III. СТРАШНЫ СУД
Якiя страшныя, шэрыя днi!
Апоўдзень — вячэрнi змрок.
Без цябе, без сонца, без цеплыні.
Ў сэрцы — боль, на вуснах — замок.
Імжэў у чацвер халодны дождж.
Я ў ложак лёг і памёр.
Праляцеў праз туман, праляцеў праз буран
I пабачыў ільдзінкі зор.
Мае павекі цяжкімі былі
Ад непралітых слёз.
За мною былі абшары зямлі.
Наперадзе — быў Хрыстос.
I д'ябал сядзеў ля ног яго
На вугалях залатых,
I на ляжках калматых ляжала ў яго
Кніга грахоў маіх.
Уладзiмiр злева стаяў у карзне,
Справа — мацi Хрыста,
I яны загадалi наблiзiцца мне.
I я перад тронам стаў.
Памiж богам i мною стаяла сцяна.
Я на жанчыну глядзеў,
Мне здавалася: гэта стаiць яна,
Лепшая з лепшых людзей.
— Любая, што вы са мною зрабiлi?
Чым асудзiлi на страшны канец?
Чым варажылi, чым апаiлi,
Чым, дарагая, забiлi мяне?
Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
Вашы сляды на лiловым снягу.
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
Думаў, што ёсць забыццё у смерцi,
I зноў папаў у квітучы твой сад.
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі майго сэрца
Чырвоны гранат.
— Досыць, — з усмешкай сказаў Сатана, —
Ты не змянiўся, герой.
Замест таго каб малiць i стагнаць,
Ты ўпадаеш за жонкай чужой.
Занядбаў ён, божа, твае дары,
Талент развеяў, як дым,
Ён гарэлку піў, ён кахаў і курыў,
Брыдка лаяўся ў доме тваiм.
Воласа не аддаў за багоў,
Нюхаў дно ў бакалах, як Ной,
I нават памёр ад кахання свайго
Да зямной жанчыны адной.
Ты даў зямлi дзiўных песняў сям'ю,
Ты арган стварыў для яе.
Ён мог грымець у славу тваю,
А славiў адну яе.
I ён самачынна арган паламаў,
I песня знiкла з мяхоў,
I ў кнiзе чыстага месца няма
Ад яго бясконцых грахоў.
— А ён малайчына, — Ўладзiмiр сказаў, —
Любiць песню i сечы дым.
Гусляром бы яго я ў дружыну ўзяў, —
I стаў бы Царград маім.
— Я ведаю, — вымавiў рот Сатаны, —
Што ты баранiць яго рад.
Ты такi, як ён, ты — певень дурны,
Да крыжа меў трыста дзяўчат.
— З табой, Сатана, распраўлюся я,
Як мой дружыннік Ілья
Расправіўся з багамерзкай дачкой
Разбойніка Салаўя.
Выспятак суну табе пад зад,
I будзеш ведаць тады,
Што ўзялі маіх цёплых грэшных дзяўчат
У светлага рая сады.
— Панове, тут дама, — ўзмаліўся бог, —
Бярыце рот на замок.
А вы, маман, прыпадаю да ног,
Не рэгардэ ў той бок,
Як мне з такой камарыльяй жыць?
Лаюцца, бы ў піўной.
А ты… ты апошняе слова скажы,
Апраўдайся перада мной.
— Любая, што вы са мною зрабiлi?
Чым асудзiлi на страшны канец?
Чым варажылi, чым апаiлi,
Чым, дарагая, забiлi мяне?
Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу,
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
I адказ. Цішэй скрыпічнай струны.
Голас мацi Хрыста i маёй:
— Ён кахаў, і за гэта палову віны
Выкраслі з кнігі сваёй.
I душа яго была, як палі
Ў сонечнай майскай расе.
Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, —
Выкраслі віны усе.
Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.
Свет паклаў на каханай далонь.
Жанчына я і стаю за жанчын.
Кідай лісты у агонь.
А ты, што душы можаш будзіць,
Ты, шалёная галава,
Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,
Грашы, суцяшай, спявай.
Ёсць на свеце гор і лясоў краса,
Акіянаў сіняя соль.
— Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць.
Там боль!
— I тут будзе боль.
Забыцця ў каханні і смерць не дае…
— Там змрок!
— I тут будзе змрок.
— Там яна!
— А тут не будзе яе.
Ёй горка,
Вярнiся, дружок,
Помніш?
"Што вы са мною зрабiлi?
Чым асудзiлi на страшны канец?
Чым варажылi, чым апаiлi,
Чым, дарагая, забiлi мяне?
Трызнiцца ўсё мне лiловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу…"
— Досыць!
Хоць бы адну сустрэчу!
Ўваскрасiце!
Вярнiце!
Я не магу!
IV. ГОРАД I ЗАВУЛКІ
Зараддзе. Будоўля. Магутныя краны.
Электразваркі мёртвы агонь.
Звініць у свежых цагляных ранах
Перфаратараў гучная звонь.
Бураць дамы. Для кіно раскоша:
На руіне вісіць чыгунны ліхтар,
Пад нагамі разбіты латок кніганошы
I сарваная «выбухам» шыльда «Бар».
Раяль бутафорскі вісіць ца калоне
(Усё зрабілі, як на вайне),
I струны, як змеі Мядузы Гаргоны,
Свiсцяць на вятры i ловяць мяне.
Я ўваскрэс, але я гару, як салома,
На якую вецер іскру нагнаў.
Пажар у шэрым каменным доме:
Дым укрывае пляц Нагіна.
Крывы завулак.
Царква Варвары,
Ліпучы брук і вугальны дым.
Ва ўсіх дамоў непакояцца твары:.
"Чаму ён такі?
Што здарылася з ім?"
Завулкі, завулкі, завулкі змяяцца,
Усе падобныя, шэрыя ўсе,
I я падобны на лісцік акацыі,
Што вецер цяснінамі вуліц нясе.
Я хацеў бы рухаць пачварныя краны,
Класці цэглу.
А сам не магу стаяць.
Закон бы выдаць, каб закаханых
За сабатаж — без жалю страляць.
Людзі ў завулках, людзі ў кватэрах,
Людзі ў вокнах.
I ў гэтых людзей
Шчасце без меры i гора без меры,
Змрок безнадзейнасці, сонца надзей.
Інвалід бязногі спрытна і ўмела,
Падабраўшы раменьчыкам чуб з ілба,
Ладзіць абцасікі туфлікаў белых,
У якіх дзяўчына пойдзе на баль.
Флюгер — леў на баярскіх палатах —
У дзённым прысмерку цьмяна згас.
Плача дзяўчо за шклом аўтамата,
I трубка каркае ёй у адказ.
Я б не дазволіў, каб горкія слёзы
Проста да трубкі з вачэй цяклі.
Яны ж —
нават моцныя —
трошкі мімозы.
Iх трэба любiць на гэтай зямлi.
Каб мая жанчына мяне пакахала,
Я б не каркаў, як гэты прывык,
А здарыцца так, што слова сарвалася, —
З коранем выдраў бы свой язык.
Не пакахае.
Не можа.
Світанне
Не прынясе мне новых надзей.
Але ёсць яно,
Але ёсць каханне, —
I люблю я больш
Зямлю і людзей.
Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:
Толькі б шчасця болей яе сынам,
Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,
Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.
Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,
А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.
Толькі б мукі зямлі ў зямныя нетры
Разам з целам маім навек адышлі.
Толькi б душы свяшчэнным гарэлi знiчам…
I яшчэ адно,
I гэта канец:
Калі ты мяне ў бой за сябе паклічаш
I заглянеш пажарамі ў вочы мне, —
Я пайду на гэта з такім жаданнем
I з такою гарачаю верай зямной,
Як ляцеў у асенні дзень на спатканне
З жорсткай, светлай, добрай, харошай маёй.
Ўсіх Святых на Кулішках храм занядбаны
Поруч з плошчаю і тытунёвым латком.
Памалюся ў ім аб смяротнай ране
I аб мужнай славе перад канцом.
Аб трывожнай, крывавай, застрашлівай долі
Папрашу перад тым, як кiнуцца ў бой,
Перад страшным полем, смяротным полем,
Куліковым полем любові маёй.