Ён высушыў руку, трымаючы яе ў паветры, пасля ўхапіў ёю шнур і, расслабіўшыся як мог, даў падцягнуць сябе наперад да борта, гэтак, што на саму лодку прыпадала цяпер напругі не менш, калі не болей, як на яго.
«Я вучуся як спраўляцца з такім клопатам, — падумаў ён. — Прынамсі, з гэтай часткай работы. І не забудзься яшчэ, што ён не еў з таго часу, як узяў прынаду, і што ён вялізны і яму трэба шмат ежы. А я з'еў цэлага баніта. Заўтра прымуся за дэльфіна. Ён зваў яго dorado. Мажліва, пакаштую ўжо тады, калі буду чысціць. Яго куды цяжэй есці, як баніта. Але ж лёгкага нічога няма».
— Як пачуваешся, рыба? — спытаўся ён уголас. — Я добра пачуваюся, і мая левая рука паздаравела, і я маю запас ежы на ноч і на дзень. Так што цягні лодку, рыба.
Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, які ўядаўся ў спіну, ужо быў не проста боль — ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. «Але са мной здараліся горшыя рэчы, — думаў ён. — Мая рука толькі трошкі парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногі мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правізію».
Ужо сцямнела, у верасні па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхінуўшыся да шэрых абшарпаных дошак лодкі, адпачываючы ад усёй сваёй стомы. Загарэліся першыя зоркі. Яму была невядома назва зоркі Рыгель, але ён бачыў яе і ведаў, што неўзабаве выйдуць і астатнія, і ён будзе з усімі сваімі далёкімі сябрамі.
— Марлін — таксама мой сябра, — сказаў ён услых. — Гэткага я ніколі не бачыў і не чуў, што ёсць такі. Але я павінен забіць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забіць зоры.
«Уяві, што было б, калі б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, — падумаў ён. — Месяц жа не стаіць на месцы. А можаш сабе ўявіць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзіліся шчаслівыя», — прыйшоў ён да высновы.
Потым яму стала шкада вялізную рыбіну, якая не мела чаго есці. Але яго рашучы намер даканаць марліна ніяк не паслабеў ад таго шкадавання. «Як багата людзей накорміць ён, — разважаў стары чалавек. — Але ці вартыя яны есці яго? Ну, безумоўна, не. Няма анікога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзіць, з такім пачуццём годнасці».
«Я не дужа разумею гэтыя рэчы, — падумаў ён. — Але добра, што нам не трэба намагацца забіць сонца або месяц, або зоркі. Досыць таго, што мы жывімся морам і вымаем дух з нашых праўдзівых сяброў.
А цяпер, — падумаў стары чалавек, — трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хібы і свае вартасці. Я магу згубіць гэтулькі шнура, што згублю і марліна, калі той рване ад мяне, а тормаз — звязаныя адно з другім вёслы — будзе на месцы, і лодка згубіць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж — зарука маёй бяспекі, бо ён здатны на вялізную хуткасць, якою яшчэ ніколі не карыстаўся. Што б там ні было, я павінен растрыбушыць дэльфіна, каб не сапсуўся, і трохі з'есці, каб захаваць сілу.
Зараз я адпачну яшчэ гадзінку, пагляджу, ці гэткі ж ён моцны, што быў, і ці гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваім рупескам і цвёрда наважу, што рабіць. Тым часам я магу назіраць, як ён трымаецца і ці нямашака з ім якіх змен. Вёслы — добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, і я заўважыў, што кручок быў у куце рота, і рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад — вось што яму дапякае, і тое, што супроць яго якаясьці незразумелая яму сіла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе».
Ён адпачываў, як яму здалося, гадзіны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькі па ім ён мог вызначыць час. Дый ці адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як і раней, нёс на сваіх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкі і ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супраціву рыбіне. «Як было б проста і добра, калі б я мог напяць шнур моцна, — падумаў ён. — Але калі марлін раптоўна толькі падасца ўбок, то парве яго. Я павінен змякчаць напругу шнура сваім целам і ў любы час быць гатовы адпусціць той абедзвюма рукамі».
— Але ты яшчэ не спаў, старэча, — сказаў ён уголас. — Гэта ж палова дня і ноч, і другі дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павінен вынайсці спосаб, як трохі паспаць, калі ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме і памутнее.
«Але галава ў мяне ясная, — падумаў ён. — Дужа ясная. Я такі ж ясны, як зоркі, а мы — радня [33] Літаральна — браты.
. І ўсё ж я павінен паспаць. Зоркі спяць, і месяц, і сонца спіць, і нават акіян спіць часам, у пэўныя дні, калі плынь замірае, калі ягоная паверхня гладзюсенькая.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу