— Прабачце, гэта дом Грынкевічавых?
— Калі гэтая халупка — дом, то так, гэта дом Грынкевічавых.
— Гэта не халупка, гэта вельмі прыемны сціплы домік. Хоць, вядома, ваш даваенны, на Замкавай быў большы.
— Праходзьце… Адкуль вы ведаеце дом на Замкавай?
— Андрэй… вы мяне не пазнаяцё?
— Н-не, — пачырванеў Андрэй, — хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.
— Ну, — засаромелася яна, — не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.
— Прабачце, — сказаў Андрэй, — хто вы?
— Я Алёна Століч.
— А… Алёна, бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.
— Ды і вы… таксама.
Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.
…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.
Далей. Далей. Усё далей.
Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:
Зялёны дубочак
На ель пахіліўся.
I ў страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.
— Чорт, — сказаў Андрэй, — улаена кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш — і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.
— Прачытай што-небудзь адпаведнае, — сказала яна.
— Добра.
Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжаць, не хацелі шалахцець нованароджанымі лісцямі — зашмат было гонару.
Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.
Празрысты зялёны рог,
I ценi ад хмар набягаюць
На вербы наўсцяж дарог.
Цiшыня над сiнiм Дунаем.
Сцiхлi шолахi ўсе:
"Каханая, дарагая,
Ногі твае ў расе".
Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:
— Дрэнна.
— I сапраўды, слаба, — з уздыхам сказала яна, — не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.
Яму спадабалася яе шчырасць.
— I што толькі рабіць, не ведаю, — сказаў ён.
— Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра, Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.
Памаўчала.
— I ляцiць яна, уся залатая, з пылком на лапках: Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго…
I раптам ускрыкнула:
— Ану, даганяй.
Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы — і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.
Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.
Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.
— Андрэй, Андрэй! Андрэй! Што з табой?
Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.
— Н-ну, — прагрымеў ён, — якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?
Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася і, адскочыўшы на сажань убок, сказала:
— Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.
Андрэй з iльвiным рыкам кiнуўся за ёю…
…Назад яны ішлі ўжо больш сур'ёзныя.
— Вось, — казаў Андрэй, — заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны — гэтага няма. I невядома, калі будзе.
— Што такое? — яна ўзняла на яго смелыя дзіцячыя вочы.
— Разумееш, мне цяжка прызнацца, але я неяк выломліваюся з асяроддзя. I з вялікім болем… Разумееш, скажам, я вельмі люблю Ясеніна, Буніна. Мяне ледзь з універсітэта не папёрлі за тое, што я іх чытаў.
— Пэўна, на лекцыях чытаў? — спытала яна.
— На лекцыі. Надта ўжо сумная была.
— Ну і дурненькі, - з усмешкай сказала яна, — дома іх трэба чытаць.
— Вось і рэктар мне так сказаў. Пад дзвярыма студэнты слухаюць, а ён мне гэта сказаў, а потым павярнуўся да акна і настаўляць пачаў мяне, ды так голасна. А сам усміхаецца…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу