Мэліі — німфы, якія нарадзіліся з зямлі, акропленай крывёю Ўрана.
Дрыяды — драўляныя, г.зн. лясныя німфы.
Гэлеі — балотныя німфы.
...дбае іншы бог... — гэта значыць Эрас.
Драхма — «жменя», старажытнагрэцкая мера вагі (4,366 г) і сярэбраная манета. Такія грошы — тры тысячы драхмаў — рабілі адразу Дрыяса заможным.
...выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе... — Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулі па калоссі (грэкі зжыналі толькі каласы, салома аставалася на полі і ішла на ўгнаенне — яе спальвалі) драўляныя дошкі даўжынёю два з палавінай метры з замацаванымі знізу жалезнымі зубамі ці вострым каменнем. Часам паганяты сам станавіўся на дошкі, каб абцяжарыць іх. Пустое калоссе адкідвалася віламі з трыма зубамі, пасля чаго збожжа веялі на ветры драўлянымі шуфлікамі накшталт вясла (сіты ўжываліся рэдка).
Горы — багіні пораў года, яснага надвор'я, ураджаю, юнацтва і красы; спадарожніцы багоў, пераважна Афрадыты.
Афрадыта — багіня кахання і красы, маці бога кахання Эраса. Паводле адной версіі міфа, дачка Дзеўса і Дыёна, паводле другой — нарадзілася з марскіх хваль і зефірам пасля была перанесена на выспу Кіпр (адсюль яе эпітэт Кіпрыда). Платон адрозніваў Афрадыту Ўранію (Нябесную) — увасабленне кахання і Афрадыту звычайную — увасабленне цялеснага, пажадлівага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню і кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калі Гефест даведаўся пра гэта ад Геліяса, бога сонца, ён расставіў сеткі, якія і схапілі каханкаў у чуллівай паставе. Скліканыя Гефестам на месцы злаўчынку багі выказалі, аднак, замест абурэння захапленне цудоўнаю параю.
Тут, у аповесці, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык — «яблык разладу» — трох багінь — Афрадыты, Геры і Афіны.
...той жа быў пастух авечак... — Парыс.
Кніга чацвертая
Плетр — адна шостая стадыя, г.зн. каля 31 м.
Ахвярнік у антычныя часы знаходзіўся не ў сярэдзіне капліцы, а перад ёю.
Семела. — Міфы пра Дыяніса расказваюць, што ён нарадзіўся ад Дзеўса і яго каханкі Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсціць Семеле, прыняла выгляд яе карміліцы і ўзбудзіла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасіла Дзеўса, каб ён з'явіўся перад ёю ва ўсёй боскай велічы з громам і маланкамі. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымі перуноў, і смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Паміраючы, яна заўчасна нарадзіла Дыяніса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калі надышла пара, пусціў яго на свет.
Арыядна — дачка крыцкага цара Мінаса, якая дапамагала Тэсею забіць страшыдла Мінатаўра; яму афіняне мусілі пасылаць штогод ганебную даніну — сем хлопцаў і сем дзяўчат. Яна дала каханаму клубочак нітак, які і вывеў Тэсея з лабірынта, дзе жыў Мінатаўр і адкуль ніхто дагатуль з-за дзіўна заблытаных калідораў не мог знайсці выйсця (адсюль выраз «нітка Арыядны»). Тэсей пасля ўцёк з каханай на выспу Наксас, дзе пакінуў яе, калі яна спала. Там яе знайшоў Дыяніс і ажаніўся з ёю.
Лікург — фракійскі цар, які забараняў святкаванне вакханалій. Разгневаны Дыяніс зняволіў яго ў пячоры.
Пентэй — малады фіванскі цар, які таксама выступаў супраць вакханалій. Дыяніс за гэта пазбавіў розуму яго маці, і тая, прыняўшы свайго сына за дзікага звера, разам з яго сёстрамі і іншымі вакханкамі разарвала яго.
...пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў... — Паводле міфаў, Дыяніс, ідучы на Ўсход, пакарыў Індыю. Маракоў-піратаў, якія хацелі схапіць і прадаць у няволю Дыяніса, што пад выглядам прыгожага дзецюка пераплываў з імі на караблі праз Эгейскае мора, ён абярнуў у дэльфінаў. Тырэнія, ці Этрурыя — вобласць у Італіі.
Эўдрам — грэцкае імя, якое можна перакласці: «хуткі ў бегу».
Марсій — сатыр, які, знайшоўшы кінутую Афінаю флейту, адважыўся спаборнічаць у ігры з Апалонам, але быў пераможаны. Абражаны Апалон садраў з яго скуру і павесіў у пячоры. Гэтая скура нібы трымцела з радасці, калі ігралі на флейце.
Парасіт — прафесійны нахлебнік. Ці не каля кожнай багатай сям'і ўвіваўся такі дзяньгуб, які, забаўляючы гаспадара, жыў на яго кошт.
...духмянае лесбаскае віно... — Лесбаскае віно славілася сваім водарам і слодыччу.
Дэметра — дачка Крона і Рэі, багіня-апякунка земляробаў; у мастацтве яе паказвалі са снапом у руках, ёй прысвячалася свята ўраджаю.
Читать дальше