Твой бацька быў яго аднагодкам, але, нягледзячы на сівую бараду, лысіну і тоўсты жывот, яшчэ падабаўся жанчынам і часам карыстаўся гэтым пры наладжванні дзелавых кантактаў. Толькі мая маці дала яму рашучы адпор. Магчыма, што ўдар, нанесены мной напярэдадні, зрабіў яе яшчэ больш незгаворлівай і цвёрдай. Маці аспрэчвала кожны пункт шлюбнага дагавору, нібы гаворка ішла пра гандлёвае пагадненне ці пра дагавор на арэнду зямлі. Я рабіў выгляд, што злуюся, не згаджаюся з мамай, а ў глыбіні душы радаваўся, што яна так стойка бароніць мае інтарэсы. І калі сёння мая маёмасць строга адмежавана ад тваёй, і вы не маеце ніякай улады нада мною, то гэтым я абавязаны толькі маме. Гэта яна тады настойвала, каб паміж мною і табой быў зроблены самы дакладны падзел маёмасці, нібы я быў наіўнай дзяўчынай, якая адважылася выйсці замуж за несусветнага п'янюгу.
Твае бацькі пагадзіліся з гэтым патрабаваннем, і я супакоіўся: значыць, яны трымаліся за мяне, даражылі мною, бо лічыліся з тваім каханнем да мяне.
Мама і слухаць не хацела, каб твой пасаг выплочваўся рэнтай, і дамагалася, каб далі яго адразу грашыма або нерухомай маёмасцю. «Яны мне тыцкаюць гэтым баронам Філіпо, — гаварыла яна, — які ўзяў старэйшую без адзінага франка. Во куды загнулі! Каб такі стары чорт ды яшчэ пасаг патрабаваў! Няхай радуецца, што адхапіў такую маладзіцу! Ну, а з намі так справа не пойдзе. Яны думалі, я надта буду радавацца, што параднюся з імі… Дрэнна яны мяне ведаюць…»
А мы, «галубкі», толькі прытвараліся, што нас гэтая спрэчка зусім не цікавіць. Па-мойму, ты верыла ў вопыт свайго бацькі, а я — у маміну разважлівасць і асцярожнасць. Хто яго ведае, а можа, мы з табой тады яшчэ не зусім разумелі, што значыць мець добрыя грошы?..
Не, выбачай, Я, можа, залішне суровы. Грошы ты заўсёды любіла толькі дзеля дзяцей. Ты, бадай, і мяне магла б забіць дзеля ўзбагачэння тваіх дзетак, а не дзеля сябе, бо ім ты аддала б і апошні кавалак хлеба.
А я вось… я люблю грошы, мне з імі спакайней. І я не баюся пра гэта гаварыць. Пакуль я буду гаспадаром свайго багацця, вы нічога мне не зробіце. Ты вось усё паўтараеш мне: «Нам з табой ужо так мала трэба…» Якая памылка! Старога лічаць за чалавека толькі да таго часу, пакуль у яго ёсць грошы. Як толькі грошы знікаюць, яго выкідаюць як непатрэбны хлам. У нас толькі адзін выбар: або ты апынешся ў багадзельні, або будзеш трымацца за сваё багацце. Гэта ж не выдумкі — гэтыя страшныя выпадкі ў сялянскіх сем'ях: маладыя выцягнуць са старых усё да капейкі, абяруць да ніткі, а потым голадам іх мораць, каб хутчэй са свету зжыць. А колькі разоў прыкмячаў я падобнае і ў заможных буржуазных сем'ях! Праўда, тут дзейнічаюць больш тонка і захоўваюць некаторую прыстойнасць. Ну дык вось, я баюся страціць багацце. І мне ўсё здаецца, што мала ў мяне яшчэ золата, трэба яшчэ, яшчэ… Вас золата цягне да сябе, вабіць, а мяне яно ахоўвае і бароніць.
Надышоў час вячэрняй малітвы, а я чамусьці не чуў, як білі ў званы… А-а, сёння ж і не званілі, сёння страсная пятніца. Вечарам з горада прыедуць на аўтамабілі ўсе нашы мужчыны — сын і зяці. Усе мы збяромся за адным сталом. Я адчуваю сябе больш упэўнена, калі вы ўсе разам, цяжэй гутарыць і змагацца з кожным паасобку. І яшчэ я з задавальненнем з'ем у гэты дзень вялікага посту мясную катлету. Не, не, дражніць вас я не збіраюся, проста мне хочацца паказаць вам, што воля мая непахісная і ні ў чым я вам не саступлю. І калі табе за сорак пяць гадоў так і не ўдалося паслабіць маё становішча, то толькі таму, што я ніколі не зрабіў табе ніводнай уступкі… Так што вы сёння будзеце есці фасолю і сардзіны ў алеі, а я — катлету. І гэта будзе знакам таго, што я па-ранейшаму моцны і не пакідаю вам ніякай надзеі: пакуль я жывы — не абакрасці вам мяне!
Я не памыліўся. Маё з'яўленне ўчора за сямейным сталом разладзіла ўсе вашы планы. Весела было толькі за дзіцячым столікам, бо вечарам у страсную пятніцу дзецям у нас падаюць шакалад і булку з маслам. Дзяцей было шмат, і я іх ледзьве пазнаю. У маёй унучкі Яніны ўжо ёсць дачушка… Толькі што пачала хадзіць… Я паказаў усім, што ў мяне цудоўны апетыт. Ты паспрабавала апраўдаць мой грэх перад дзецьмі: «Наш дзядуля старэнькі, хворы. Доктар сказаў яму есці катлетку».
Мне страшэнна не спадабаўся аптымізм Хюбэра. Ён самаўпэўнена даводзіў усім, што справы на фондавай біржы хутка пойдуць на лад, — але ж так стараюцца падбадзёрыць сябе толькі людзі, калі гаворка ідзе пра іх жыццё ці смерць. А ён жа мой сын. Гэты саракагадовы мужчына — мой сын! Ведаю гэта, але не адчуваю. Як цяжка паверыць у такую ісціну!.. А што, калі справа ў яго не клеіцца?.. Банкір, які дае ўкладчыкам такія дывідэнды, вядзе вялікую і рызыкоўную гульню… А раптам зусім недалёка ўжо той дзень, калі гонар нашай сям'і будзе пастаўлены пад сумненне?.. Гонар сям'і! Не, і гэты ідал ніякай ахвяры ад мяне не дачакаецца. На ўсякі выпадак ужо цяпер прымаю рашэнне: вытрымаць удар і ні ў якім разе не расчуліцца! Тым больш што акрамя мяне ёсць яшчэ і стары Фандадэж. А гэты не дасць вадзіць сябе за нос…
Читать дальше