— Вось бачыш, дарагі, - такая ўжо мая доля: кахаць аднаго, а выйсці замуж за другога. Ты ж ведаеш, мае бацькі страшэнна ганарлівыя, і яны моцна пакрыўдзіліся, калі шлюб мой з Рудольфам разладзіўся. Вось гэта і прынесла нам з табой шчасце. У такіх сем'ях, як наша, усе надаюць неверагоднае значэнне здароўю, асабліва калі справа датычыць шлюбу. Мама перапалохалася, што ўвесь горад ведае, чаму Рудольф пакінуў мяне, і цяпер ніхто не захоча мяне ўзяць. Кожны дзень яна толькі і паўтарала, што кукаваць мне да смерці старой дзеўкай. Некалькі месяцаў не было мне жыцця ад маёй маці. Як быццам мала сваёй бяды… Скончылася тым, што яна і бацьку ўгаварыла…
Я трымаўся спакойна і маўчаў, каб не перапыняць цябе. А ты ўсё даказвала мне, што наша каханне было наканавана самым Богам.
— Я пакахала цябе з першага позірку. Я многа малілася ў Лурдзе і, калі ўбачыла цябе — адразу зразумела: Бог пачуў мае малітвы…
Ты і не здагадвалася, якім болем аддаваліся ўва мне гэтыя словы. Нават бязбожнікі маюць больш узвышанае ўяўленне пра рэлігію, чым ты — веруючая. Кожны бязбожнік абурыцца, калі давядзецца, з якімі нізкімі, карыслівымі просьбамі звярталася ты да Бога, да свайго бацькі нябеснага. Але што мне да таго? З тваіх слоў выходзіла, што твая маці і ты накінуліся на першага стрэчнага жаніха і падлавілі яго на кручок.
Вось тады я і зразумеў, якім недарэчным быў наш шлюб. Адбыўся ён толькі таму, што на тваю паважаную маці найшло нейкае вар'яцтва, якім яна заразіла і бацьку, і цябе… Ты мне расказала, што барон Філіпо нават пагражаў адрачыся ад цябе, калі ты выйдзеш за мяне замуж. Атрымліваецца так, што ў той час, калі мы пасмейваліся з барона ў Люшоне, гэты чалавек рабіў усё магчымае, каб схіліць Фандадэжаў да разрыву са мной.
— Ды толькі дарэмна ён стараўся. Я пакахала цябе, рашэнне маё было цвёрдае, і я не шкадую пра гэта…
Я маўчаў, слухаў і не перабіваў цябе. А ты ўсё пераконвала мяне, што не было б табе шчасця з гэтым Рудольфам. Занадта ён быў прыгожы, ды і кахаць не ўмеў, а толькі паблажліва дазваляў, каб кахалі яго. Любая жанчына магла адабраць яго ў цябе. І ты не заўважала, што нават голас твой мяняўся, калі ты вымаўляла яго імя: звычайна голас у цябе трохі сухаваты, а тут раптам з'яўляліся такія пяшчотныя, трапяткія ноткі, нібы з тваіх грудзей ірваліся на волю ўсхваляваныя любоўныя ўздыхі.
Выходзіць, не ашчаслівіў бы цябе твой Рудольф, таму што быў прыгожы, абаяльны і падабаўся жанчынам. Інакш кажучы, ты вырашыла шукаць шчасця са мною, бо са мною табе было прасцей, спакайней: хто паквапіцца на такога панурага, нецікавага тыпа. «У Рудольфа былі, - казала ты, — нязносныя звычкі, як і ў многіх маладых гуляк, што вучыліся ў Кембрыджы і нахапаліся ангельскіх манер». Дык няўжо ты аддала перавагу мужыку, які не можа выбраць тканіны на касцюм, завязаць гальштука, не займаецца спортам, не ўмее далікатна і дыпламатычна размаўляць, не ведае, як жыць прыгожа і весела? Не, ты выбрала гэтага няшчаснага маладога чалавека толькі таму, што ён трапіў табе на вочы якраз тады, калі маці ўбіла сабе і табе ў галаву, што «немагчыма выдаць замуж гэтую дачку», і так вымучыла цябе, што ты не магла больш чакаць… Да таго ж у жаніха было дастаткова грошай, каб апраўдаць гэты шлюб у вачах «прыстойных людзей».
Я маўчаў і слухаў, ледзьве стрымліваючы сябе, сціскаў кулакі, кусаў губы. І нават цяпер, калі я сам сабе раблюся агідным і страшным, калі я праклінаю сваё цела і душу, думкі мае заўсёды вяртаюцца ў той далёкі 1885 год. Мне ўспамінаецца той дваццацітрохгадовы юнак, няшчасны муж, які амаль у непрытомнасці прыціскаў да грудзей рукі, нібы хацеў задушыць у сабе сваё маладое каханне.
Я ўвесь дрыжаў. Ты заўважыла гэта і спыталася:
— Табе холадна, Луі?
— Нешта і праўда ў нас халаднавата…
— Паслухай, а ты мяне не раўнуеш? Гэта было б зусім недарэчна.
Я супакоіў цябе, што не збіраюся раўнаваць, і я не ашукваў цябе. Але хіба ты магла зразумець, што драма мая была зусім не ў рэўнасці?
Ты і думаць не думала, якую глыбокую рану зрабіла мне, але маё маўчанне цябе занепакоіла. У начной цемры твая рука працягнулася да мяне, пагладзіла мой лоб, твар. Дарэмна ты спадзявалася, што шчокі мае будуць вільготныя ад слёз, але, хто ведае, можа, тады твая рука і не пазнала знаёмых рыс на маім суровым твары. Я моцна сціснуў зубы і ўвесь акамянеў. Ты спалохалася. Ты хацела запаліць свечку. Перагнулася цераз мяне і ніяк не магла намацаць запалкі на начным століку. А я задыхаўся пад тваім ненавісным целам.
Читать дальше