15. Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, і загадала Дафнісу, каб зайграў сваім козам, як гэта ён звычайна робіць, і паабяцала за ігру хітон, хламіду і сандалі. Ён пасадзіў іх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сірынгу і найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталі і паднялі галавы. Пасля ён зайграў «на пашу»: і козы пасвіліся, апусціўшы ўніз галовы; далей ён выдаў мяккія тоны: козы, сабраўшыся, паляглі. І вось зайграў пранізлівы напеў: козы, нібы да іх набліжаўся воўк, уцяклі ў лес. Праз хвіліну ён выдаў поклічны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збегліся каля яго ног. Ніколі не ўбачыш рабоў, каб яны так слухаліся гаспадара. Усе дзіву даліся, а больш за ўсіх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункі пастуху — прыгажуну і да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селі снедаць і Дафнісу таксама са свае яды паслалі.
Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскія стравы, і быў у добрай надзеі выпрасіць у гаспадара дазвол на шлюб.
16. А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамі, толькі яшчэ больш распаліўся пажадлівасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калі не даможацца Дафніса. Прыпільнаваўшы, калі Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў капліцу Дыяніса і пачаў цалаваць яму ногі і рукі. Калі Астыл запытаўся, навошта ён гэта робіць, і загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: «Гіне твой Гнатан, о ўладару! Ён, які дагэтуль толькі твой стол любіў; ён, які некалі кляўся, што няма нічога лепшага за старое віно, ён, хто цаніў тваіх кухараў вышэй за ўсіх мітыленскіх дзецюкоў, цяпер толькі Дафніса ўважае прыгожым. Я не адведаю ніводнай дарагой стравы, хоць бы колькі ні рыхтавалі кожнага дня мяса, ці рыбы, ці мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабіўшыся казою, еў бы траву, лісце, слухаючы Дафнісаву сірынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана і адолей неадольнага Эраса. Калі ж не, то, клянуся табе маім богам, узяўшы нож і напоўніўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнісавымі дзвярыма: ты ніколі больш не назавеш мяне сваім Гнатонікам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць».
17. Тут ён так заплакаў і зноў пачаў цалаваць ногі дзецюку, які быў і велікадушны і не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму і не мог адмовіць і паабяцаў у свайго бацькі выпрасіць Дафніса і ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. І каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасміхаючыся, спытаўся ў яго, ці не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына і так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; і пры гэтым зрабіў міну, што яго гідзіць казліны смурод. Але Гнатан, які ў застоллях распуснікаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасці сказаў пра сябе і пра Дафніса: «Ніводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзіць: у якой бы постаці ён ні знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзін кахае расліну, раку, дзікага звера. А, між іншым, хто не паспагадае закаханаму, які мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу — вольнага. Ці бачыш, як гіяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блішчаць, як дарагі камень у залатой аправе? Твар яго поўніцца румянцам, рот — зубамі бялюткімі, як слановая косць: які закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункі? Калі я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхіс, а яго мела Афрадыта; козы пасвіў Бранх, а яго любіў Апалон; аўчаром быў Ганімед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога і козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы і бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлі такой красе».
18.Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.
Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».
Читать дальше