У гатэлі малады чалавек перш за ўсё прагледзеў спіс прыезджых, але тут жа расчаравана адсунуў яго ўбок. «Навошта, зрэшты, я прыехаў сюды? — з прыкрасцю спытаўся ён у сябе. — Сядзець тут аднаму на гары, без кампаніі — гэта яшчэ горш, чым у канцылярыі. Мусіць, я прыехаў або занадта рана, або занадта позна. Мне ніколі не шанцуе з водпускам. Ніводнага знаёмага прозвішча сярод усіх гэтых людзей. Хоць бы дзве-тры жанчыны, на благі канец — маленькі, нявінны флірт, каб не прасумаваць увесь тыдзень».
Малады чалавек быў баронам і належаў да не вельмі радавітай сям’і аўстрыйскай чыноўнай знаці. Ён служыў ва ўрадавай установе; адпачынак яму быў непатрэбны, але ён узяў водпуск на тыдзень таму, што ўсе калегі выклапаталі сабе веснавыя канікулы, і ён таксама захацеў скарыстаць сваё права. Яго нельга было назваць пустым чалавекам, але без кампаніі ён жыць не мог; агульны ўлюбёнец, якога ўсюды прымалі сардэчна, ён не пераносіў адзіноты і выдатна ведаў гэта. У яго не было ніякай схільнасці заставацца сам-насам з сабою, ён па магчымасці пазбягаў такіх сустрэч, бо зусім не імкнуўся да больш блізкага знаёмства з уласнаю персонаю. Ён ведаў, што яму трэба сутыкацца з людзьмі, каб маглі праявіцца ўсе яго таленты — яго ласкавасць, яго тэмперамент. У адзіноце ён быў халодны і бескарысны, як запалка ў пачку.
У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс, — але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.
Там было занята ўсяго некалькі сталоў; ён хуценька акінуў іх позіркам. Марна! Ніводнага знаёмага. Толькі вунь там — ён няўважліва адказаў на паклон — трэнер з іпадрома ды яшчэ адзін знаёмы твар з Рынгштрасэ, і болей нікога. Ніводнай жанчыны, нічога, што абяцала б хоць мімалётную прыгоду. Гэта яшчэ мацней узлавала яго. Ён належаў да тых маладых людзей, якія дзякуючы свайму прыгожаму твару карыстаюцца поспехам і заўсёды гатовы да новых сустрэч, заўсёды шукаюць новых прыгод і спатканняў; іх нічога не бянтэжыць, бо ўсё загадзя разлічана, ніводная здабыча не вырвецца з іх рук; ужо першы позірк, які яны кідаюць на жанчыну, ацэньвае яе з гэтага боку — ці гэта сябрава жонка, ці гэта яе пакаёўка. Пра такіх людзей часта гавораць з пагардліваю ўсмешкаю, што яны паляўнічыя на жанчын, не ўсведамляючы, які трапны гэта выраз, бо яны з не меншым жаданнем і жорсткасцю, чым паляўнічыя на дзічыну, высочваюць і гоняць сваю ахвяру. Яны заўсёды напагатове, у любы час могуць кінуцца на след, куды б ён іх ні завёў. У іх заўсёды тлее агонь, але гэта не полымя закаханага сэрца, а запал гульца, халодны, разважлівы і небяспечны. Сярод такіх людзей ёсць упартыя, для іх не толькі юнацтва, але і ўсё жыццё да старасці — суцэльны ланцуг любоўных прыгод, іхні дзень распадаецца на сотні дробных пажадлівых уражанняў — мімалётны позірк, выпадковая ўсмешка, дотык да суседчынага калена, а год — зноў-такі на сотні такіх дзён; пагоня за жанчынамі — вось іх адзіны і пастаянны стымул у жыцці.
Тут не было партнёра на гульню, барон адразу ўбачыў гэта. Няма большай прыкрасці гульцу, што сядзіць і чакае выйгрышу за зялёным сталом з картамі ў руках, як марнае чаканне партнёра. Барон запатрабаваў газету. Яго хмурны позірк прабягаў па радках, але думкі драмалі і, як п’яныя, спатыкаліся на словах.
Раптам ён пачуў за сабою шалясценне сукенкі і голас, які дакорліва і манерна сказаў:
— Mais tais-toi donc, Edgar! [44] Памаўчы, Эдгар! (фр.)
Побач зашамацела шаўковая сукенка, і міма стала праплыла высокая пышная постаць; за ёю ішоў маленькі бледны хлопчык у чорным аксамітным гарнітурчыку, які кінуў на барона цікаўны позірк. Яны селі насупраць яго за зарэзерваваны для іх стол. Хлопчык яўна імкнуўся паводзіць сябе прыстойна, але неспакойны бляск яго чорных вачэй сведчыў, што гэта давалася яму нялёгка. Дама — барон глядзеў толькі на яе — была апранута добра, з густам і належала да таго тыпу жанчын, які асабліва падабаўся барону: крыху паўнаватая жыдоўка, у росквіце сталай прыгажосці, відаць, палкая ў каханні, хоць яна ўмела хавала гэта пад маскаю ўзнёслай меланхоліі. Яму яшчэ не ўдалося зазірнуць у яе вочы, і ён захапляўся пакуль што толькі прыгожым выгінам броваў, вытанчаным носам, які, праўда, выдаваў яе паходжанне, але сваёю высакароднаю формаю надаваў профілю зграбнасць і пікантнасць. Валасы, як і ўсё ў яе поўнай фігуры, вылучаліся надзвычайнаю пышнасцю. Бясспрэчна, гэта была жанчына, сытая пакланеннем, упэўненая ў сабе і ў сваіх чарах. Ціхім голасам яна заказвала абед і рабіла заўвагі хлопчыку, які брынкаў відэльцам, — усё гэта з паказною абыякавасцю, быццам не заўважаючы асцярожнага, шукальнага баронавага позірку, хоць менавіта гэтая неадступная цікаўнасць была прычынаю яе вытанчаных паводзін за абедам.
Читать дальше