Ён паспешліва адышоў і крочыў, аж пакуль без сілаў не абсунуўся на зямлю. Тады ён лёг спаць на сцежцы і заснуў; спаў ён доўга, але неспакойна і з перапынкамі. Потым ён зноў пайшоў, нерашучы, няпэўны, баючыся правесці сам-насам з сабой яшчэ адну ноч.
Раптам ён прыняў адчайнае рашэнне вярнуцца ў Лондан.
— Там хоць ёсць з кім пагаварыць пасля ўсяго гэтага, — падумаў ён. — Да таго ж ёсць дзе схавацца. Яны ніколі не падумаюць шукаць мяне там, калі ўжо пайшла чутка, што я ўцёк за горад. Чаму я не магу перачакаць тыдзень-два, дастаўшы з Фэджына грошы, і потым даць цягу ў Францыю? Ліха яе матары, трэба рызыкнуць.
Ён, не адкладваючы, пачаў ажыццяўляць гэты свой намер і, выбіраючы самыя глухія дарогі, падаўся назад. Вырашыў схавацца дзе-небудзь непадалёку ад сталіцы, потым у прыцемках акольнымі дарогамі прабрацца ў яе і накіравацца ў той квартал, які ён намеціў за сваю мэту.
Але ж сабака... Калі былі разасланыя хоць якія-небудзь апісанні, то, напэўна, не забыліся, што і сабака таксама знік, а значыць, ён пабег услед за гаспадаром. Гэта можа прывесці да яго арышту, калі ён будзе прабірацца па вуліцах. Ён вырашыў утапіць сабаку і пайшоў далей, выглядаючы які-небудзь стаў або сажалку; па дарозе ён падабраў цяжкі камень і загарнуў яго ў насоўку.
Пакуль гаспадар рабіў гэтыя падрыхтоўчыя справы, сабака не зводзіў з яго вачэй; быў гэта інстынкт, які папярэджваў яго пра мэту гаспадара, ці касы пагляд таго быў крыху больш суворы, чым звычайна, аднак сабака трымаўся ад яго крыху далей, чым заўсёды, і падцяў хвост, як толькі той запаволіў хаду. Калі гаспадар спыніўся на беразе сажалкі і аглянуўся, каб паклікаць яго, той не крануўся з месца.
— На! На! Чуеш ці не? На сюды! — крычаў Сайкс.
Сабака, кіраваны сілай звычкі, быў падышоў, але калі Сайкс нагнуўся і пачаў прывязваць яму на шыю насоўку з каменем, ён глуха загырчэў і адскочыў.
— Ану, назад! — тупнуўшы нагой, крыкнуў рабаўнік.
Сабака пакруціў хвастом, але застаўся на месцы. Сайкс зрабіў удаўку і паклікаў яшчэ раз.
Сабака яшчэ раз наблізіўся, адступіў, пастаяў якую хвіліну, потым завярнуўся і стрымгалоў памчаўся прэч.
Сайкс свіснуў раз, другі, потым сеў і стаў чакаць, што сабака вернецца. Але гэтага не здарылася, і ён пайшоў далей адзін.
Манкс і містэр Браўнлоў нарэшце сустракаюцца.
Іх размова і паведамленне, якое яе перапыняе
Ужо цямнела, калі містэр Браўнлоў выйшаў з найманай карэты і ціха пастукаў у дзверы свайго дома. Калі дзверы адчыніліся, з карэты выйшаў каржакаваты мужчына і стаў з аднаго боку падножкі, а з козлаў злез другі мужчына і заняў месца з другога боку. На знак містэра Браўнлоў яны дапамаглі выбрацца трэцяму і, паставіўшы яго паміж сабой, хуткім крокам паперлі яго ў дом. Гэты трэці быў Манкс.
Такім жа чынам, не гаворачы ні слова, яны падняліся па лесвіцы, і містэр Браўнлоў, які ішоў паперадзе, правёў іх у адзін з задніх пакояў. Ля яго дзвярэй Манкс, які падымаўся з яўнай неахвотай, спыніўся. Два мужчыны зірнулі на старога джэнтльмена, быццам чакалі ягонага распараджэння.
— Ён ведае, што можа выбіраць, — сказаў містэр Браўнлоў. — Калі ён будзе вагацца або паварушыць хоць пальцам не ў той бок, валачыце яго на вуліцу, выклікайце паліцыю і ад майго імя прад’яўляйце яму абвінавачанне ў злачынстве.
— Якое права вы маеце так гаварыць пра мяне? — запытаў Манкс.
— Якое права вы маеце прымушаць мяне рабіць гэта, малады чалавек? — адказаў містэр Браўнлоў, неадрыўна і пільна гледзячы на яго. — Ці хопіць у вас вар’яцтва пакінуць гэты дом? Пусціце яго. Вось, сэр, — вы вольны ісці, а мы — ісці следам. Але я папярэджваю вас. І клянуся ўсім, што я лічу найбольш святым, што ў той самы момант, як вы ступіце на вуліцу, у той самы момант я арыштую вас па абвінавачанні ў махлярстве і рабаўніцтве. Гэта канчаткова і непарушна. І калі ўжо вы мусіце заставацца сабой, то няхай ваша кроў абрынецца на вашу ўласную галаву!
— З чыйго гэта загаду я быў выкрадзены на вуліцы і дастаўлены сюды гэтымі сабакамі? — спытаў Манкс, гледзячы то на аднаго, то на другога з мужчын, якія стаялі побач з ім.
— З майго, — адказаў містэр Браўнлоў. — За гэтых асоб адказнасць нясу я. Калі вы скардзіцеся, што вас пазбавілі свабоды — вы мелі права і магчымасць вярнуць яе, калі ехалі сюды. Але палічылі за разумнае не прыцягваць да сябе ўвагі — я паўтараю яшчэ раз, аддайцеся пад абарону закона. Я таксама звярнуся да закона. Але калі вы зойдзеце занадта далёка, каб адступаць, не прасіце мяне аб спагадзе пасля таго, як права рашаць пяройдзе ў іншыя рукі, і не кажыце, што я піхнуў вас у бездань, у якую вы ўляцелі самі.
Читать дальше