І ўсё гэта добра вядома Стэпаваму ваўку, нават калі яму ніколі не трапіць на вочы гэты абрыс яго ўнутранай біяграфіі. Ён адчувае сваё становішча ў сусвеце, ён адчувае і ведае несмяротных, ён адчувае магчымасць сустрэчы з сабою і баіцца яе, ён ведае пра існаванне люстэрка, зірнуць у якое яму вельмі карціць, але зірнуць у якое ён так баіцца.
* * *
На завяршэнне нашага эцюда застаецца развеяць адну апошнюю фікцыю, адзін прынцыповы падман. Любыя «тлумачэнні», любая псіхалогія, любыя спробы паразумецца маюць патрэбу ў дапаможных сродках, тэорыях, міфалогіях, хлусні; і прыстойны аўтар не забудзецца развеяць напрыканцы па магчымасці і гэтую хлусню. Калі я кажу «наверсе» альбо «ўнізе», дык жа гэта ўжо сцвярджэнне, якое трэба прасвятліць, бо верх і ніз існуюць толькі ў мысленні, толькі ў абстракцыі. Свет сам па сабе не мае ні верху ні нізу.
Карацей кажучы «стэпавы воўк» - таксама фікцыя. Калі Гары адчувае сябе звышчалавекам і лічыць, што складаецца з двух варожых і супрацьлеглых натураў, дык гэта ўсяго толькі спрошчаная міфалогія. Гары ніякі не чалавекавоўк, і калі мы прынялі напавер ягоную хлусню, якую ён сам сабе выдумаў і ў якую верыць, калі мы і насамрэч спрабавалі разглядаць і тлумачыць яго як дваістую натуру, як стэпавага ваўка, дык мы, спадзеючыся на тое, што нас лягчэй будзе зразумець, пакарысталіся падманам, які цяпер трэба парупіцца паправіць.
Падзел на ваўка і чалавека, на інстынкт і дух, які ўчыняе Гары дзеля большай зразумеласці ягонага лёсу, - гэта вельмі грубае спрошчванне, гэта гвалт над рэчаіснасцю дзеля даходлівага, але няправільнага тлумачэння супярэчнасцяў, выяўленых у сабе гэтым чалавекам, якія здаюцца яму крыніцай яго неабыякіх пакутаў. Гары выяўляе ў сабе «чалавека», гэта значыцца, свет думак, пачуццяў, культуры, утаймаванай і вытанчанай прыроды, але побач ён выяўляе яшчэ і «ваўка», гэта значыцца, цёмны свет інстынктаў, дзікасці, жорсткасці, нявытанчанай, грубай прыроды. Нягледзячы на гэта, на блізір такі ясны падзел сваёй натуры на дзве ўзаемаварожыя сферы, ён зрэдзь заўважаў, што воўк і чалавек нейкі час, у нейкія шчаслівыя імгненні, сужываліся адзін з адным. Калі б Гары спрабаваў вызначыць ступень удзелу ваўка ў кожным асобным яго, Гары, моманце жыцця, у кожным ягоным учынку, у кожным ягоным адчуванні, ён адразу недаўмёна спыніўся б і ўся яго прыгожая «ваўчыная» тэорыя паляцела б дагары нагамі. Бо ніводзін чалавек, нават першабытны мурын, нават ідыёт, не бывае так паслужліва просты, каб ягоную натуру можна было растлумачыць як суму двух альбо трох асноўных элементаў, а ўжо каб растлумачыць такога рознабаковага чалавека, як Гары, наіўным падзелам на ваўка і чалавека - гэта, ну, зусім жа дзіцячая спроба. Гары складаецца не з двух натураў, а з сотняў, з тысячаў. Яго жыццё, як жыццё кожнага чалавека, працякае не паміж двума полюсамі, такімі, як інстынкт і дух альбо святы і распуснік, яно адбываецца паміж безлічнымі тысячамі палярных процілегласцяў.
Хай нас не здзіўляе, што такі разумны і абазнаны чалавек, як Гары, лічыць сябе «стэпавым ваўком» і зводзіць багаты і складаны лад свайго жыцця да такой простай, брутальнай і прымітыўнай формулы. Здольнасць думаць чалавек мае толькі ў невялікай меры, і нават самы духоўны і самы адукаваны чалавек бачыць свет і сябе самога праз акуляры вельмі наіўных, спрошчаных, фальшывых формулаў - і асабліва сябе самога. Бо гэта, відаць, прыроджаная патрэба кожнага чалавека, якая падключаецца міжвольна, - уяўляць сябе нейкім адзінствам. Якія б частыя і якія б цяжкія ўдары ні пераносіла гэтая ілюзія, яна ажывае зноў і зноў. Суддзя, які сядзіць насупраць забойцы і глядзіць яму ў вочы, у нейкі там момант чуе, як той гаворыць ягоным, судзейскім, голасам, у нейкі там момант знаходзіць у сабе ўсе парывы, задаткі, магчымасці забойцы, - у наступны момант ён ужо знаходзіць цэльнасць, зноў робіцца суддзёю, замыкаецца ў панцыр свайго «я», выконвае свой абавязак і выракае забойцу на смерць. І калі ў адмыслова адораных і тонка арганізаваных чалавечых душах паявіцца пачуццё і складанасці, калі яны, як усякі геній, прарвуцца праз ілюзію адзінства асобы, адчуюць сваю неадназначнасць, адчуюць сябе суцэльнасцю з мноствам «я», дык варта ім толькі заікнуцца пра гэта, як большасць закліча на дапамогу навуку, канстатуе шызафрэнію і абароніць чалавецтва ад патрэбы слухаць голас праўды з вуснаў гэтых няшчасных. Але навошта нам тут марнаваць словы, навошта гаварыць пра рэчы, якія ўсім, хто думае, і без таго вядомыя, але гаварыць пра якія не прынята? Значыцца, калі нехта адважваецца пашырыць уяўнае адзінства свайго «я» хоць бы да дваістасці, дык ён ужо амаль што геній, прынамсі, рэдкае і цікавае выключэнне. Насамрэч любое «я», нават самае наіўнае, - гэта не адзінства, а складаны свет, гэта маленькае зорнае неба, хаос формаў, ступеняў і станаў, спадчыннасці і магчымасцяў. А што кожны асобна імкнецца глядзець на гэты хаос як на адзінства і гаворыць пра сваё «я» як пра нешта простае з цвёрдай, выразна акрэсленай формай, дык гэта падман, уласцівы ўсякаму чалавеку нават невысокага палёту, ёсць, бадай што, такая ж самая вымога яго жыцця, як дыханне і ежа.
Читать дальше