Выбіраць адваката Вільнаў не захацелі. Выйшла так, што абараняць інтарэсы мадам Вільнаў прызначылі мяне. Штодня ездзіў я да яе ў турму, аднак выпытаць мне нічога не ўдалося. Па горадзе хадзілі самыя неверагодныя чуткі, але я з самага пачатку не сумняваўся, што мадам Вільнаў невінаватая: яна сама ўзяла на сябе віну, а яе дарагі і любы муж пагадзіўся з гэтым. О, у людзей, якія самі не зведалі ўзаемнага кахання, ёсць асаблівае абвостранае пачуццё, і яны беспамылкова адгадваюць палкае каханне ў іншых. Гэтая жанчына была ўся ў палоне кахання да свайго мужа. Яна, безумоўна, не страляла, не магла страляць. Версія пра тое, што страляць мог хто-небудзь з яе раўнівых паклоннікаў, таксама адпадала: нікога з гасцей ні ў той дзень, ні напярэдадні ў доме не было. Нарэшце… добра, не буду цябе стамляць падрабязнасцямі…
Да самага пачатку суда я бачыў сваю задачу толькі ў тым, каб адмаўляць віну маёй падабароннай і даказваць, што яна не магла пайсці на такое злачынства. І ўжо ў апошні момант мяне асяніла геніяльная здагадка і таямніца трагедыі адкрылася. Усё вырашыла паказанне сына падсуднай, пятнаццацігадовага Іва Вільнаў, - дакладней, не само паказанне — яно было нязначнае і нічога новага не давала, а той умольны і патрабавальны позірк, якім глядзела на яго маці: яна вачэй ад яго не адрывала да таго часу, пакуль ён не скончыў гаварыць і яго не павялі з судовай залы, — толькі тады яна супакоілася і з палёгкай уздыхнула. Вось гэта і развеяла ўсе мае сумненні. Я абвінаваціў у замаху на забойства сына, гэтага падлетка, які прыраўнаваў маці за яе гарачае каханне да бацькі. Суддзі, сведкі, прысутныя — усе былі ашаломлены маёй бездакорнай логікай і бліскучым красамоўствам. Гэтая мая прамова ўвайшла ў гісторыю юрыспрудэнцыі, а прафесар Ф. [5] Аўтар, відаць, мае на ўвазе Зігмунда Фрэйда (1856–1939), заснавальніка тэорыі псіхааналізу.
сам прызнаўся, што ў ёй ён знайшоў самы істотны элемент сваёй сістэмы. Акрамя таго, маё выступленне падштурхнула спецыялістаў глыбей зацікавіцца псіхалогіяй падлеткаў і шукаць метады лячэння іх неўрозаў.
Дарагая Іза, я расказваю пра гэты выпадак зусім не дзеля таго, каб выклікаць у цябе запозненае захапленне маім талентам, якога ты не адчувала ў дні маёй славы, калі газеты ўсяго свету друкавалі артыкулы пра мяне і змяшчалі мой партрэт. Справа тут у іншым. Поўная твая абыякавасць у той урачысты момант майго жыцця вельмі наглядна паказала мне, які я табе чужы і непатрэбны. А ў гэты самы час перад маімі вачыма стаяў прыклад жаночага самаахвярнага кахання, — за турэмнымі кратамі я бачыў жанчыну, якая ахвяравала сабой не так дзеля таго, каб адвесці бяду ад свайго дзіцяці, а каб уратаваць сына свайго мужа, спадчынніка яго імя. Не хто іншы, як ён, ахвяра, упрошваў сваю жонку: «Вазьмі віну на сябе…» У сваім каханні яна пайшла да канца і хацела пераканаць увесь свет, што яна — злачынка, яна хацела застрэліць чалавека, які быў ёй даражэйшы за ўсіх на свеце. І паклікала яе на гэта не мацярынская, а шлюбная любоў… (Падзеі, якія адбыліся пасля, поўнасцю пацвердзілі гэта: яна пакінула сына і заўсёды знаходзіла прычыны, каб быць далёка ад яго.) А магла ж якая-небудзь жанчына пакахаць мяне так, як кахала Вільнаў жонка. Я многа разоў бачыўся з ім, калі вялося следства. Чым ён лепшы за мяне? Даволі прыгожы, прыстойны мужчына, але не сказаць, каб вельмі разумны, — гэта даказваецца яго варожымі адносінамі да мяне пасля працэсу. А я быў таленавіты. Апыніся тады побач са мной адданая мне жонка, якіх бы толькі вышынь я не дасягнуў! Але адзінокаму чалавеку цяжка, немагчыма ўвесь час верыць у сябе. Нам патрэбна, каб побач з намі быў сведка нашай сілы, каб ён адзначаў нашы ўдачы, няўдачы, падлічваў ачкі, а ў дні нашых перамог увенчваў нас лаўрамі, - як некалі ў школе, атрымліваючы пахвальны ліст, я шукаў у натоўпе маму, і пад гукі ваеннага аркестра яна ўскладала на маю галоўку залаты лаўровы вянок.
У час працэсу Вільнаў маміна здароўе моцна пагоршала. Я не адразу заўважыў гэта. Першай прыкметай упадку была яе нечаканая любасць да маленькага чорненькага сабачкі, які пачынаў утрапёна брахаць, як толькі хто набліжаўся да мамы. Кожны раз, калі я наведваў маму, яна толькі і ведала, што гаварыла пра гэтага сабачку.
Зрэшты, маміна пяшчота не магла замяніць мне таго кахання, якое выратавала б мяне на самым галоўным павароце майго жыцця. Была ў мамы адна загана, якую разам з кроўю перадала яна і мне: прага да грошай. Яна ўгаварыла мяне не пакідаць адвакатуры, дзе, як яна казала, «можна зарабіць добрыя грошы». А мяне вабіла літаратурная дзейнасць. І мяне запрашалі супрацоўнічаць у газетах, часопісах… На выбарах левыя партыі прапаноўвалі мне вылучыць сваю кандыдатуру ў парламент ад акругі Ля-Бастыд (чалавек, які пасля маёй адмовы даў згоду балаціравацца, прайшоў без ніякіх цяжкасцей). Але я не паддаўся свайму славалюбству, таму што хацеў мець «добрыя грошы».
Читать дальше