Пабла даў мне цыгарэту і паднёс да яе агонь.
- Мы, - усміхнуўся ён, - у маім магічным тэатры, і калі табе заўгодзіцца навучыцца танцаваць танга, альбо зрабіцца генералам, альбо пагутарыць з Аляксандрам Вялікім, дык усё гэта наступным разам выдатна табе паслужыцца. Але мушу сказаць табе, Гары, што ты мяне крыху расчараваў. Ты зусім страціў галаву, ты прарваў гумар майго маленькага тэатра і ўчыніў непатрэбшчыну, ты ўчыніў панажоўшчыну і спаганіў наш добры свет вобразаў плямамі рэчаіснасці. Гэта непрыгожа. Спадзяюся, ты зрабіў гэта, прынамсі, з рэўнасці, убачыўшы, як мы ляжым з Гермінай. З гэтай фігурай ты, на жаль, даў маху - я думаў, што ты засвоіў гульню лепш. Нічога, усё можна паправіць.
Ён узяў Герміну, якая ў ягоных пальцах адразу паменшылася да памераў шахматнай фігуркі, і сунуў яе ў тую самую кішэню, адкуль раней дастаў цыгарэту.
Прыемны быў пах салодкага цяжкага дыму, я адчуваў сябе спустошаным і гатовым праспаць хоць цэлы год.
О, я зразумеў усё, зразумеў Пабла, зразумеў Моцарта, я чуў недзе за сабою яго жахлівы смех, я ведаў, што сотні тысяч фігур жыццёвай гульні ляжаць у мяне ў кішэні, я здзіўлена адгадваў сэнс гульні, я быў згодзен пачаць яе яшчэ раз нанава, яшчэ раз скаштаваць яе пакуты, яшчэ раз здрыгануцца перад яе бязглуздасцю, яшчэ раз і яшчэ процьму раз разоў прайсці праз пекла свайго нутра.
Калі-небудзь я згуляю лепш. Калі-небудзь я навучуся смяяцца. Пабла чакаў мяне, Моцарт чакаў мяне.
Мастацкія творы разумеюцца і не разумеюцца вельмі па-рознаму. У большасці выпадкаў аўтар мастацкіх твораў не тая інстанцыя, якой належыць вырашаць, дзе ў чытачоў канчаецца разуменне і пачынаецца неразуменне. Сёй-той аўтар ужо знайшоў чытачоў, якім ягоны твор больш празрысты, чым яму самаму. Апрача таго ў пэўных сітуацыях і неразуменне можа быць плённым.
Мне і дагэтуль «Стэпавы воўк» здаецца той з маіх кніг, якая часцей і больш за якую іншую не разумеецца і часта з'яўляюцца згодныя, нават захопленыя чытачы, а не тыя, што адмаўляюць, якія выказваліся мне пра кнігу варожа. Часткова, але толькі часткова частата такіх выпадкаў выцякае з таго, што гэтая кніга, напісаная пяцідзесяцігадовым і прысвечаная праблемам акурат гэтага ўзросту, вельмі часта трапляла ў рукі зусім юных чытачоў. Але і сярод чытачоў майго веку я часта сустракаў такіх, каму мая кніга, хоць і рабіла на іх уражанне, але дзіўным чынам у сваім змесце была ясная толькі напалавіну. Гэтыя чытачы, так мне здаецца, пазналі ў Стэпавым ваўку саміх сябе, ідэнтыфікавалі сябе з ім, перажылі разам з ім свае пакуты і мары і пры гэтым зусім прагледзелі, што кніга апавядае не толькі пра Гары Галера і ягоныя складанасці, што над Стэпавым ваўком і яго поўным праблемаў жыццём ёсць другі, вышэйшы, непрамінушчы свет і што «Трактат» і ўсе тыя мясціны кнігі, якія расказваюць пра дух, пра мастацтва і пра «несмяротных», супроцьпастаўляюць свету пакутаў Стэпавага ваўка пазітыўны, гарачы, пазаасабовы і пазачасавы свет веры, што кніга, хоць і паведамляе пра пакуты і беды, але ні ў якім разе не ёсць кнігай расчараванага, а ёсць кнігай таго, хто верыць.
Я, натуральна, не магу і не хачу прадпісваць чытачам, як яны маюць разумець маё апавяданне. Няхай кожны сам сабе выбірае, што яму пасуе і можа быць карысным! Але мне было б прыемна, калі б многія самі заўважылі, што гісторыя Стэпавага ваўка, хоць і паказвае хваробы і крызіс, але не ёсць гісторыяй, якая вядзе да смерці, да пагібелі, а наадварот: да ацалення.
1942
Містычнага саюза (лац.).
Гэта ты (санскр.).
Я ператвараюся (лац.).