— Ага, значыць, гэта быў ты, брат! — адказаў Готфрыд. — Значыць, ён расказваў мне пра цябе. Бедалага быў вельмі расчараваны, калі зразумеў, што ў цябе за малітвы. А яму ўжо здалося, што набожнасць мужчынскай часткі насельніцтва зноў пайшла ўгору.
— Няўжо ён цябе так і выпусціў з кветкамі? — спытаў я.
— Мы з ім паразмаўлялі. А потым ён дапамог мне нарэзаць ружаў.
Пат засмяялася.
— Няўжо праўда?
Готфрыд усміхнуўся.
— Вядома. Карціна была казачная: духоўны айцец скача ў паўзмроку, каб дастаць самыя высокія галінкі. Яго апанаваў спартовы азарт. Расказваў мне, што раней, у гімназіі, быў добрым футбалістам. Здаецца, правым нападаючым.
— Ты спакусіў пастара на крадзеж, — сказаў я. — Гэта абыдзецца табе ў пару сотняў гадкоў пекла. А дзе Ота?
— Ён ужо ў Альфонса. Мы ж ідзём вячэраць да Альфонса?
— Ну, вядома, — сказала Пат.
— Дык наперад!
У Альфонса нам падалі шпігаванага зайца з чырвонай капустай і печанымі яблыкамі. На заканчэнне вячэры ён паставіў на патэфон пласцінку з хорам данскіх казакоў. Гэта была вельмі ціхая песня, хор вёў яе стрымана, як далёкі арган, а над ім плыў адзінокі светлы голас. Мне здалося, быццам нячутна адчыніліся дзверы, у пакой увайшоў стары змораны чалавек, моўчкі сеў за столік і заслухаўся песняй сваёй маладосці.
— Дзеці, — сказаў Альфонс, калі хор, паступова заціхаючы, лёгка выдыхнуў апошні гук. — Дзеці, вы ведаеце, пра што я заўсёды думаю, калі чую гэтую песню? Пра Іпр. Памятаеш, Готфрыд, сакавік 1917 года, вечар з Бертэльсманам?
— Так, — сказаў Ленц, — я ўсё помню, Альфонс… Вечар і вішнёвыя дрэвы…
Альфонс кіўнуў.
Кёстэр устаў.
— Здаецца, пара. — Ён зірнуў на гадзіннік. — Трэба ехаць.
— Па чарцы каньяку, — сказаў Альфонс. — Сапраўднага «Напалеона». Я ж прынёс яго спецыяльна для вас.
Мы выпілі каньяк і падняліся.
— Да пабачэння, Альфонс! — сказала Пат. — Я так любіла бываць тут. — Яна падала яму руку.
Альфонс зачырванеўся. Ён сціснуў яе даланю ў сваіх лапах.
— Ну, калі што якое… проста дайце знаць. — Ён глядзеў на яе разгублена. — Вы цяпер належыце да нас. Ніколі не падумаў бы, што жанчына можа стаць сваім хлопцам.
— Дзякую, — сказала Пат. — Дзякую, Альфонс. Вы сказалі мне самае прыемнае, што толькі можна. Да пабачэння і ўсяго найлепшага.
— Да пабачэння! Да хуткага!
Кёстэр з Ленцам павезлі нас на вакзал. Перад нашым домам мы на хвілінку спыніліся, і я прывёў сабаку. Чамаданы Юп ужо завёз на вакзал.
Мы прыехалі на вакзал у самы раз. Ледзь паспелі сесці ў вагон, як цягнік адправіўся. Ужо лакаматыў зрушыў з месца, калі Готфрыд выцягнуў з кішэні і падаў мне закручаную ў паперу бутэльку.
— Вось, Робі, вазьмі. У дарозе заўсёды можа спатрэбіцца.
— Дзякую, — сказаў я. — Лепш выпіце сёння самі, хлопцы. Я прыхапіў з сабой тое-сёе.
— Вазьмі;— не пагадзіўся Ленц. — Лішняя не будзе.
Ён, ідучы побач з цягніком, які рухаўся, кінуў мне бутэльку.
— Да пабачэння, Пат! — крыкнуў ён. — Калі мы тут прагарым, то ўсе разам прыедзем да вас. Ота будзе лыжнікам, я — настаўнікам танцаў, а Робі — піяністам. Разам з вамі мы ўтворым трупу і пойдзем ад гатэля да гатэля.
Цягнік набраў хуткасць. Готфрыд адстаў. Пат высунулася з акна, махаючы рукой, пакуль вакзал не знік за паваротам. Потым павярнулася да мяне. Яна была вельмі бледная, у яе вачах бліснулі слёзы. Я абняў яе.
— Хадзем, — сказаў я. — Вып'ем кроплю. Ты трымалася цудоўна.
— Але на душы ў мяне зусім не цудоўна, — адказала яна, спрабуючы ўсміхнуцца.
— Як і ў мяне, — сказаў я. — Вось таму мы і вып'ем.
Я адкаркаваў бутэльку і наліў ёй шкляначку каньяку.
— Добра? — спытаў я.
Яна кіўнула і прыхілілася да майго пляча.
— Ах, мілы, што толькі будзе?
— Не трэба плакаць, — сказаў я. — Я так ганаруся, што ты не заплакала, ніводнага разу за дзень.
— Я і не плачу, — адказала яна і заматала галавой, а слёзы каціліся па яе вузкім твары.
— Давай, выпі яшчэ крыху, — гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. — Трэба перажыць толькі першы момант, потым будзе лягчэй.
Яна кіўнула.
— Так, Робі. І ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, і стане лягчэй, толькі ты не глядзі на мяне. Пакінь на некалькі хвілін мяне адну, і я спраўлюся з сабой.
— Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна… Цяпер ты можаш паплакаць, колькі табе захочацца.
— Я трымалася зусім не мужна. Ты толькі не заўважыў.
— Магчыма, — сказаў я. — Але ў тым і ёсць мужнасць.
Яна паспрабавала ўсміхнуцца.
— У чым мужнасць, Робі?
— У тым, што не здаешся. — Я пагладзіў яе па валасах. — Пакуль не здаешся, ты — над лёсам.
Читать дальше