— А гэта што за тавар? Як ён на смак, Гары? — спытаў, ухмыляючыся, адзін з вяскоўцаў і паказаў на нейкія пліткі ў кутку скрынкі.
— Гэта, — адказваў хлапчына, выцягваючы адну з плітак, — гэта найлепшы, незамяняльны сродак для выдалення ўсялякіх плям, іржы, бруду, пырскавых плям з ядвабу, атласу, ільнянога палатна, сукна, крэпу, шэрсці, дываноў, мерыносавай шэрсці, мусліну, бамбазіну і любой іншай шарсцяной тканіны. Плямы ад віна, садавіны, ягад, ліманаду, фарбы і дзёгцю — усе выводзяцца, калі адно пацерці гэтым незаменным саставам. Калі якая-небудзь лэдзі запляміць свой гонар, то ёй дастаткова будзе праглынуць адну толькі плітку — і адразу ўсё будзе як трэба, бо гэта атрута. Калі які-небудзь джэнтльмен захоча праверыць сябе — няхай прыме адну толькі маленькую плітку — і не будзе пытанняў, бо дзейнічае ён што тая куля і на смак шмат агіднейшы, так што гонар яму і слава, калі ён прыняў гэты сродак. Пені за штуку! Пры ўсіх вартасцях усяго пені за штуку!
Адразу знайшліся два пакупнікі; шмат хто са слухачоў вагаўся. Прадавец заўважыў гэта і пачаў нахвальваць свой тавар яшчэ больш.
— Усё купленае яшчэ ў мануфактуры, з-пад рук рабочых! — працягваў ён. — Чатырнаццаць вадзяных млыноў, шэсць паравых машын і адзін акумулятар працуюць без перапынку, але не паспяваюць вырабіць даволі, хоць людзі працуюць не пакладаючы рук, людзі паміраюць, працуючы, і ўдовам адразу даюць пенсію, дваццаць фунтаў у год на дзіця, а на блізнятаў — пяцьдзясят. Усяго пені за плітку! Можна і два паўпенсы, чатыры фартынгі таксама бяру з радасцю! Адзін пені за плітку! Плямы ад віна, садавіны, ліманаду, фарбы, бруду, крыві! Вось на капелюшы гэтага джэнтльмена з вашай кампаніі — я выведу яе, не паспее ён замовіць мне пінту элю...
— Ану! — сказаў, падскочыўшы з перапуду, Сайкс. — Аддай.
— Я выведу гэтую пляму, сэр, — запярэчыў хлапец, падміргваючы кампаніі, — перш чым вы перасечаце пакой, каб забраць яго. Джэнтльмены, усе звярнулі ўвагу на цёмную пляму на капелюшы гэтага джэнтльмена, не большую за шылінг, але таўшчынёй з паўкроны! Няхай сабе гэта будзе пляма ад віна, садавіны, ягадаў, ліманаду, фарбы, дзёгцю, бруду або нават крыві...
Карабейнік не закончыў фразу, бо Сайкс з вычварным праклёнам перакінуў стол, вырваў у яго з рукі капялюш і выбег з шынка.
Кіруемы той самай невытлумачальнай сваволяй, якая валодала ім цэлы дзень, забойца, упэўніўшыся, што яго не пераследуюць, што яго, мабыць, палічылі проста п’яным панурым хлопцам, павярнуў у горад і хацеў быў абысці святло ад ліхтароў карэты, якая стаяла ля невялікай паштовай станцыі, але потым пазнаў паштовую карэту на Лондан. Ён амаль ведаў наперад, што будзе далей, аднак перайшоў вуліцу і пачаў прыслухоўвацца.
Ля дзвярэй стаяў экспедытар у чаканні меха з пісьмамі. У гэты момант падышоў чалавек у форме ляснічага, і той уручыў яму кошык, які стаяў напагатове на тратуары.
— Гэта для вашай сям’і, — сказаў экспедытар. — Ну, варушыцеся там крыху. Каб гэты мех чэрці насілі, і ўчора ён не гатовы быў. Гэта нікуды не варта, вы ж ведаеце!
— Нічога новага ў горадзе, Бэн? — спытаў ляснічы, адступаючы бліжэй да аканіцаў, каб было больш зручна любавацца коньмі.
— Не, нічога новага не чутна было, — адказаў той, нацягваючы пальчаткі. — Цэны на хлеб крыху пайшлі ўверх. Чуў пра нейкае забойства на Спітэл-Філдз, але нешта не верыцца.
— О, гэта чыстая праўда, — азваўся нейкі джэнтльмен з карэты, выглянуўшы ў акно. — Жахлівае забойства.
— Сапраўды, сэр? — спытаў экспедытар і дакрануўся да капелюша. — Каго забілі, мужчыну або жанчыну?
— Жанчыну, — адказаў джэнтльмен. — Мяркуюць...
— Ну, Бэн! — усклікнуў нецярпліва кучар.
— Каб яго трасца, гэты мех! — усклікнуў экспедытар. — Вы там што, заснулі, ці што?
— Іду! — гукнуў, вылятаючы з памяшкання, загадчык станцыі.
— Іду..., — прабурчэў экспедытар. — Ідзе, як тая маладая ды багатая, якая мае закахацца ў мяне, ды вось не ведаю калі. Ну, давай! Па-е-ха-лі!
Ражок узяў некалькі вясёлых нот, і карэта памчалася.
Сайкс застаўся на вуліцы; яго, здавалася, не кранула тое, што ён пачуў, але далягала яму яшчэ адна найвялікшая турбота: ён не ведаў, куды падзецца. Нарэшце ён зноў павярнуў назад і падаўся дарогай, якая вяла з Хэтфілда ў Сэнт-Альбанс.
Ён упарта крочыў наперад, але калі выйшаў з мястэчка і апынуўся на бязлюднай, цёмнай дарозе, то адчуў, як да яго падкрадваюцца няпэўнасць і жах, як яны пранізваюць яго да мозгу касцей. Усё перад ім — рэальныя прадметы або цені, нерухомыя або ў руху — ператваралася ў пачварныя выявы, але жахі гэтыя былі нічым у параўнанні з пачуццём, якое не пакідала яго, — быццам за ім па пятах ідзе прывідная фігура, якая яму прымроілася сёння ранкам. Ён мог прасачыць яе цень у цемры, дакладна аднавіць абрысы і бачыць, як проста і ўрачыста гэты цень ступае. Ён мог чуць шолах прывідавай адзежы ў лістоце, і кожны ўздых ветру прыносіў той апошні ціхі стогн. Калі ён спыняўся, спыняўся і прывід. Калі ён бег, здань рухалася следам — не бегла, што было б яму палёгкай, але рухалася, як труп, надзелены нейкім механічным жыццём і гнаны павольным, меланхалічным ветрам, які ніколі не сціхаў і не ўзмацняўся.
Читать дальше