Пры кожным такім узрушэнні майго жыцця я ў выніку нешта здабываў, гэтага не адымеш, рабіўся больш свабодны, больш духоўны, глыбейшы, але ж і больш самотны, больш незразумелы, халаднейшы. У мяшчанскім сэнсе жыццё маё было пастаянным, ад узрушэння да ўзрушэння, заняпадам, усё большым аддаленнем ад нармальнага, дазволенага, здаровага. З гадамі я зрабіўся чалавекам без пэўных заняткаў, без сям'і, без радзімы, апынуўся па-за сацыяльнымі групамі, адзін, ніхто мяне не любіў, многім я быў падазроны, быў увесь час у жорсткім канфлікце з грамадскай думкай і мараллю грамадства, і хай сабе я яшчэ жыў у мяшчанскім асяроддзі, але сваімі думкамі і пачуццямі быў ўсярэдзіне гэтага свету чужы. Рэлігія, бацькаўшчына, сям'я, дзяржава не мелі ў мяне ніякай вартасці, яны мне ніяк не абыходзілі, славалюбства навукі, мастацтвы, цэхі мяне гідзілі; мае погляды, мой густ, мой розум, якімі я колісь ззяў як чалавек адораны і папулярны, цяпер запусціліся і здзічэлі, зрабіліся падазронымі людзям. Калі ў працэсе пераменаў я і набываў нешта нябачнае і бязважкае, дык аплачваў гэта дарагою цаною, і з кожным разам жыццё маё рабілася ўсё больш цяжкім, адзінокім, небяспечным. Далібог жа, у мяне не было прычыны хацець, каб так ішло далей, каб дарога мая вяла ва ўсё больш беспаветраныя сферы, падобныя на дым у восеньскай песні Ніцшэ.
Ах во, - я добра ведаў гэтыя адчуванні, гэтыя перамены, ушыкаваныя лёсам сваім наравістым дзецям, ад якіх столькі ўсялякіх турботаў, добра бо я іх ведаў. Я ведаў іх як ганарлівы, але няўдачлівы паляўнічы ведае ўсе этапы палявання, як стары біржавік ведае ўсе этапы спекуляцыі, выйгрышу, няўпэўненасці, ваганняў, банкруцтва. Няўжо мне і праўда даводзілася праходзіць праз усё гэта? Праз усю гэту муку, праз усе гэтыя ваганні, праз усе гэтыя сведчанні нізкасці і нікчэмства свайго «я», праз усю гэтую жахлівую боязь паразы, праз увесь гэты страх смерці? Ці не лягчэй было б, ці не прасцей прадухіліць паўтор столькіх пакутаў і даць лататы? Ну так, гэта было б і прасцей, і разумней. Што б там ні пісалі наконт «самагубцаў» у брашуры пра Стэпавага ваўка, ніхто не мог пазбавіць мяне прыемнасці з дапамогай свяцільнага газу, брытвы альбо пісталета ўнікнуць паўтору працэсу, пакутлівы боль ад якога я, далібог, перажываў ужо даволі часта і глыбока. Не, чорт пабяры, ніякая сіла на свеце не прымусіць мяне яшчэ раз задрыжаць перад смерцю ад жаху, яшчэ раз перарадзіцца і пераўвасобіцца, прычым адно дзеля таго, каб здабыць нарэшце мір і спакой, а не дзеля новага самазнішчэння, не дзеля новага перараджэння! Хай самазабойства - гэта глупства, баязлівасць і подласць, хай гэта бясслаўны, ганебны выхад - любы, нават самы ганебны выхад з гэтага млына пакутаў няма ладу які харошы, тут ужо няма чаго гуляць у высакародства і гераізм, тут я стаю перад простым выбарам паміж маленькім, кароткім болем і неверагодна жорсткай, бясконцай пакутай. У сваім такім цяжкім, такім шалёным жыцці я даволі часта бываў высакародным донкіхотам і аддаваў перавагу частцы - зручнасці, а гераізм - розуму. Годзе, хопіць з мяне!
Раніца пазяхала ўжо ў вокны, свінцовая, халерная раніца дажджлівага зімовага дня, калі я нарэшце лёг. У ложак я ўзяў і сваё рашэнне. Але ўскрай свядомасці, на яе апошняй мяжы, калі ўжо я засынаў, перад мною прабліснула тая дзіўная старонка брашуры, дзе гаворка ішла пра «несмяротных», і я ўспомніў, што няраз і нават зусім нядаўна адчуваў сябе даволі блізкім да несмяротных, калі ў адным такце старадаўняй музыкі ўлавіў халодную, светлую, сурова-ўсмешлівую мудрасць несмяротных. Гэта ўзнікла, прабліснула, патухла, і цяжкі, як гара, сон атуліў мой лоб.
Прачнуўшыся пад полудзень, я адразу адчуў яснасць сітуацыі: брашурка мая і вершы ляжалі на тумбачцы, і маё рашэнне, якое даспела і памацнела за ноч у сне глядзела на мяне прыветліва-халодна з хаосу майго жыцця апошняга часу. Спяшацца не было куды, маё рашэнне памерці не было мімалётнай прыдумкай, капрызам апошняй гадзіны, гэта спелы, крамяны плод, які выспяваў і цяжэльшаў павольна і быў гатовы ўпасці ад першага ж парыву ветру лёсу, які цяпер яго ціхенька пакалыхваў.
У мяне ў дарожнай аптэчцы быў выдатны сродак ад болю, моцны прэпарат опіуму, карыстацца ім я дазваляў сабе вельмі рэдка, і маёй паўстрымлівасці часта хапала на некалькі месяцаў; гэты аглушальны сродак я прымаў толькі пры нясцерпна пакутлівым болі. На самазабойства ён, на жаль, быў непрыдатны, шмат гадоў таму назад я пераканаўся ў гэтым на практыцы. Аднойчы, падчас чарговага наплыву роспачы, я праглынуў вялікую дозу гэтага прэпарату, дастатковую, каб забіць шасцёх, але мяне гэта не забіла. Я, што праўда, заснуў і праляжаў некалькі гадзін у поўным забыцці, але потым, на жахлівае расчараванне, прачнуўся ад страшэннай рэзанкі ў жываце, званітаваў, не зусім ачомаўшыся, усю прынятую атруту і зноў заснуў, каб ужо канчаткова прачнуцца толькі ў сярэдзіне наступнага дня - мярзотна цвярозы, з выпаленым, пустым мозгам і амаль начыста адбітай памяццю. Ніякіх іншых наступстваў, акрамя часовага бяссоння і боляў у страўніку, атручэнне не мела.
Читать дальше