— Існуюць. Але чаму яны існуюць? Яны існавалі і існуюць у тых людзей, якія ў шлюбе бачаць штось таямнічае, таінства, якое абавязвае перад богам. У тых яны існуюць, а ў нас іх няма. У нас людзі жэняцца і не бачаць у шлюбе нічога, апрача савакуплення, і атрымліваецца ці ашуканства, ці гвалт. Калі ашуканства, дык гэта лягчэй церпіцца. Муж з жонкаю толькі ўводзяць у зман людзей, нібыта яны ў аднашлюбнасці, а жывуць у мнагажэнстве і ў мнагамужжы. Гэта брыдка, але яшчэ нічога; але калі, як гэта часцей за ўсё бывае, муж і жонка ўзялі на сябе знешняе абавязацельства жыць разам усё жыццё, а ўжо праз месяц ненавідзяць адно аднаго, хочуць разысціся і ўсё ж жывуць, тады гэта ўжо тое страшнае пекла, у якім співаюцца, страляюцца, забіваюць і атручваюць сябе і адно аднаго,— гаварыў ён усё шпарчэй, не даючы нікому ўставіць слова і ўсё больш распаляючыся. Усе маўчалі. Было няёмка.
— Так, несумненна, бываюць крытычныя эпізоды ў шлюбным жыцці,— сказаў адвакат, жадаючы спыніць непрыстойна гарачую размову.
— Вы, як бачу я, пазналі мяне? — ціха і як быццам спакойна сказаў сівы пан.
— Не, я не маю гонару.
— Гонар невялікі. Я Познышаў, той, з якім здарыўся той самы крытычны эпізод, на які вы намякаеце, той эпізод, што ён жонку забіў,— сказаў ён, таропка аглядаючы кожнага з нас.
Ніхто не ведаў, што сказаць, і ўсе маўчалі.
— Ну, усё роўна,— сказаў ён, абзываючыся сваім гукам.— Зрэшты, прабачце! А!.. не буду турбаваць вас.
— Ды што там, даруйце...— сам не ведаючы, што «даруйце», сказаў адвакат.
Але Познышаў, не слухаючы яго, хуценька павярнуўся і пайшоў на сваё месца. Пан з кабетаю шапталіся. Я сядзеў побач з Познышавым і маўчаў, бо не ведаў, што сказаць. Чытаць было цёмна, і таму я заплюшчыў вочы і прыкінуўся, што хачу заснуць. Гэтак мы і праехалі моўчкі да наступнае станцыі.
На станцыі гэты пан з кабетаю перайшлі ў суседні вагон, аб чым яны яшчэ раней дамовіліся з кандуктарам. Прыказчык уладкаваўся на лавачцы і заснуў. Познышаў усё курыў і піў загатаваны яшчэ на той станцыі чай.
Калі я расплюшчыў вочы і зірнуў на яго, ён раптам з рашучым і злосным выглядам звярнуўся да мяне:
— Вам, можа, непрыемна сядзець са мною, бо вы ведаеце, хто я? Тады я пайду.
— Не, не, даруйце.
— Ну, тады можа хочаце? Толькі моцны.— Ён наліў мне чаю.
— Яны гавораць... I ўсё хлусяць...— сказаў ён.
— Вы гэта пра што? — спытаў я.
— Ды ўсё пра тое ж: пра каханне іхняе і пра тое, што гэта такое. Вы не хочаце спаць?
— Зусім не хачу.
— Калі хочаце, я вам раскажу, як мяне гэтае каханне прывяло да таго, што са мною было.
— Так, калі вам не цяжка.
— Не, мне цяжка маўчаць. Піце ж чай. Ці задужа моцны?
Чай сапраўды быў як піва, але я выпіў шклянку. У гэты час паказаўся кандуктар. Ён правёў яго моўчкі злоснымі вачыма і пачаў толькі тады, калі той пайшоў.
— Ну, дык я раскажу вам... Але вы сапраўды хочаце?
Я паўтарыў, што вельмі хачу. Ён памаўчаў, пацёр рукамі твар і пачаў:
— Калі расказваць, то трэба расказаць усё ад пачатку: трэба расказаць, як і чаго я ажаніўся і які я быў да жаніцьбы.
Жыў я да жаніцьбы, як жывуць усе, гэта значыць, у нашым асяроддзі. Я памешчык і кандыдат універсітэта і быў маршалкам. Жыў да жаніцьбы, як усе жывуць, гэта значыць, распусна, і, як усе людзі нашага асяроддзя, жывучы распусна, быў упэўнены, што я жыву як трэба. Пра сябе я думаў, што я мілёнак, што я зусім маральны чалавек. Я не быў спакуснік, не меў ненатуральных густаў, не рабіў з гэтага галоўнай мэты жыцця, як гэта рабілі многія мае равеснікі, а аддаваўся распусце паважна, прыстойна, для здароўя. Я пазбягаў тых жанчын, якія нараджэннем дзіцяці або прыхільнасцю маглі б звязаць мяне. Зрэшты, магчыма і дзеці былі і прыхільнасць была, але я рабіў, як быццам іх не было. I вось гэта я лічыў не толькі маральным, але я ганарыўся гэтым.
Ён спыніўся, азваўся сваім гукам, як ён рабіў заўсёды, калі да яго прыходзіла, відаць, новая думка.
— А ў гэтым якраз галоўная поскудзь,— выгукнуў ён.— Распуста ж не ў чымсьці фізічным, бо ніякая агіднасць фізічная не распуста; а распуста, сапраўдная распуста менавіта ў вызваленні сябе ад маральных адносін да жанчыны, з якою ўваходзіш у фізічную сувязь. А гэта вызваленне я і ставіў сабе ў заслугу. Памятаю, як я пакутаваў аднойчы, калі не паспеў заплаціць жанчыне, якая, відаць, пакахаўшы мяне, аддалася мне. Я супакоіўся толькі тады, калі паслаў ёй грошы і гэтым паказаў, што я маральна нічым не лічу сябе звязаным з ёю. Вы не ківайце галавою, як быццам вы згодны са мною,— раптам крыкнуў ён на мяне.— Я ведаю гэтую штуку. Вы ўсе, і вы, вы, у лепшым выпадку, калі вы не рэдкае выключэнне, вы тых жа поглядаў, якіх і я быў. Але ўсё роўна, вы даруйце мне,— гаварыў ён далей,— справа ж у тым, што гэта жахліва, жахліва, жахліва!
Читать дальше