Пакахала… Цяпер то я ведаю тваё каханне… І як жа лёгка, аказваецца, пераканаць свайго партнёра! Варта толькі прытварыцца… А я ж не пачвара. Любая дзяўчына, якая шчыра пакахала б мяне, магла б зрабіць са мной усё, што захацела б.
Бывала, я стагнаў ад свайго бяссілля, а ты і не прачыналася.
Твая першая цяжарнасць зняла ўсялякую патрэбу высвятляць нашы адносіны, і яны паступова змяніліся. Ты зацяжарыла перад зборам вінаграду. Мы вярнуліся ў горад. Цяжарнасць тваю зберагчы не ўдалося: атрымаўся выкідыш. Некалькі тыдняў давялося табе праляжаць у пасцелі. Вясной ты зноў зацяжарала. Як мы цябе бераглі тады!.. І вось пайшлі гады, калі ты зачынала, нараджала, хварэла, карміла, — прычын у мяне было больш чым дастаткова, каб аддаліцца ад цябе. І я пачаў дазваляць сабе некаторыя вольнасці. Праўда, паводзіў я сябе ўмела і трымаў усё пад строгім сакрэтам. Я працаваў ужо ў судзе, «меў сваё крэсла», як казала мама, і мне трэба было захоўваць прыстойнасць. Свае авантуры я прарабляў у пэўны час і ў надзейных месцах. Жыццё ў невялікім правінцыйным гарадку само падказвае распусніку, як зрабіць, каб усё было ціха. Супакойся, калі ласка, Іза, я міласэрна пазбаўлю цябе ад успамінаў пра мае залёты…
Але, калі б я паводзіў сябе не так асцярожна, ты ўсё роўна нічога не заўважыла б. Пасля нараджэння Хюбэра ты паказала тваю сапраўдную натуру: ты ад прыроды — маці і толькі маці. Я для цябе перастаў існаваць. Ты ўся была аддадзена дзецям. Я зрабіў цябе маці, і на гэтым мая місія закончылася. Больш ад мяне ты ўжо нічога не чакала.
Пакуль дзеці былі немаўлятамі, яны амаль не цікавілі мяне, і з-за іх у нас з табой не было ніякіх сутычак. Разам бывалі мы рэдка. Сустракаліся хіба што дзеля таго, каб выканаць свой шлюбны абавязак. І нават у тыя кароткія імгненні блізкасці мы былі ўжо страшэнна далёка адно ад аднаго.
Пра маё існаванне ўспомніла ты толькі тады, калі табе здалося, што я стаў небяспечны для тваіх дзетак. Ты ўзненавідзела мяне, калі я загаварыў пра свае правы на іх. Можаш цяпер парадавацца: ніякага бацькоўскага інстынкту ў мяне не было. Ува мне проста заклекатала рэўнасць, я зайздросціў гэтым малым, якія абудзілі ў табе такую палкую любоў. І вось, каб пакараць цябе, я хацеў адабраць іх у цябе. Вядома, я гаварыў пра высокія матывы, перш-наперш пра бацькоўскі абавязак. Не хацеў я, каб адпетая ханжа, прытворшчыца-святоша сапсавала маіх дзяцей… Вось у якую гордую позу я станавіўся… Урэшце, якая поза? Так я лічыў і на самай справе.
Божа, ці ўдасца мне калі-небудзь закончыць гэтае пасланне? Я пачаў пісаць яго табе, а цяпер мне здаецца, што не зможаш ты чытаць усё гэта. Значыць, хутчэй за ўсё пішу я самому сабе. Можа, гэта прафесійная прывычка: стары адвакат прыводзіць да ладу папку з абсалютна прайгранай справай свайго жыцця…
Зноў чуваць царкоўныя званы… Заўтра вялікдзень. Давядзецца мне спусціцца ў гасціную і адзначыць разам з вамі «святы дзень», як я табе абяцаў. «Дзеці скардзяцца, што зусім цябе не бачаць», — сказала ты сёння раніцай. Разам з табой была каля маёй пасцелі Жэнеўева. Ты выйшла, каб пакінуць нас адных. Жэнеўеве трэба было пра нешта мяне папрасіць. Я чуў, як вы шапталіся ў калідоры. «Пагавары з ім спачатку ты», — пераконвала ты Жэнеўеву. Я здагадваўся, што гаворка пойдзе пра мужа маёй унучкі, пра гэтага шалапута і гультая Філі. Які ж я малайчына! Так павярнуў размову, што не даў Жэнеўеве загаварыць пра свайго няўдалага зяця, і яна пайшла з чым прыйшла. Я-то добра ведаю, што ёй трэба. На мінулым тыдні я чуў, як яны свае планы строілі. Акно гасцінай акурат пад маім акном, і, калі вокны адчынены, я магу пачуць кожнае слова. Варта мне толькі нахіліцца. Яны хочуць, каб я «пазычыў» Філі вялікую суму, а ён унясе яе на біржу і атрымае чвэрць пакета акцый… Хацець то хочуць, але я, стары ліс, носам чую: хутка будзе бура. Трымай грошы пад замком… Ведалі б яны, колькі я прадаў акцый у мінулым месяцы: я яшчэ тады ўлавіў, што курс акцый вось-вось пачне падаць, і апярэдзіў падзеі…
Усе паехалі да вячэрні. Апусцеў дом, ні душы на вуліцы, на палях. А я сяджу тут адзін, стары Фаўст, адрынуты ад усіх людскіх радасцяў сваёй жахлівай старасцю.
Не ведаеце вы, што такое старасць. А як уважліва слухалі вы мяне за снеданнем, калі я загаварыў пра справы на біржы, — так і елі мяне вачыма, так і лавілі кожнае слова. Зрэшты, гаварыў я толькі для Хюбэра — няхай думае, пакуль яшчэ не позна. Як жа ён устрывожыўся! Вось дзе ўжо хто не ўмее хаваць свае непрыемнасці! Але еў ён за дваіх, апаражняючы адну талерку за другой. А ты яму ўсё падкладала. Усе мацяркі аднолькавыя: як убачаць, што ў любага сынка непрыемнасці, дык амаль сілком прымушаюць яго есці, нібы гэта яго падбадзёрыць і дапаможа выйсці з бяды. А Хюбэр цябе перабіваў, не даваў гаварыць, грубіў, як калісьці я грубіў сваёй маме.
Читать дальше