...хворага вылечыць... — Старажытнагрэцкая медыцына лічыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў і чытанне прыемных (у тым ліку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сілы.
Кніга першая
Мітылена (цяперашняя назва Мітыліні) — галоўны горад на ўсходнім узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай імперыі меў важнае значэнне.
...прыблізна за стадыяў дзвесце... — гэта эначыць каля 3,8 кіламетра (стадый — мера даўжыні, прыкладна роўная 192 м).
Дафніс — паводле позняй грэцкай міфалогіі — сын Гермеса і німфы; абагоўлены пасля свае смерці; апякун сіцылійскіх пастухоў, заснавальнік старажытнагрэцкай пастушынай ідылічнай паэзіі.
...ахвярныя дары даўнешых пастухоў — Пакідаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалі німфам і Пану свае даёнкі, пастуховыя кіі, торбы, сірынгі. У ахвяру багам клалі таксама і рэчы памерлых пастухоў.
Хлоя — у антычнай міфалогіі эпітэт багіні пладароднай зямлі Дэметры. Пастушыным імя лічылася, відаць, таму, што па-грэцку «хлоэ» значыць «маладая зеляніна, зялёныя пасынкі, маладыя атожылкі».
...яго імя было ім невядомае... — сведчанне, што гэта былі простыя, не вельмі адукаваныя людзі.
Вакханкі — удзельніцы містэрый бога віна і весялосці Дыяніса-Вакха. Культ Дыяніса быў звязаны з п'янымі гульбішчамі (вакханаліямі) і экстатычнымі оргіямі. У мастацтве вакханак паказвалі паўраздзетымі, з накінутаю на плечы ці на паясніцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увітым вінаградам, у руках.
...а ён казапас... — Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль і адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалі тыя, што пасвілі кароў і быкоў — валапасы, другое — тыя, што пасвілі авечак, трэцяе — казапасы.
Дзеўс — вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў і людзей, бог неба, грому і маланкі. Быў сынам тытана Кронаса, які з'ядаў сваіх дзяцей. Паводле міфа, Дзеўсава маці Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Ідзе, — там німфы выкармілі яго малаком казы Алматэі.
Безбароды я, але такі і Дыяніс... — Антычнае мастацтва паказвала Дыяніса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.
Сатыры — лясныя казланогія боствы, з вострымі вушамі і конскімі хвастамі. Вясёлыя, памаўзлівыя, яны суправаджалі Дыяніса.
...яны кідалі адно ў аднаго яблыкі... — яблык быў сімвалам кахання. Кідаць яблык на грудзі — значыла прызнавацца ў каханні.
...спявала пра Пана і Пітыс... — Пан закахаўся ў німфу Пітыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скінуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка — дрэва, прысвечанае Пану («пітыс» — па-грэцку і значыць «хвойка»).
Тырыйскія піраты — марскія разбойнікі з горада Тыра ў Фінікіі; яшчэ з часоў Гамеравай «Адысеі» наводзілі жах на мараходаў у Эгейскім моры.
...на лёгкім карыйскім судне... — Жыхары Карыі — прыбярэжнай часткі на поўдні Малой Азіі — славіліся карабельным будаўніцтвам.
...каб іх за варвараў не палічылі... — Варварамі грэкі называлі ўсіх негрэкаў, чужаземцаў, што не ўмеюць гаварыць па-грэцку. У іх гэта слова не мела адмоўнага значэння, як у наш час.
...дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю... — Піраты былі адначасова і гандлярамі рабоў.
Лускаватыя паўпанцыры — падпанцыры з металічнай лускі.
Накаленнікі — часцей за ўсё металічныя, закрывалі пярэдні бок нагі.
...многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду». — Вядомымі «Басфорамі» («валовымі брадамі») былі, напрыклад, пралівы між Чорным морам і Мармуровым і між Чорным і Азоўскім.
...Хлоя купае Дафніса... — Удзельнікі пахавання абавязкова пасля мыліся, каб ачысціцца ад дакранання да нябожчыка.
Кніга другая
Націсь — прылада для выціскання соку, звычайна каменная (або драўляная) з адтокам. Некалькі чалавек, трымаючыся за адпаведны шост або прыробленыя да яго петлі ці кольцы пад музыку і спевы — каб спарней працавалася — тапталі нагамі прынесены ў кашах спелы вінаград. Сок пасля пералівалі, як апісваецца тут у Лонга, у драўляныя бочкі, якія ўкопвалі ў зямлю (апроч бочак ужывалі і вялікія гліняныя збаны або мяхі). Бочкі з сярэдзіны і звонку былі пакрытыя смалою. Прастаяўшы з восені да вясны, пры частым памешванні, ачышчэнні ад шумавіння, віно, як усякае натуральнае, мела прыкладна 13 градусаў. П'ючы, грэкі яго разводзілі вадою ў прапорцыі дзве часткі віна на тры часткі вады, але часам і не прытрымліваліся гэтага ў залежнасці ад гатунку віна і трываласці бяседнікаў. Рабам прызначалася віно паўторна выціснутае — з вінаградных жамерынаў.
Читать дальше