25.Калі ён яшчэ так казаў, Дафніс ускочыў і прамовіў: «Акурат у час ты мне напомніў, бацька. Пайду паганю маіх коз на вадапой. Цяпер пэўна чакаюць яны, сасмяглыя, маёй сірынгі, а я тут сяджу». Усе ад душы засмяяліся, што ён, стаўшы ўладаром, яшчэ хоча быць казапасам. І паслалі некага іншага падбаць пра коз, самі ж, прынёсшы ахвяру Дзеўсу-збаўцу, наладзілі ўсім банкет. Толькі Гнатана не было на банкеце, поўны страху, ён цалюткія дзень і ноч хаваўся ў капліцы Дыяніса як чалавек, што просіць літасці.
Хутка дайшла да ўсіх вестка, што Дыянісафан знайшоў сына і што Дафніс-казапас — уладальнік гэтых мясцін, і з самага ранку з усіх бакоў пачалі збягацца людзі, каб разам парадавацца з дзецюком ды прынесці дарункі бацьку; сярод іх першы быў Дрыяс, Хлоін апякун.
26.Дыянісафан папрасіў усіх іх астацца, каб яны, выказаўшы радасць, узялі ўдзел у свяце з гэтай нагоды. Было падрыхтавана шмат віна, горы пшанічнага хлеба, балотнай птушкі, малочных парасят, рознага печыва на мёдзе; зарэзана шмат ахвярнай жывёлы мясцовым багам.
Тут і Дафніс сабраў увесь свой пастухоўскі скарб і падзяліў у ахвяру багам. Дыянісу ахвяраваў пастуховую торбу і шкуру, Пану — сірынгу і папярочную флейту; пастуховы кій — німфам, і яшчэ даёнкі, што сам змайстраваў. Але звычнае да таго мілейшае, чым неспадзяванае шчасце, што Дафніс аплакваў кожную з гэтых рэчаў, з якою развітваўся; і не прысвяціў даёнкі, перш чым не падаіў яшчэ раз коз, і шкуры — перш чым не адзеў яе, і сірынгі — перш чым не пайграў на ёй; і кожную рэч асобна ён пацалаваў і пагаварыў з козамі і кожнага казла на імя назваў; і напіўся з крыніцы, як гэта не раз рабіў разам з Хлояй. Але ў каханні сваім яшчэ не прызнаўся, чакаючы лепшага часу.
27.Калі Дафніс быў заняты ахвярамі, вось што адбылося з Хлояй. Яна сядзела, плачучы, сваю чараду пасучы, і натуральна, як водзіцца, казала: «Забыў мяне Дафніс. Ён марыць пра багатых нарачоных. Навошта я загадала яму паклясціся замест німфаў козамі? Ён пакінуў іх гэтак жа, як і Хлою. Нават калі ён прыносіў ахвяры німфам і Пану, не захацеў убачыць Хлоі. Відаць, знайшоў у свае мацеры прыгажэйшых служанак, чым я. Будзь шчаслівы! Але я жыць не буду».
28.Калі яна так казала, так раздумвала, валапас Лампіс з кучкаю сялян напаў на яе і выкраў, упэўнены, што Дафніс ужо не ажэніцца з ёю, а Дрыяс будзе рады яму. Яны цягнулі яе, а яна жаласна крычала; хтось, хто бачыў гэта, даў знаць Напэ, а тая Дрыясу, а Дрыяс Дафнісу. Той быў сам не свой, не адважваючыся сказаць пра гэта бацьку і не могучы вынесці болю, пабег у сад і там енчыў і казаў: «О бяда, што мяне пазналі! Як добра было б мне пасвіць чараду! Які шчаслівейшы я быў рабом! Тады бачыў я Хлою, тады...*, а цяпер Лампіс выкраў яе і ўцякае, а надыдзе ноч — ён з ёю спаць будзе. Я ж п'ю і раскашуюся і дарэмна кляўся Панам, козамі і німфамі».
* Тэкст у рукапісе папсаваны.
29.Гэтыя Дафнісавы словы пачуў Гнатан, які хаваўся ў садзе; і ён, зразумеўшы, што гэта найлепшая часіна памірыцца з ім, узяў з сабою некалькі маладых хлопцаў Астыла і кінуўся да Дрыяса. Ён загадаў яму паказаць дарогу да Лампісавага двара і бягом ірвануўся туды; ён заспеў яго якраз тады, калі той цягнуў Хлою ў свой дом, вырваў яе з яго рук і добра аддубасіў яго памагатых — сялян. Ён хацеў звязаць яшчэ Лампіса і адвезці яго як палоннага, але той паспеў раней уцячы. Зрабіўшы гэта, Гнатан з надыходам ночы вярнуўся. Дыянісафан ужо спаў, а Дафніс без сну ўсё яшчэ плакаў у садзе. Ён прыводзіць да яго Хлою, аддае яе і расказвае ўсё; і просіць яго не помніць ліха, і прыняць яго як карыснага раба, і не пазбаўляць стала, без якога ён памрэ з голаду. Дафніс, убачыўшы Хлою і трымаючы яе ў сваіх руках, прымірыўся з ім як з новым сваім дабрачынцам, а Хлою папрасіў дараваць яму, што ён так доўга не парупіўся пра яе.
30.Параіўшыся між сабою, яны вырашылі пра вяселле пакуль што ўтаіць, а Хлою схаваць і адкрыць сваё каханне толькі мацеры. Але Дрыяс не згадзіўся, ён настойваў, каб сказаць бацьку, і абацаў, што яго ўгаворыць.
І як настаў дзень, ён, узяўшы ў пастуховую торбу прыкметныя знакі, пайшоў да Дыянісафана і Клеарысты, якія сядзелі ў садзе, — каля іх былі Астыл і Дафніс — і калі ўсе замоўклі, ён пачаў казаць: «Такая самая неабходнасць, што і Ламана, вымушае мяне гаварыць пра тое, што дасюль было таямніцаю. Гэтую Хлою не я на свет пусціў, не я карміў, а іншыя яе нарадзілі, і калі яна ў пячоры німфаў ляжала, яе авечка карміла. Гэта я сам убачыў, а ўбачыўшы, здзівіўся, а здзівіўшыся, выгадаваў. Пра гэта сведчыць і яе краса, бо яна ані да нас не падобная; пра гэта сведчаць і прыкметныя знакі, занадта дарагія для пастухоў. Паглядзіце, крэўных дзяўчыны знайдзіце і тады ўбачыце, ці яна годная Дафніса».
Читать дальше