Я буду невымоўна рад атрымаць ад цябе радаснае разумнай радасцю, спакойнае вялікім спакоем пісьмо.
Цалую цябе па-брацку.
Якуб Каптур".
Андрэй сядзеў, звесiўшы рукi з Каптуравым пiсьмом памiж каленяў, i няўлоўна ўсмiхаўся. Ён вельмi любiў гэтага чалавека, але так, як сёння, — нiколi. Вельмi шкада, што давядзецца засмуцiць яго, зрабiць яму балюча, ды яшчэ як. Ён харошы, у яго моцная рука, ён такi грубавата-разумны i дасцiпны.
Але ён не бачыў марозных пальмаў тады, на шыбах… Добры чалавек. Добры да добрых, злы да злых. Сапраўдны чалавек. Гэты не даруе. Таму, што сам і ў цяжэйшых выпадках заўсёды трымаў сябе мужам…
Шкада, што Якуб, пэўна, плюне, даведаўшыся аб усім, назаве яго, Андрэя, бабскай спадніцай і дурнем, а яе, пэўна, сцервай або яшчэ горш.
Да слёз шкада Каптура. Памятаў, думаў аб ім. I Андрэю раптам так захацелася пабачыць Яніса. Ну што будзе, калі ён, Андрэй, паглядзіць на яго яшчэ пяць хвілін? Апошніх. Яніс не зачыняе дзвярэй таксама. Андрэй паглядзіць на яго, спячага, а потым пойдзе насустрач лёсу. Яніс жа таксама, як і Каптур, думаў аб ім і тужыў яго болем.
…Ён асцярожна зачыніў за сабою дзверы Янісавага пакоя і спыніўся ў нагах яго ложка.
Вулічнае святло давала разгледзець амаль усё ў пакоі. Яніс спаў на спіне, высока закінуўшы нейкі адразу змужнелы, нават састарэлы твар з высокім лобам. Андрэй глядзеў на яго, адчуваючы ў сэрцы амаль фізічны боль. Ніколі яшчэ ні да каго не было ў гэтым сэрцы такой пяшчоты, як сёння да Яніса і Каптура. Любыя, мужныя людзі. Сябры.
Горад за вокнамі спаў мёртвым сном, і стаяла такая цішыня, што Андрэй чуў удары ўласнага сэрца.
I раптам цішыню разарваў гартанны, нясцерпна балесны гук. Спачатку Андрэй падумаў, што гэты гук вырваўся з яго горла, але гук паўтарыўся, і Грынкевіч зразумеў, што гэта вырвалася з Янісавых вуснаў. Што ён сніў? У гэтым сухім мужчынскім стогне быў такі боль і безнадзейнасць, што сэрца Андрэя перавярнулася. Як ён, Андрэй, мог думаць толькі пра сябе, радавацца, што праз гадзіну яго боль скончыцца назаўсёды і наступіць шчаснае забыццё? Як мог не думаць, што нанясе другу яшчэ адзін удар? Як мог пакінуць яго аднаго?
Андрэй сеў на ложак да спячага, паклаў рукі яму на плечы.
— Янка, бедны мой Янка! Што з табою?
Яніс адкрыў вочы і нават не здзівіўся, пабачыўшы, Андрэя. Ён закрыў вочы далонню і голасам, у якім упершыню пачулася слабасць, сказаў:
— Не магу. Не магу за сябе. Не магу за цябе.
— Ну што ты хочаш?
— Не выходзь, Андрэй! Мне страшна аднаму.
— Хочаш, каб я пачытаў табе нешта? Хочаш казкі Скалбе?
— Не, — сказаў Яніс, — пачытай лепей сваю казку,
— Добра. Я зараз.
Казак у Андрэя не было. Ён зайшоў у свой пакой, узяў першае, што трапілася пад руку, — гэта быў ліст да Горавай, — і пайшоў да друга. Нічога, абы трымаць нешта ў руках. Казку ён будзе прыдумваць тут, адразу на месцы.
…Прайшла палова гадзіны, і «казка» набліжалася да канца. Вельмі цьмянае святло начной лямпы падала на ліст, які Андрэй трымаў у руцэ, на яго дурныя, далёкія словы. А ў цемры, непадалёк, суха блішчалі вочы Яніса.
— Мятлушка пакінула яго, — чытаў Андрэй. — А ён з-за яе сышоў з дарогі смелых, застаўся ў гэтай прыгожай, але соннай краіне, дзе нават птушкі спалі ў той час, калі ім трэба спяваць. Іржа патрушчыла яго меч, а ў сэрцы звіла гняздо боязь жыцця. I вось яна, завабіўшы, нанесла апошні ўдар, і ён пачаў клікаць смерць. Яна здавалася яму такой прывабнай, поўнай такога спакою. Абы ад дрыжачых мужчын і хлуслівых жанчын. Абы ад тугі да канца, што ідзе пасля здрады кахання.
Ён клікаў яе. Яна здавалася яму, як сонца і зоры, як цёплае мора, як ветрык, што гамоніць з майскай лістотай. Яна была, як разлівы крыніц за мяжою пустынь і як праўда пасля шматвяковай хлусні.
… - I багіня кахання злітавалася. Ідзі, сказала яна, я зноў даю табе памяць аб шляхах, і аб смеласці, і аб бразгаце мяча ў праведнай бітве, калі барвяныя харугвы лунаюць над галавой. I аб марах, вада якіх салоная і бурхлівая, як кроў смелых. Я ўсё даю табе, толькі не кліч смерць, бо мы жывём не для сябе, а для тых, каго любім, і таму не маем права пайсці ад іх, нават калі нясцерпна стае жыць. Чалавек народжаны для бітвы і мае права памерці толькі ў бітве. I кожны воін павінен думаць, што ён, як апошняя надзея гарадоў і вёсак за яго плячыма, што ён, як апошняя песня роднай зямлі. I ён павінен змагацца нават тады, калі ніхто больш не хоча змагацца, адзін супраць усіх. Павінен надарвацца, легчы на парозе, як Рэйтан. I калі сэрца рвецца ад болю — хай апошнім яно рвецца ў яго. Што ў хлуслівых жаночых словах, што ў гэтай маленькай жанчыне, хай нават яна — Мятлушка, калі вялікая Жанчына стаіць у кожнага за спіной?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу