Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.
— Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.
Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскрамі заззяла ў яе валасах.
Але яшчэ больш заззялі яе вочы:
— Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла!
— Марыя, — пакутліва прамычаў Андрэй, — ну нашто ты так. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?
— Маўчы, — амаль вiскнула яна. — Хлусня ўсё.
Грынкевіч уздыхнуў.
— Як мне ўсё гэта абрыдла, — сказаў ён. — Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі..
— Добра, — сказала яна, — я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.
Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.
Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды думка аб шлюбе — лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, — трэба канчаць.
З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.
Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.
Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе зараз было горш за смерць.
I ён ірвануў дзверы.
У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.
Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:
— Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Якая нядобрасумленнасць. Сорам, і яшчэ раз сорам.
Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.
Андрэй усміхнуўся: ён любіў завуча.
— Прабачце, Галіна Іванаўна, — сказаў ён, — затрымалі абставіны.
— Ну вядома, Марыя Крат. Андрэйка, дзяўчаты цябе да дабра не давядуць.
I міжволі ўсміхнулася: зубы так і заззялі. Яна была вельмі цікаўлівая. I яна любіла Андрэя. Ён нагадваў ёй малодшага брата.
— Зусім мой Віктар. Такі самы хударлявы і такі самы расцяпа.
Зноў ссунула бровы:
— Марш, марш на лекцыю.
— Не злуйцеся. Дальбог, не буду, — сказаў Андрэй.
Усё яшчэ ўсміхаючыся — Галіна Іванаўна вярнула яму добры настрой, — ён прайшоў маленькім калідорам і адчыніў дзверы ў аўдыторыю.
У аўдыторыі было зусім цёмна. На сцяне, у светлым чатырохкутніку плаваў адбітак аднаго з рэльефаў Пергамскага алтара. Бойка багоў з тытанамі.
— Дазвольце прысутнічаць? — спытаў Андрэй.
— Калі ласка, — адказаў з цемры жаночы голас.
— Андрэй, сюды, — гукнуў голас Вайвадса.
Праходзячы на месца, Андрэй спаткнуўся аб провад, што змяiўся ў праходзе. Ледзь не ўпаў.
Вайвадс пасунуўся і даў яму месца.
— Ну як? — шэптам спытаў Андрэй.
— Думаў, не прыйдзеш… Слухай.
I вось з цемры загучаў голас.
— …і вы трапляеце ў самую сярэдзіну жахлівай, смяротнай сутычкі. Вы адразу пазбаўляецеся слыху, аглушаныя выццём, ровам, скрыгатам. Вы адчуваеце нават пах потных цел. Дзеці Геі-зямлі — волаты і багі (таксама дзеці Геі) пачалі біцца. I малодшыя перамаглі старэйшых. Хутка такі самы лёс чакаў і Афіны. Але нават і ў загібелі сваёй дух Афін быў прыўкрасным.
Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.
Зноў загучаў голас жанчыны.
— У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе — загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: "Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады".
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу