Зноў палезлі па вінтавых сходах шукаць другі выхад. Сходы былі стромыя, і Грынкевіч, каб развеяць няёмкасць, сказаў завучу, якая ішла наперадзе, каб яна спакойна сабе падала, спадзеючыся на яго. Тая заявіла, што ў яе няма намеру быць гэткай легкаважнай.
I тады Андрэй пабачыў, яшчэ вышэй, вочы, якія смяяліся.
— Што вы, Галіна Іванаўна, няўжо вам было б непрыемна ўпасці ў абдоймы беларускай паэзіі?
Зарагаталі ўсе, а Андрэй у апраметную праваліўся б, абы не чуць такога.
I ўсё ж ён выдаў сябе, нягледзячы на няёмкасць. Мёртва чарнелі ў паўдзённым прысмерку кастрычніцкага дня дубы. Бетон, заліты ў іх дуплы, здаваўся белым і халодным, як лёд, быццам дрэвы заледзянелі да сэрца. Там-сям жаўцелі яшчэ на верхніх галінах скручаныя ў трубачку моцныя лісты. Але туман стаяў між дрэвамі, укрываў дробнай халоднай імжою сцябліны бадзякоў і варсінкі на шапачцы Ірыны. Выплыў з гэтага туману бярвенчаты домік Пятра, і адчыніліся дзверы, і людзі апынуліся ў пакоі з вузенькімі вокнамі. Тут змрок здаваўся яшчэ гусцейшым, таму што сцены былі чорныя, цвёрдыя ад куродыму, як косць.
I ў паўзмроку Андрэй убачыў яе вочы, удвая большыя, чым на самай справе.
Ён адчуў, што пайшоў бы з ёю нават у курную хату, цяжка карчаваў бы ляды, толькі каб вечарам ляжаць пад валакавым акенцам і пры святле лучыны ў лучніку глядзець, як яна прадзе. Усё было лепей, чым быць паэтам, але без яе.
Напэўна, на хвiлiну ён перастаў трымаць на твары маску абыякавасцi. А можа, вочы яго таксака былi ўдвая большыя i таму страшныя. Але ён убачыў, як шырылiся ў цемры яе зрэнкi, як злёгку адкiнулася назад, бы ад спалоху, яе галава i як адначасова ўся яе постаць пацягнулася да яго, нават злёгку дакрануўшыся плячом i потым зноў адхiлiўшыся.
Астатнія дзве гадзіны яна не жартавала. Глядзела кудысьці паўз яго, думаючы аб нечым, і маўчала. Маўчала і яшчэ некалькі дзён, часам кідаючы на Андрэя вельмі дапытлівыя і як быццам спалоханыя позіркі з-пад густых веек. Маўчала і потым. Маўчала, пэўна, цэлую вечнасць. Маўчала нават тады, калі ездзілі глядзець Круціцкае падвор'е, і Андрэй, асабліва расчулены, бо ведаў з рукапісу прабабкі, як любіў Круціцкі церамок той Гораў, здольны быў ледзь не плакаць ад замілавання, гледзячы на яе.
Ён паспрабаваў быў нават расказаць ёй, што будавалі церамок майстры і дойліды, вывезеныя з яго радзімы, з яго роднага Вострава, але яна сказала яму, нават з нейкай злосцю:
— I як гэта яны здолелі?
— Сам здзіўляюся, — спрамогся знайсці ў голасе іронію Андрэй.
Забіць сябе варта было за гэтыя словы! Трэба ж было бачыць, што злосць была толькі ў словах, а вочы былі звычайнымі вачыма лясной касулі, калі яна ідзе на саланчак, бо не можа іначай, ідзе, цвёрда ведаючы, што недзе тут сядзіць паляўнічы.
— Прабачце, — сказаў ён. — Я дорага даў бы, каб не сказаць апошніх слоў.
Гэта было яшчэ горш. Быццам чалавек гуляў у асаблівую высакароднасць. Але выпраўляцца не было калі, і ён ціха сказаў Ірыне:
— Вам не трэба гэтага. Нашто абражаць гэтую чырвоную цэглу, небывалыя купалы і гульбішчы? Вы лепшая за ўсё гэта, а хочаце здавацца горшай.
I дадаў:
— Вам ніхто не паверыць, Ірына Сяргееўна. У гэтым вам ніхто не паверыць. А я — першы. I вы дарэмна так з намі.
Яна змоўкла. I маўчала зноў усю дарогу, сядзела на першым ад яго сядзенні. Андрэй глядзеў на яе і зусім непадалёк бачыў яе валасы, скручаныя цяжкім вузлом, яе тонкія плечы і ўласцівую ёй, непаўторную сумную ўсмешку.
Гэтая ўсмешка згасала па меры таго, як усё гусцей абступалі вуліцу і грувасціліся адзін над адным цагляныя дамы, як усё мацнеў грукат трамваяў і ярасны спеў горада.
Яна згасала, і вусны цвёрда сціскаліся ў рашучай і халаднаватай складцы.
Ужо сыходзячы з аўтобуса, яна павярнулася да яго.
— Заходзьце дваццаць сёмага, у дванаццаць гадзін.
Потым яе маленькая рашучая постаць, усё змяншаючыся, звярнула ў завулак і згубілася ў шалёным віраванні натоўпу, у грукаце гарадскога дня.
…Усе днi да дваццаць сёмага Андрэй думаў, цi ўзяць яму да Горавай сваю паэму. Яна i падабалася яму i не падабалася. Гэта было лепей за бясхмарныя ранейшыя вершы, але здавалася яму бездапаможнай лухтой нават пры адным успамiне пра голас Iрыны, пра музыку i сэнс яе слоў.
Для каханай нельга складаць пасрэдныя вершы.
I ўсё ж ён узяў паэму з сабой. Перш за ўсё таму, што ведаў: гэта не будзе непрыемна ёй.
Калі ён ехаў на таксі, выгляд у яго быў такі, што зубастая баба-шафёр, высаджваючы яго, сказала:
— Катай, хлопча. У мяне рука лёгкая.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу