Калі з гэтага гледзішча падзівіцца на душу Стэпавага ваўка, дык ён глядзецьмецца чалавекам, якому як індывідуальнасці, як яркай асобіне наканавана быць не-мешчанінам - усякая ж яркая індывідуальнасць абарочваецца супроць свайго «я» і схільная яго разбураць. Мы бачым, што ён надзелены аднолькава моцнымі імпульсамі і на тое, каб стаць святым, і, каб стаць разбэстай, але што праз нейкую слабкасць альбо закасцянеласць не здолеў сягнуць у дзікія прасторы сусвету, не пераадолеў прыцягнення цяжкай маці-зоркі мяшчанства. Такое яго становішча ў светабудове, такая яго скаванасць. Большасць інтелігентаў, пераважная частка мастакоў належаць да гэтага тыпу. Толькі самыя моцныя з іх вырываюцца ў космас з атмасферы мяшчанскай зямлі, а ўсе астатнія здаюцца альбо ідуць на кампрамісы, пагарджаюць мяшчанствам і ўсё ж да яго належаць, мацуюць, славяць яго, бо, зрэшты, вымушаныя сцвярджаць яго, каб неяк жыць. Трагізм гэтым незлічоным людзям не па плячы, па плячы ім, аднак, даволі-такі злашчасная доля, на кухні пекла якой дасмажваюцца і пачынаюць пладзіцца іх таленты. Тыя нямногія, што вырываюцца, дасягаюць абсалюту і слаўна гінуць, яны трагічныя, колькасць іх невялікая. А тым, што не вырваліся, чые таленты мяшчанства часта высока шануе, адчынена трэцяе царства, прывідны, але суверэнны свет - гумар. Неспакойныя стэпавыя ваўкі, гэтыя вечна горкія пакутнікі, якім не дадзена моцы, немінушча патрэбнай для трагізму, для прарыву ў зорную прастору, якія адчуваюць сябе пакліканымі да абсалютнага, а жыць у абсалютным не ўмеюць, - у іх, калі толькі іхні дух загартаваўся і стаўся пругкім у пакутах, ёсць прымірэнчы выхад у гумар. У нечым гумар заўсёды застаецца мяшчанскім, хоць сапраўдны мешчанін не здольны зразумець яго. У яго прывіднай сферы здзяйсняецца заблытаны, супярэчлівы ідэал усіх стэпавых ваўкоў: тут можна адначасова не толькі ўхваліць і святога, і разбэсту, зблізіць полюсы, але яшчэ і перакінуць гэтую ўхвалу на мешчаніна. Бо чалавек, апантаны Богам, вельмі нават можа ўхваліць злачынцу - і наадварот, але абодва яны, ды і ўсе людзі абсалютных безумоўных крайнасцяў, не могуць ухваліць нейтральную, азызлую, размякла-апоўзлую сярэдзіну мяшчанства, адзін толькі гумар, выдатнае вынаходства тых, чый максімалізм скаваны, хто амаль трагічны, хто няшчасны і пры гэтым шчодра адораны, адзін толькі гумар (можа, самае самабытнае і геніяльнае дасягненне чалавецтва) здзяйсняе немагчымае, ахопліваючы і яднаючы прамянямі сваіх прызмаў усе вобласці чалавечай натуры. Жыць у міры, быццам гэта не мір, паважаць закон і ўсё ж стаяць над ім, валодаць, «як бы не валодаючы», адмаўляцца, як бы гэта ніякая не адмова, - выконваць усе гэтыя любімыя і часта несфармуляваныя патрабаванні вышэйшай жыццёвай мудрасці здольны адзін толькі гумар.
І калі б толькі Стэпаваму ваўку, у якога ёсць да таго ж і здольнасць, і схільнасць, удалося выпарыць, выдаліць з сябе гэты чароўны напой, ён, Стэпавы воўк, быў бы выратаваны. Да такой удачы яму далёка. Але магчымасць, але надзея ёсць. Хто яго любіць, хто спагадлівы да яго, хай узычыць яму гэтага ратунку. Тады ён, праўда, застыў бы ў мяшчанскай сферы, але ягоныя пакуты можна было б ператрываць за іх плённасць. Яго адносіны да мяшчанскага свету і ў каханні і ў нянавісці страцілі б сентыментальнасць, і яго прывязанасць да гэтага свету перастала б суцэльна мучыць яго, як нешта ганебнае.
Каб дасягнуць гэтага альбо нарэшце, магчыма, адважыцца на скачок у космас, такому Стэпаваму ваўку след было б аднойчы зрабіць навочную стаўку з самім сабою, глыбока заглянуць у хаос сваёй душы і цалкам усвядоміць сябе. Тады яго сумніўнае існаванне раскрылася б перад ім ва ўсёй сваёй нязменнасці, і далей ён ужо не змог бы ўвесь час уцякаць з пекла сваіх інстынктаў у сентыментальна-філасофскія самазаспакаенні, а ад іх зноў у сляпую і п'яную дурмань сваёй ваўчынай стаці. Чалавек і воўк мусілі б спазнаваць адзін аднаго без фальшывых эмацыйных масак, мусілі б паглядзець адзін аднаму ў вочы. Тут яны альбо выбухнулі б і навекі разышліся б, альбо ж у іх з'явіўся б гумар, і яны паняліся б між сабою шлюбам па разліку.
Можа, калі-небудзь Гары выпадзе такая магчымасць. Магчыма, што калі-небудзь яму ўдасца спазнаць самога сябе - атрымаўшы толькі адно з нашых маленькіх люстэркаў, ці тое сустрэўшыся з несмяротнымі альбо, зноў жа магчыма, знайшоўшы ў адным з нашых магічных тэатраў тое, што яму трэба для вызвалення здзічэлай душы. Тысячы такіх магчымасцяў яго чакаюць, яго лёс неадольна прыцягвае іх, усе гэтыя аўтсайдэры мяшчанства жывуць у атмасферы такіх магічных магчымасцяў. Дастаткова дробязі, каб ляснула маланка.
Читать дальше