, што ён быў п’яніца, і цяпер, з запускаў, у часе якіх ён прапіў з сябе паддзёўку і скураныя боты, ён даў зарок піць і не піў другі месяц; не піў і цяпер, нягледзячы на спакусу ў першыя два дні свята, калі ўсюды пілі віно.
Мікіта быў пяцідзесяцігадовы мужык з бліжэйшае вёскі, негаспадар, як пра яго казалі; большую частку свайго жыцця ён пражыў не дома, а па людзях. Усюды яго цанілі за ягоную працавітасць, спрыт і сілу ў рабоце, галоўнае — за добры, прыемны характар; аднак нідзе ён не ўжываўся, таму што два разы на год, а то і часцей, запіваў і тады, апрача таго што прапіваў усё з сябе, рабіўся яшчэ шалёны і прыдзірлівы. Васіль Андрэевіч таксама колькі разоў праганяў яго, але потым зноў браў, цэнячы ягоную сумленнасць, любоў да жывёлы і, галоўнае, таннасць. Васіль Андрэевіч плаціў Мікіту не восемдзесят рублёў, колькі каштаваў такі парабак, а рублёў сорак, якія выдаваў яму без разліку, па дробязі, ды і то часцей не грашыма, а па дарагой цане таварам з крамы.
Мікітава жонка, Марфа, некалі прыгожая бойкая баба, гаспадарыла дома з падлеткам малым і дзвюма дзеўкамі і не звала Мікіту жыць дамоў, па-першае, таму, што ўжо гадоў дваццаць жыла з бондарам, мужыком з чужое вёскі, які стаяў у іх у хаце; а па-другое, таму, што, хоць яна і папіхала мужам, як хацела, калі ён быў цвярозы; яна баялася яго, як агню, калі ён напіваўся. Аднойчы, напіўшыся дома, Мікіта, відаць, каб адпомсціць жонцы за ўсю сваю цвярозую пакору, узламаў яе куфар, дастаў самыя каштоўныя яе ўборы і, адшукаўшы сякеру, на абрубку пасек на дробныя кавалкі ўсе яе сарафаны і сукенкі. Запрацаваныя Мікітам грошы ўсе аддаваліся ягонае жонцы, і Мікіта не пярэчыў гэтаму. Гэтак і цяпер, за два дні да свята Марфа прыязджала да Васіля Андрэевіча і забрала ў яго белай мукі, чаю, цукру і васьмуху віна, усяго рублі на тры, ды яшчэ ўзяла пяць рублёў грашыма і дзякавала за гэта, як за незвычайную ласку, тады як па самай таннай цане за Васілём Андрэевічам было рублёў дваццаць.
— Мы хіба з табою ўгавор які рабілі? — казаў Васіль Андрэевіч Мікіту.— Трэба — бяры, зажывеш. У мяне не як у людзей: пачакай, ды разлікі, ды штрафы. Мы сумленна. Ты мне служыш, і я цябе не пакідаю.
I, кажучы гэта, Васіль Андрэевіч быў шчыра ўпэўнены, што ён апякуецца над Мікітам: гэтак пераканальна ён умеў гаварыць і гэтак жа ўсе людзі, якія залежалі ад ягоных грошай, пачынаючы з Мікіты, падтрымлівалі яго ў думцы, што ён не ашуквае, а апякуецца над імі.
— Ды я разумею, Васіль Андрэевіч; здаецца, служу, стараюся, як бацьку роднаму. Я вельмі добра разумею,— адказваў Мікіта, вельмі добра разумеючы, што Васіль Андрэевіч ашуквае яго, але разам з тым адчуваў, што нечага і спрабаваць удакладняць з ім свае разлікі, а трэба жыць, пакуль няма іншага месца, і браць, што даюць.
Цяпер, атрымаўшы загад гаспадара запрагаць, Мікіта, як заўжды, весела і ахвотна, бадзёрым і лёгкім крокам сваіх гусіных ног падаўся да гумна, зняў там з цвіка цяжкую раменную з кутасікамі аброць і, пазвоньваючы баранчыкамі цугляў, пайшоў да зачыненага хлева, у якім асобна стаяў той конь, якога загадаў Васіль Андрэевіч запрагаць.
— Што, засумаваў, засумаваў, дурненькі? — казаў Мікіта, адказваючы на прывітальнае ржанне, якім сустрэў яго сярэдняга росту, прыгожы, крышку віслазады, цёмна-гняды, з падпалінамі, жарэбчык, які стаяў адзін ў хлеўчуку.— Ну, ну! паспееш, дай спачатку напаю,— гаварыў ён з канём гэтак жа, як гавораць з разумнымі істотамі, і, абмахнуўшы крысом шырокую з жалабком пасярэдзіне, раз’едзеную і засыпаную пылам спіну, ён надзеў на прыгожую маладую галаву жарэбчыка аброць, паправіў ягоныя вушы і грыўку і, скінуўшы вуздэчку, павёў паіць.
Асцярожна выбраўшыся з высока загноенага хлева, Гняды заіграў і ўзбрыкнуў, прыкідваючыся, што хоча задняю нагою выцяць Мікіту, які трушком бег з ім да студні.
— Гуляй, гуляй, шэльма! — кідаў яму Мікіта, які ведаў тую асцярожнасць, з якою Гняды ўскідваў заднюю нагу, толькі каб дакрануцца да яго зацухмоленага кажушка, але не выцяць, і вельмі любіў гэтую яго звычку.
Напіўшыся сцюдзёнае вады, конь уздыхнуў, варушачы мокрымі моцнымі губамі, з якіх капалі з вусоў у карыта празрыстыя кроплі, і прыціхнуў, нібыта задумаўся; потым раптам гучна пырхнуў.
— Не хочаш, не трэба, гэтак і ведаць будзем; ужо болей не прасі,— сказаў Мікіта, зусім сур’ёзна і грунтоўна тлумачачы свае паводзіны Гнядому; і зноў пабег да гумна, паторгваючы за повад вясёлага маладога каня, які ўзбрыкваў і патрэскваў на ўвесь двор.
Читать дальше