У гэтай кнізе сабраны пазасталыя запісы таго чалавека, якога мы, скарыстаўшыся выразам, які ён сам шмат разоў ужываў, назвалі «Стэпавым ваўком». Ці патрэбна ягонаму рукапісу нейкая ўступная прадмова, не бяруся вырашаць; у мяне ж, прынамсі, паўстала ахвота дадаць да старонак Стэпавага ваўка некалькі сваіх, на якіх я паспрабую падаць свае ўспаміны пра яго. Я ведаю з ягонай гісторыі вельмі ж няшмат, і ў прыватнасці ўсё яго мінулае і паходжанне мне так і засталіся ў неведзі. Але склалася моцнае і, пра што я насуперак усяму мушу сказаць, прыемнае ўражанне пра яго асобу.
Стэпаваму ваўку было пад пяцьдзесят, калі ён некалькі гадоў таму назад, шукаючы мэбляванага пакоя, зайшоў у дом да маёй цёткі. Ён зняў мансарду пад дахам і сумежную з ёю невялікую спальню і праз некалькі дзён вярнуўся з двума чамаданамі і вялікай скрыняй кніг і прабыў у нас месяцаў дзевяць-дзесяць. Жыў ён вельмі ціха і замкнёна, і калі б нашыя спальні не былі побач, з чаго і вынікалі часам выпадковыя сустрэчы на лесвіцы і ў калідоры, мы, бадай што, так і не пазнаёміліся б, бо ён не быў кампанейскі, ён быў, што надта нязвыкла мне, настолькі сам у сабе, што і праўда ж меў рацыю, калі часам называў сябе Стэпавым ваўком, варожым, дзікім, але ж тым часам і сарамяжлівым, нават вельмі сарамяжлівай істотай з зусім іншага свету, чым мой. Да якой глыбокай самоты ён прызвычаіўся праз свае схільнасці і жыццёвую долю і наколькі свядома прымаў у сваёй адзіноце наканаваны яму лёс, пра гэта я даведаўся пазней толькі з падаваных ніжэй запісаў, што засталіся пасля яго; але яшчэ і раней з тых мімалётных сустрэчаў і гутарак я больш-менш уведаў яго і лічу, што вобраз, які паўстае перад мною з ягоных запісаў, увогуле адпавядае той цьмянай і, вядома ж, з пэўнымі прагаламі замалёўцы, якая склалася ў мяне дзякуючы нашаму асабістаму знаёмству. Чыста выпадкова я быў пры тым, калі Стэпавы воўк упершыню пераступіў парог нашага дома і зняў жытло ў маёй цёткі. Ён прыйшоў аполудні, на стале яшчэ стаялі талеркі ад абеду, а ў мяне яшчэ было паўгадзіны да адыходу ў кантору. Я не забыў дзіўнага і вельмі дваістага ўражання, якое ён зрабіў на мяне з першага позірку. Ён увайшоў праз зашклёныя дзверы, спярша пазваніўшы, і ў прыцененых сенях цётка спыталася ў яго, што чалавека прывяло. А ён, Стэпавы воўк, закінуў вострую, коратка стрыжаную галаву, прынюхаўся, нервова паводзячы носам, як бы абмацваючы паветра вакол сябе і пакуль што не адказваючы і не называючы свайго імя, сказаў:
- О, тут прыемна пахне.
Ён усміхнуўся, і мая добрая цётачка таксама ўсміхнулася, а мне гэтыя словы здаліся даволі смешнымі, і я адчуў да яго нейкую непрыязь.
- Ну так, - сказаў ён, - я прыйшоў наконт пакоя, які вы здаяце.
Ужо толькі калі мы трое падымаліся па лесвіцы ў мансарду, мне ўдалося лепш прыгледзецца да гэтага чалавека. Ён быў невысокі, але паставаю і паходкаю ўдаваў даволі рослага, быў у модным і добра аблеглым зімовым паліто, і наогул апрануты прыстойна, але крыху нядбала, гладка паголены, зусім кароткія валасы праблісквалі сівізнай. Спачатку паходка ягоная мне не спадабалася, у ёй было нешта натужлівае і нерашучае, што ніяк не пасавала ні да вострага, энергічнага профілю, ні да тону і тэмпераменту ягонай гаворкі.
Толькі пазней я заўважыў і даведаўся, што ён хворы і хадзіць яму цяжка. З нейкай своеасаблівай усмешкай, якая ўжо тады была мне непрыемная, ён аглядваў лесвіцу, сцены, вокны, і старыя высокія шафы на лесвічнай пляцоўцы, усё гэта яму нібыта і падабалася, і разам з тым выглядала смешным. І ўвогуле ўвесь гэты чалавек рабіў уражанне, няйнакш ён прыйшоў з іншага свету, з нейкіх там заморскіх краёў, і таму ўсё тут яму прыгожае, але крыху пацешнае. Трымаўся ён, што праўда тое праўда, ветліва, нават прыязна, адразу і без нічога-ніякага пахваліў дом, пакой, плату за жытло, сняданак і іншае, і ўсё-такі ад яго павявала нечым не нашым, нечым, як мне тады падалося, нядобрым і варожым.
Ён зняў пакой, а заадно і спальню, спытаўся пра ацяпленне, ваду, паслугі і правілы распарадку, уважліва і міла, з усім згадзіўся, адразу прапанаваў задатак, і ўсё ж здавалася, што не дужа ён ва ўсё гэта ўлягае, што ён сам сабе смешны ў сваёй ролі і на поўным сур'ёзе яе не прымае, што яму нязвыкла здымаць пакой і гаварыць з людзьмі па-нямецку, бо, па сутнасці, унутрана ён заняты нечым зусім іншым. Прыкладна вось такое было маё першае ўражанне, і такім неспрыяльным для яго яно і засталося б, калі б тут не ўтачыліся ўпоперак і не паправілі яго некаторыя дробныя рысачкі. Перш за ўсё твар новага жыльца, які мне з самага пачатку спадабаўся; хай сабе і было ў ягоных вачах нешта дзіўнае, твар мне прыглянуўся, бо-такі гэта быў твар, можа, крыху незвычайны і тужлівы, але жывы, вельмі асэнсаваны, строга вылеплены і адухоўлены. Спаблажыла мяне і тое, што ў ягонай ветлівасці і прыязнасці, хоць яны, відаць, і каштавалі яму пэўнай намогі, не было нізвання пыхі, наадварот, у іх было нешта амаль кранальнае, нешта падобнае на неабольнасць; толькі пазней я знайшоў гэтаму тлумачэнне, што мяне адразу да яго крыху наблізіла.
Читать дальше