— Першае, што я зрабіў, я зняў боты і, астаўшыся ў панчохах, падышоў да сцяны над канапаю, дзе ў мяне віселі стрэльбы і кінжалы, і ўзяў крывы дамаскі кінжал, якім ні разу не карыстаўся і страшэнна востры. Я выцягнуў яго з ножан. Ножны, я памятаю, заваліліся за канапу, і памятаю, што я сказаў сабе: «Трэба пазней будзе знайсці іх, а то прападуць». Потым я зняў паліто, якое ўвесь час было на мне, і, мякка ступаючы ў адных панчохах, пайшоў туды.
I падкраўшыся ціха, я раптам адчыніў дзверы. Памятаю выраз іх твараў. Я памятаю гэты выраз, таму што выраз гэты прынёс мне пакутлівую радасць. Гэта быў выраз жаху. А гэта мне і трэба было. Я ніколі не забуду выразу роспачнае жудасці, які паявіўся ў першае імгненне на абодвух іх тварах, калі яны ўгледзелі мяне. Ён сядзеў, здаецца, за сталом, але, убачыўшы ці пачуўшы мяне, усхапіўся на ногі і стаў спіною да шафы. На ягоным твары быў адзін несумненны выраз жаху. На яе твары быў той жа выраз жаху, але з ім разам было і іншае. Каб яно было адно, магчыма, не здарылася б таго, што здарылася; але ў выразе яе твару было, ва ўсякім разе здалося мне ў першае імгненне, было яшчэ засмучэнне, нездаволенасць тым, што парушылі яе захапленне каханнем і яе шчасце з ім. Ёй як быццам нічога не трэба было апрача таго, каб ёй не перашкаджалі быць шчасліваю цяпер. Той і другі выраз толькі імгненне трымаўся на іх тварах. Выраз жудасці на ягоным твары адразу ж змяніўся выразам запытання: можна хлусіць ці не? Калі можна, то трэба пачынаць. Калі не, дык пачнецца яшчэ нешта іншае. Але што? Ён запытальна зірнуў на яе. На яе твары выраз прыкрасці і засмучэння змяніўся, як мне здалося, калі яна зірнула на яго, клопатамі аб ім.
На імгненне я затрымаўся ў парозе, трымаючы кінжал за спіною. У гэтае ж імгненне ён усміхнуўся і да смешнага спакойным тонам пачаў:
— А мы вось музыцыравалі...
— Вось не чакала,— у той жа час пачала і яна ў тон яму.
Аднак ні той, ні другі не дагаварыў: тое ж самае шаленства, якое я адчуваў тыдзень таму назад, авалодала мною. Зноў я адчуў гэтую патрэбу ў руйнаванні, гвалце і захапленні шаленствам і аддаўся яму.
Абое не дагаварылі... Пачалося тое другое, чаго ён баяўся, што разбурала адразу ўсё, што яны гаварылі. Я кінуўся да яе, усё яшчэ хаваючы кінжал, каб ён не перашкодзіў мне ўдарыць яе ў бок пад грудзьмі. Я выбраў гэтае месца з самага пачатку. У тую хвіліну, як я кінуўся да яе, ён убачыў, і, чаго я ніяк не чакаў ад яго, ён схапіў мяне за руку і крыкнуў:
— Апамятайцеся, што вы! Людзі!
Я вырваў руку і моўчкі кінуўся да яго. Ягоныя вочы сустрэліся з маімі, ён раптам пабялеў як палатно, да губ, вочы бліснулі неяк незвычайна, і, чаго я таксама ніяк не чакаў, ён шмыгнуў пад фартэпіяна, у дзверы. Я кінуўся быў за ім, але на левай руцэ маёй павіс цяжар. Гэта была яна. Я рвануўся. Яна яшчэ цяжэй павісла і не выпускала. Нечаканая гэта перашкода, цяжар, і яе агідны для мяне дотык яшчэ болей распалілі мяне. Я адчуваў, што выгляд у мяне, як у вар’ята, страшны, і радаваўся гэтаму. Я размахнуўся з усяе сілы леваю рукою і локцем выцяў яе ў самы твар. Яна закрычала і выпусціла маю руку. Я хацеў бегчы за ім, але ўспомніў, што было б смешна бегчы ў панчохах за палюбоўнікам сваёй жонкі, а я не хацеў выглядаць смешна, я хацеў быць страшным. Нягледзячы на страшэнную раз’юшанасць, якая мяне апанавала, я памятаў увесь час, якое ўражанне я пакідаю на іншых, і нават гэтае ўражанне часткова кіравала мною. Я павярнуўся да яе. Яна павалілася на кушэтку і, схапіўшы рукою за выцятыя мною вочы, пазірала на мяне. На яе твары быў страх і нянавісць да мяне, да ворага, як у пацука, калі падымаюць пастку, у якую ён трапіў. Я ва ўсякім разе нічога не бачыў у ёй, апрача гэтага страху і нянавісці да мяне. Гэта быў той самы страх і нянавісць да мяне, якія павінна было выклікаць каханне да іншага. Але яшчэ я, можа б, стрымаў сябе і не зрабіў бы таго, што я зрабіў, каб яна маўчала. Але яна раптам пачала гаварыць і хапаць мяне рукой за руку з кінжалам.
— Апамятайся! Што ты? Што з табою? Нічога няма, нічога, нічога... Клянуся!
Я яшчэ і памарудзіў бы, але гэтыя апошнія словы яе, па якіх я зрабіў вывад зусім адваротны, гэта значыць, што ўсё было, выклікалі адказ. I адказ павінен быў быць адпаведны таму настрою, у якім я знаходзіўся, які ўсё crescendo [ 8 8 нарастаў (італ.).
] і павінен быў далей гэтак жа павышацца. У шаленства ёсць таксама свае законы.
— Не хлусі, нягодніца! — загаласіў я і леваю рукою схапіў яе за руку, але яна вырвалася. Тады я ўсё ж, не выпускаючы кінжала, схапіў яе леваю рукою за горла, паваліў дагары і стаў душыць. Якая цвёрдая шыя была... Яна ўхапілася абедзвюма рукамі за мае рукі, аддзіраючы іх ад горла, а я, нібы гэтага і чакаў, з усяе сілы ўдарыў яе кінжалам у левы бок, ніжэй рабрын.
Читать дальше