Падман гэты заснаваны на простым пераносе энергіі. Цела кожнага чалавека цэльнае, а душа - не. Паэзія таксама, нават самая вытанчаная традыцыйна заўсёды аперуе ўяўнацэльнымі, уяўнаадзінымі персанажамі. У паэзіі да гэтага часу спецыялісты і знаўцы цэняць вышэй за ўсё драму, і гэта з поўным правам, бо яна дае, альбо магла б даць найбольшую магчымасць выявіць «я» як нейкае мноства, калі б не грубая падтасоўка, якая выдае кожны асобны персанаж драмы за нешта адзінае, бо жыве ва ўнікальнай, цэльнай і замкнёнай цялеснай абалонцы. Найвышэй цэніць наіўная эстэтыка так званую драму характараў, дзе кожная асоба выступае як нейкая выразна пазначаная і адасобленая цэльнасць. Толькі цьмяна і спакваля ўзнікае ў сяго-таго здагадка, што ўсё гэта, магчыма, толькі танная, павярхоўная эстэтыка, што мы памыляемся, стасуючы да нашых вялікіх драматургаў выдатныя, але не арганічныя, а толькі накінутыя нам паняцці пра прыгожае, паняцце антычнасці, якая, зыходзячы заўсёды з бачнага цела, якраз і прыдумала фікцыю «я», фікцыю асобы. У паэзіі старажытнай Індыі гэтага паняцця зусім няма, героі індыйскага эпасу - не асобы, а хеўры асобаў, рады адухоўленняў. І ў нашым сучасным свеце таксама ёсць паэтычныя творы, дзе пад выглядам гульні асобаў і характараў робіцца не зусім усвядомленая аўтарам спроба паказаць разнастайнасць душы. Хто хоча знайсці гэта, павінен адважыцца зірнуць на дзейных асоб такога твору не як на асобныя істоты, а як на часткі, як на бакі, як на розныя аспекты нейкага вышэйшага адзінства, ну, скажам хоць бы - душы пісьменніка. Хто паглядзіць так хоць бы на «Фаўста», для таго Фаўст, Мефістофель, Вагнер і ўсе астатнія складуць нейкае адзінства, нейкую звышасобу, і толькі ў гэтым высокім адзінстве, а не ў асобных персанажах, ёсць нейкі намёк на сапраўдную сутнасць душы. Калі Фаўст прамаўляе словы, папулярныя ў школьных настаўнікаў, якія выклікаюць захапленне ў абываталя: «Ах, дзве душы ў маіх жывуць грудзях», ён, Фаўст, забывае пра Мефістофеля і мноства іншых душаў, якія таксама жывуць у ягоных грудзях. Дык жа і наш Стэпавы воўк лічыць, што носіць у сваіх грудзях дзве душы, ваўка і чалавека, і лічыць, што гэтым самым душа ягоная моцна абцяжарана. А ў тым тое і штука ўся, што грудзі, цела заўсёды адзінкавыя, а душ у іх не дзве, не пяць, а безліч, легіён лікам; чалавек - што цыбуліна, складзеная з сотні скурачак, тканка, якая складаецца з мноства. Зразумелі і добра засвоілі гэта старажытныя азіяты, і буддыйская ёга стварыла тэхніку, як выкрыць самападман асобы. Пацешная і разнастайная гульня чалавецтва: самападман, над выкрыццём якога Індыя білася тысячу гадоў, - гэта той самы самападман, на ўмацаванне і ўзмацненне якога паклаў столькі сілы і Захад.
Калі мы глянем на Стэпавага ваўка з гэтага боку, будзе зразумела, чаму ён так пакутуе ад сваёй смешнай дваістасці. Ён, як і Фаўст, лічыць, што дзве душы - гэта для адных грудзей ужо зашмат, і што яны павінны разарваць грудзі. А гэта ж якраз замала, і Гары страшна гвалціць свае грудзі, спрабуючы зразумець яе ў такім прымітыўным паказе. Гары, хоць ён і высока адукаваны чалавек, робіць прыкладна тое самае, што і дзікун, які ўмее лічыць толькі да двух. Адну частку сябе ён называе чалавекам, а другую ваўком і думае, што гэта ўсё, што ён вычарпаў сябе. У чалавека ён запіхвае ўсё духоўнае, вытанчанае альбо ж хоць культурнае, што знаходзіць у сабе, а ў ваўка ўсё імпульсіўнае, дзікае, хаатычнае. Але ў жыцці ўсё не так проста, як у нашых думках, усё не так груба, як у нашай беднай, ідыёцкай мове, і Гары ўдвайне ашуквае сябе гэтым дзікунскім метадам «ваўка». Баюся, Гары да «чалавека» адносіць цэлыя вобласці сваёй душы, якім далёка да чалавека, а да ваўка такія часткі сваёй натуры, якія даўно ўжо пераважылі ваўка.
Як усе людзі, Гары думае, быццам няблага ведае, што такое чалавек, а насамрэч гэтага не ведае, хоць часам у сне і іншых непадкантрольных станах свядомасці даўмяваецца. Каб жа ж ён не забываў сваіх здагадак, каб жа ж засвоіў іх як мага лепш! Чалавек бо не ёсць нешта застылае і нязменнае (такі быў, усутыч процілеглым здагадкам яе мудрацоў, ідэал антычнасці), а ёсць хутчэй нейкая спроба, нейкі пераход, ёсць не што іншае, як вузкі, небяспечны масток паміж прыродай і Духам. Да Духу, да Бога цягне як схаванае ў ім пакліканне, назад да маці-прыроды - самая глыбокая туга; паміж гэтымі дзвюма сіламі гойдаецца ягонае жыццё ў страху і трымценні. Тое, што людзі ў кожны дадзены момант укладваюць у паняцце «чалавек», ёсць заўсёды толькі пераходная, абыватальская дамоўленасць. Гэтая ўмоўнасць адкідае і асуджае некаторыя найбольш грубыя інстынкты, патрабуе нейкай свядомасці, нейкага пераадолення жывёльнасці ў сабе, яна не толькі дапускае, але нават абвяшчае неабходнай невялікую долю духу. «Чалавек» гэтай умоўнасці ёсць, як усякі мяшчанскі ідэал, кампраміс, нясмелая, наіўная спроба перахітрыць, з аднаго боку, ліхую прамаці-прыроду, а з другога - надакучлівага бацьку - Дух і пажыць паміж імі, ва ўтульненькай сярэдзінцы. Таму мешчанін дапускае і трывае тое, што ён называе «асобай», але разам з тым аддае асобу на волю малоха - «дзяржавы» і заўсёды сутыкае лбамі асобу і дзяржаву. Таму мешчанін паліць сёння, як ератыка, вешае, як злачынцу, таго, каму паслязаўтра будзе ставіць помнікі.
Читать дальше