— Я толькі хацела папытацца — дома будзеце абедаць ці пойдзеце куды?
Барон дрыжаў усё мацней і мацней, жалезны холад ужо сціскаў грудзі; тры разы разяўляў ён рот, каб адказаць, і нарэшце ледзь выціснуў з сябе:
— Не, абеду не трэба.
Крокі зашаркалі і аддаліліся; ён не знайшоў у сабе сілы павярнуцца. І раптам здранцвенне пакінула яго; ён перасмыкнуўся ўсім целам, нібы ад агіды ці сутаргі, кінуўся да дзвярэй і дрыготкаю рукою павярнуў ключ: толькі б гэтыя крокі болей не набліжаліся да яго! Потым ён упаў у крэсла, каб адолець думку, якая з’явілася ў яго, якую яму не хацелася думаць і якая ўсё-такі, халодная і ліпкая, як слімак, зноў і зноў упаўзла ў свядомасць. І гэтая неадчэпная думка, якая выклікала ў яго агіду, прыкрая, слізкая, неадольная, цалкам завалодала ім і не пакідала яго ўсю доўгую, бяссонную ноч і ўвесь наступны дзень, — нават у час пахавання, калі ён, увесь у чорным, моўчкі стаяў каля труны.
На другі дзень пасля пахавання барон паспешна пакінуў горад: вельмі ўжо нязносныя былі яму цяпер твары знаёмых, на якіх сярод выказванняў спачування ён лавіў (ці мо яму гэта толькі мроілася?) нейкі дзіўна пільны, падазроны, як у інквізітара, выраз. І нават нежывыя рэчы глядзелі злосна і з папрокам: уся мэбля ў кватэры і асабліва ў спальні, дзе, здавалася, яшчэ не вытхнуўся саладкаваты пах газу, гнала яго прэч, ледзь толькі ён спрабаваў прачыніць дзверы. Але самым пакутлівым кашмарам, у сне і наяве, была для яго халодная, непарушная абыякавасць былой даверанай, якая хадзіла па апусцелым доме, быццам нічога і не здарылася. З той хвіліны, як стрыечны брат на вакзале назваў яе імя, барон страшэнна баяўся сустрэцца з ёю. Варта яму было пачуць яе крокі, як ён бянтэжыўся: ён не мог яе болей бачыць, не мог выносіць вялага шаркання яе хады, яе халоднага, нямога спакою. Яго нудзіла ад адной толькі думкі аб Крэсчэнцы, аб яе скрыпучым голасе, тлустых валасах, аб яе тупой, жывёльнай, бязлітаснай бяздушнасці, і, калі ён злаваўся на яе, то адначасова злаваўся і на самога сябе за тое, што яму не хапае сілы разарваць гэтыя ланцугі, скінуць пятлю, якая душыла яго за горла. Ён бачыў толькі адно выйсце: уцячы. Тайком, не сказаўшы Крэсчэнцы ні слова, ён сабраў чамаданы, а ёй пакінуў наспех напісаную запіску, што ён паехаў да сяброў у Карынтыю.
Барон адсутнічаў усё лета. Толькі адзін раз ён мусіў тэрмінова вярнуцца на некалькі дзён у Вену, каб уладзіць спадчынныя справы; але ён палічыў за лепшае спыніцца ў гатэлі і нават не паведаміў пра свой прыезд Крэсчэнцы, якая, як крумкач, сядзела і чакала яго дома. Яна так і не даведалася, што ён у горадзе, бо ні з кім не размаўляла. Панурая, яна, як сыч, дзень за днём нерухома сядзела на кухні і нічога не рабіла; два разы на тыдні хадзіла ў царкву, а не раз, як раней; атрымлівала праз баронавага паверанага распараджэнні і грошы на выдаткі; пра яго самога яна не чула нічога. Ён не пісаў, нічога не прасіў ёй перадаць. І яна моўчкі чакала; твар у яе змарнеў, рухі зноў сталі нязграбныя; і так яна чакала і чакала, тыдзень за тыднем, у нейкім дзіўным акасцяненні.
Увосень неадкладныя справы не дазволілі барону болей зацягваць свой адпачынак — ён мусіў вярнуцца дадому. На парозе дома барон нерашуча спыніўся. За два месяцы, якія ён правёў сярод блізкіх сяброў, шмат што амаль забылася; але цяпер, калі ён мусіў яшчэ раз сутыкнуцца са сваім кашмарам, а можа, і сваёю хаўрусніцаю, ён зноў адчуў тую ж моташную сутаргавую цяжкасць у грудзях. Паволі падымаўся ён па лесвіцы, і з кожным крокам нябачная рука ўсё бліжэй падбіралася да горла. А калі ён дайшоў да сваіх дзвярэй, яму патрабавалася ўся яго воля, каб прымусіць анямелыя пальцы павярнуць ключ у замку.
Крэсчэнца, як толькі пачула шчоўканне замка, здзіўленая выбегла з кухні. Убачыўшы барона, яна збялела і застыла на месцы, але ў тую ж хвіліну, як бы хочучы схаваць твар, нагнулася за чамаданам. Прывітацца з ім яна забылася. Ён таксама не сказаў ні слова. Моўчкі занесла яна яго чамадан, моўчкі ішоў за ёю следам і ён. Моўчкі чакаў, гледзячы ў акно, пакуль яна не выйшла з пакоя. Потым паспешна замкнуў дзверы.
Так яны сустрэліся пасля двухмесячнай адсутнасці барона.
Крэсчэнца чакала. Чакаў і барон — ці пройдзе пачуццё халоднага жаху, якое авалодвала ім пры яе з’яўленні. Але яно не праходзіла. Ён яшчэ не бачыў яе, толькі чуў крокі ў калідоры, а яму ўжо рабілася пагана. Раніцаю, не дакрануўшыся да снедання, ён паспешна ўцякаў з дому і вяртаўся позна ўвечары — толькі б не бачыцца з ёю. Два, тры даручэнні, без якіх нельга было абысціся, ён даваў, адвярнуўшы твар убок. Яму было пакутліва дыхаць адным паветрам з гэтым злавесным прывідам.
Читать дальше