— Ха-ха-ха!
Марыё, здаецца, паціснуў плячыма. Прынамсі, яго перасмыкнула.
Магчыма, ён усяго толькі ўздрыгнуў, а поціск плячамі павінен быў замаскаваць аднолькавую абыякавасць і да гальштукаў, і да чароўных дзяўчат.
Кавальерэ мелькам зірнуў уніз, у праход.
— Ну, а гэты зубаскал нам не абыходзіць. Ён проста зайздросціць поспеху твайго гальштука ў дзяўчат, а можа, таму, што мы тут з табою на эстрадзе так па-сяброўску і мірна гутарым… Калі ўжо яму так пільна закарцела, я яму нагадаю пра ягоныя курчы. Мне гэта як ра-два-тры. Але скажы, Марыё, сёння ўвечары ты, значыцца, бавы бавіш… А ўдзень працуеш у галантарэйнай крамцы?
— У кавярні, — паправіў яго хлопец.
— Ах, у кавярні! — Тут Чыпола тыцнуў пальцам у неба. — Ты — camariere [40] Афіцыянт (іт.).
, чашнік, так бы мовіць. Ганімэд — мне гэта даспадобы, яшчэ адзін напамін пра антыку, — salvietta! [41] Сурвэтка (іт.).
Гульня слоў па аналогіі з salve — вітаю. — І тут Чыпола, на пацеху публіцы, зноў ускінуў руку ў рымскім вітанні.
Марыё таксама ўсміхнуўся.
— Раней, праўда, — дадаў ён дзеля шчырасці, — я працаваў нейкі час у краме ў Портэклемэнтэ. — У ягоных словах чулася ўласцівае многім людзям жаданне неяк дапамагчы прадказанню, знайсці ў ім хоць каліўца праўды.
— Так, так! У галантарэйнай крамцы?
— Там прадаваліся грабянцы і шчоткі, — ухіліста адказаў Марыё.
— Ну вось, ці ж не казаў я, што ты не заўсёды быў Ганімэдам, не заўсёды служыў з сурвэткай на руцэ? Нават калі Чыпола часам тыцкае пальцам у неба, ён усё-такі не зусім хлусіць, і яму можна хоць крышачку верыць. Скажы, ты мне верыш?
Няпэўны жэст.
— Гэта таксама адказ, — заключыў кавальерэ. — Так, давер заслужыць няпроста. Нават мне, як я бачу, прыйдзецца з табою павалэндацца. Але я заўважаю на тваім твары пячатку замкнёнасці, смутку, un tratto di malinconia [42] След меланхоліі (іт.).
. Скажы мне, — і ён схапіў Марыё за руку, — ты няшчасны?
— No, signore! [43] Не, сіньёр! (іт.).
—хуценька і рашуча азваўся той.
— Не, ты няшчасны, — настойваў фігляр, уладна адольваючы гэтую рашучасць. — Нібыта я не бачу? Малады яшчэ, каб пускаць пыл у вочы Чыполу! І вядома, тут не без дзяўчат, не, адна дзяўчына. У цябе няшчаснае каханне?
Марыё адмоўна затрос галавою. Адначасова побач з намі выбухнуў грубы рогат Джаваноты. Кавальерэ насцярожыўся. Вочы яго блукалі па столі, але ён яўна прыслухоўваўся да рогату, а потым, як ужо раз ці два падчас гутаркі з Марыё, крыху абярнуўшыся, ляснуў плёткай на сваіх танцораў, каб у іх руплівасць не прапала. Але пры гэтым ён ледзь не ўпусціў свайго субяседніка, які, нечакана ўздрыгнуўшы, адвярнуўся ад яго і пайшоў да сходаў. Вакол вачэй у хлопца залеглі чырвоныя кругі. Чыпола ледзьве паспеў яго затрымаць.
— Стой, куды гэта ты! — сказаў ён. — Гэта яшчэ што такое? Ты хочаш збегчы, Ганімэд, у самую шчаслівую хвіліну твайго жыцця, яна зараз настане. Заставайся, і я абяцаю табе дзівосныя рэчы. Я абяцаю даказаць табе ўсю недарэчнасць тваіх пакутаў. Дзяўчына якую ты ведаеш і якую людзі ведаюць, гэтая… ну, ну, як жа гэта яе?.. Пастой!.. Я чытаю яе імя ў тваіх вачах, яно круціцца ў мяне на языку, ды і ты, бачу, зараз яго назавеш…
— Сільвестра! — усклікнуў усё той самы Джаванота знізу.
Кавальерэ ані вокам, ані знаку.
— Ёсць жа такія несумленцы! — сказаў ён, нават не зірнуўшы ўніз, а быццам ведучы далей пачатую гаворку з Марыё. — Такія бессаромныя пеўні і ў час і не да пары. Толькі мы хацелі назваць яе, а ён ужо і апярэдзіў нас, ды яшчэ, нахаба, думае, што ў яго на тое некае права ёсць! Але што нам пра яго разводзіць! Бо вось жа Сільвестра, твая Сільвестра — гэта мне дзяўчына! Цэлы скарб! Сэрца заходзіцца, калі бачыш, як яна ходзіць, дыхае, смяецца, такая прыгожая. А яе пухлыя рукі, калі яна мые і адкідае назад галаву, атрасаючы з лоба кудзеркі! Анёл, чысцюткі анёл!
Марыё ўтаропіўся на яго, навоўчыўся. Ён быццам забыўся, дзе ён, забыў пра публіку. Чырвоныя колцы вакол вачэй расшырыліся і здаваліся намалёванымі. Мне рэдка выпадала такое бачыць. Рот з тоўстымі губамі быў крыху раззяўлены.
— І гэты анёл вымушае цябе пакутаваць, — гаварыў Чыпола, — ці, правільней, ты сам ад яго пакутуеш… А гэта розніца, даражэнькі, вялікая розніца, ты мне ўжо дай веры! Каханню ўласцівыя такія вось непаразуменні, можна сказаць нават, што непаразуменні нідзе не сустракаюцца так часта, як менавіта ў каханні. Ты, нябось, думаеш: а што петрыць Чыпола, з яго маленькай цялеснай хібінай, у каханні? Памыляешся, дужа петрыць, ды яшчэ як грунтоўна і глыбока шалопае, што ў такіх справах не шкодзіць часам да яго і прыслухацца! Але пакінем Чыполу, чаго пра яго тарочыць пустое, падумаем лепей пра Сільвестру, тваю чароўную Сільвестру! Што? Яна замест цябе выбрала нейкага кукарэку, і ён смяецца, а ты слязьмі сплываеш? Выбраць кагосьці, а не цябе, такога сімпатычнага хлопца? Неверагодна, немагчыма, мы лепей ведаем, я, Чыпола, і яна. Бачыш, калі я стаўлю сябе на яе месца і мне трэба выбраць паміж такой вось смаляной доўбняй, вяленай рыбай, нязграбнай чарапахай — і Марыё, рыцарам сурвэткі, які ахаджваецца сярод панства, спрытна носіць іншаземцам напіткі і шчырай душой палка мяне кахае — божачкі, сэрца само падказвае мне рашэнне, я ведаю, каму павінна яго аддаць, каму я ўжо даўно, чырванеючы, аддала яго. Пара ўжо майму выбранцу заўважыць гэта і прызнаць, Марыё, любы мой… Скажы ж хто я?
Читать дальше