Я паказаў яму шыбы.
— Вельмі лёгка падымаюцца і апускаюцца. На любым узроўні сядзяць мёртва.
Ён брывом не варухнуў.
— Да таго ж шкло не б'ецца, — працягваў я, ужо ў лёгкім адчаі. — Перавага, якую нельга пераацаніць. У нашай майстэрні стаіць «форд»… — Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасіўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзіця.
Думкі і пачуцці Блюменталя былі замкнёныя ў сталёвы сейф.
— Шкло, якое не б'ецца, стаіць ва ўсіх машынах, — перабіў ён мяне. — Тут нічога незвычайнага.
— Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем ніводнай машыны, — запярэчыў я мякка, але настойліва. — У некаторых марак толькі пярэдняе шкло такое. Але толькі не вялікія бакавыя.
Я пасігналіў і перайшоў да апісання ўнутраных выгод — скрынак, сядзенняў, кішэняў, шчытка кіравання, — я закрануў самыя дробныя дэталі, я нават працягнуў Блюменталю запальнічку і выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамяніць яго настрой. Але ён адмовіўся.
— Не куру, дзякуй, — сказаў ён і паглядзеў на мяне з такім сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён ішоў зусім не да нас, магчыма, ён памыліўся — хацеў купіць нешта іншае, машыну, каб абстрочваць петлі, ці радыёпрыёмнік, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсці.
— Давайце пракоцімся на пробу, пан Блюменталь, — нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны.
— Пракоцімся? — здзівіўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту.
— Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, ідзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкі кузаў лягчэй пушынкі.
— Што ездзіць, — ён махнуў рукой, адмаўляючыся. — Едучы, нічога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькі потым.
«А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, — падумаў я са злосцю. — Ці ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у іх?»
— Ну, добра, не дык не, — сказаў я, страціўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела.
Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы і сказаў ціха і рэзка і вельмі хутка:
— Колькі машына каштуе?
— Сем тысяч марак, — адказаў я не міргнуўшы, як выстраліў з пісталета. Ён не павінен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасці магла каштаваць тысячу марак, якія ён вытаргаваў бы. — Сем тысяч чыстымі, — паўтарыў я цвёрда і падумаў: «Калі дасі пяць, то і забірай!»
Але Блюменталь не даваў нічога.
Ён коратка засоп.
— Задорага!
— Вядома! — сказаў я, канчаткова здаючыся.
— Як гэта — вядома? — спытаў Блюменталь раптам даволі па-людску.
— Пан Блюменталь, — адказаў я, — вы сёння сустракалі хоць аднаго дзівака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта іншае?
Ён уважліва прыгледзеўся да мяне.
Потым на яго твары прамільгнула нешта падобнае да ўсмешкі.
— Так. Але машына сапраўды занадта дарагая.
Я не паверыў сваім вушам. Нарэшце з'явіўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацікаўленага чалавека. Ці нейкі новы закляты падвох?
У гэты момант у двары з'явіўся элегантны франт. Ён дастаў з кішэні газету, яшчэ раз праверыў нумар дома і накіраваўся да мяне.
— Тут прадаецца «кадзілак»?
Я кіўнуў і моўчкі глянуў на жоўтую бамбукавую палачку і скураныя пальчаткі.
— Можна паглядзець? — зноў спытаў ён без аніякага выразу на твары.
— Вось ён, — сказаў я. — Але, можа, вы пачакаеце хвілінку, пакуль што я заняты. Пасядзіце там, калі ласка.
Франт на хвілінку прыслухаўся да шуму матора, твар яго спачатку выявіў крытыку, а потым адабрэнне, і мы зайшлі з ім у майстэрню.
— Ідыёт, — буркнуў я яму і хутка вярнуўся да Блюменталя.
— Калі вы паездзіце на машыне, дык зменіце сваю думку пра цану, — сказаў я. — Вы можаце абкатваць яе столькі, колькі вам захочацца. Можа, мне вечарам заехаць па вас, каб зрабіць пробную ездку, калі гэта вам лепш падыходзіць.
Але часовы парыў ужо знік. Блюменталь зноў стаяў як гранітны прэзідэнт харавога таварыства.
— Не варта, — сказаў ён. — Мне трэба ісці. Калі я захачу зрабіць пробную ездку, то магу патэлефанаваць вам.
Я ўбачыў, што ўжо цяпер нічога не зробіш. Гэтага чалавека не пераканаеш.
— Ну добра, — пагадзіўся я. — Але, магчыма, вы далі б мне свой нумар тэлефона, каб я паведаміў вам пра з'яўленне яшчэ якой зацікаўленай асобы?
Блюменталь неяк дзіўна глянуў на мяне.
— Зацікаўленая асоба — яшчэ не пакупнік.
Ён дастаў цыгары і прапанаваў мне. Ён запаліў. «Карона»! Відаць, грошай у яго было як вошай. Але мне ўжо было ўсё роўна. Я ўзяў цыгару.
Читать дальше