Помню, з якім замілаваннем глядзела яна на цябе, калі ты малявала ці іграла на піяніна «Песню без слоў» Мендэльсона, абавязкова спатыкаючыся ў адным і тым жа месцы.
Бывала, да цябе прыязджалі сяброўкі. Ты ніколі не забывалася папярэдзіць іх:
— Зараз убачыце маю свякроў. Цікавы экземпляр… Сапраўдная сельская арыстакратка. Раю паглядзець і запомніць: больш такіх нідзе ўжо не сустрэнеш…
Ты лічыла, што ў мамы ёсць свае арыгінальныя манеры і многа такту. Яна ўмела гаварыць са слугамі на мясцовым дыялекце, і ты паблажліва адзначала, што яна цудоўна трымаецца з «простымі людзьмі». Па прывычцы ты паказвала сяброўкам стары дагератып, дзе мама ў пятнаццаць гадоў насіла яшчэ хустку. Ты нават вывучыла старадаўнюю народную песеньку пра дабрачыннасць сялянскіх сем'яў і выконвала яе перад сваімі гасцямі. Якая ж ты была тады згаворлівая, памяркоўная! Але мацярынства адкрыла тваю сапраўдную натуру…
Я ўсё збіваюся і ніяк не магу расказаць пра тую ноч. Было тады так душна, што мы нават не зачынялі акна, хоць ты і баялася кажаноў. На дварэ шапацела старая ліпа, а нам усё здавалася, што нехта дыхае ў кутку пакоя. Часам ад подыху ветру лісце пачынала шумець так, нібы ішоў моцны лівень. У акне красаваўся маладзік. Яго халоднае святло падала на падлогу, на крэслы, дзе ляжала наша адзенне. Нечакана ўсё сціхла, і ты сказала: «Давай спаць. Трэба заснуць…» Але і ў сне не знаходзілі мы спакою: прывід невядомага мне Рудольфа блукаў па пакоі. Варта мне было толькі абняць цябе, як у тваім сэрцы ўваскрасаў яго вобраз… Ты вызвалялася з маіх абдымкаў, але прывід не знікаў… Не хацеў я, баяўся пакутаваць. Так, мусіць, ужо створаны чалавек: бяда, гора, смерць — нішто не перашкодзіць яму бараніць сваё шчасце… Я ведаў, што не трэба ў цябе нічога распытвацца. Няхай яго імя будзе вадзяной бурбалкай: мільгне і лопне на паверхні нашага жыцця… Забыцца… Забыцца, выкінуць з памяці гэтае імя, бо гэта першы знак нашай бяды, гэта яд, і ад яго паратунку не будзе… І я маўчаў. Але ты, няшчасная, ты не магла насіць у сабе гэты ўспамін пра няспраўджанае каханне, пра ашуканую, неспатоленую страсць… І дастаткова было, каб у мяне вырвалася пытанне: ды хто ж ён такі, гэты Рудольф? — як ты адразу загаварыла:
— Дарагі, мне варта было б сказаць табе сёе-тое яшчэ перад вяселлем… О, нічога асаблівага, супакойся!..
Ты гаварыла шэптам. Спяшалася. Табе трэба было выгаварыцца. І цемру пранізвалі словы-стрэлы… Твая галава ўжо не ляжала ў мяне на плячы. Мы заставаліся ў пасцелі зусім побач, а паміж намі ўжо была непраходная бездань.
Рудольф… Маці яго была аўстрыйка, а бацька — француз, багаты фабрыкант… З Рудольфам ты пазнаёмілася ў Эксе. Ты ездзіла туды з бабуляй. Было гэта якраз за год да нашай з табой сустрэчы ў Люшоне. Ён прыехаў з Кембрыджа. Які ён быў з выгляду, ты не гаварыла, але я адразу намаляваў сабе яго партрэт: там былі ўсе прывабныя спакушальныя рысы, якіх сам я быў пазбаўлены… Месяц высвечваў маю вялікую мужыцкую руку з нязграбнымі пальцамі і кароткімі пазногцямі. Калі табе верыць, то нічога благога вы тады не зрабілі, хоць паводзіў ён сябе нібыта не так далікатна, як я. Не памятаю я дакладна тваіх прызнанняў. Дый навошта яны мне? Справа не ў гэтым. О, калі б ты яго не пакахала!.. Я, вядома, паступова супакоіўся б і дараваў бы табе гэты няўдалы раман, калі б з першага разу загінула чысціня нявіннага дзяўчаці. Але ўжо тады ў мяне ўзнікла сумненне: «Не прайшло і года, а яна пасля такога вялікага кахання пакахала мяне!.. Як жа так?..» І я ўвесь пахаладзеў. «Значыць, усё гэта фальш, — думаў я, — яна ўвесь час ашуквала мяне. І як жа гэта я ўбіў сабе ў галаву, што яна можа пакахаць мяне? Такіх, як я, ніхто не кахае!»
Яшчэ мігцелі апошнія перадсвітальныя зоркі. Недзе ў садзе прачнуўся дрозд. Праз адчыненае акно павеяў ветрык, і мы адчулі яго прыемную свежасць. Здаецца, усё было, як і раней, у пару майго шчасця… Усяго якіх дзесяць хвілін назад яно яшчэ было са мной, шчасце, а цяпер я ўжо гавару: «У пару майго шчасця…» Я запытаўся:
— Ён не захацеў цябе браць замуж?
Гэта быў удар па тваім самалюбстве. О, як ты пакрыўдзілася, як зашыпела… Я, безумоўна, памыляўся. Усё было якраз наадварот. Рудольф вельмі кахаў цябе і палічыў бы за вялікі гонар мець жонку з сям'і Фандадэжаў. Але яго бацькі даведаліся, што абодва твае браты памерлі ў дзяцінстве ад сухотаў. А паколькі ў Рудольфа здароўе было слабое, то яго бацькі і слухаць не хацелі пра такі шлюб.
Ты расказвала і расказвала і нават не падазравала, што губіш сваё і маё шчасце:
Читать дальше