— А што! Я-ж вам казаў, што гэта была сьмятана! — сьмяяўся палкоўнік Кушаль, рагаталі мы абодва.
Ад'язджаючы да Менску, пал. Кушаль хваліў мяне за добры парадак у БКА, за дысцыпліну й патрыятычны настрой у аддзелах. Пад шум гэткіх наведзінаў патрыятычны ўздым бясспрэчна мацнеў.
Але быў і кашмар. Стаіць мне ў вачох апавяданьне настаўніка Русецкага зь вёскі Дораў, які, дзесьці ў канцы 1943 году, вырваўся там з запраўднага пекла, калі Немцы з украінскімі аддзеламі акружылі вёску, што знаходзілася ў лесе, і таму да яе часта заглядалі партызаны, ды сталі зганяць людзей у мясцовы драўляны касьцёл.
Зондэрфюрэр, які калісьці жыў у хаце настаўніка Русецкага, сказаў яму, каб ён зараз-жа ўцякаў з жонкай і дзіцём зь вёскі, бо будзе бяда. Русецкі, схапіўшы дзіцё, бяз духу дабег з жонкай да лесу, і там яны прыляглі, каб аддыхацца. Яны чулі страшныя крыкі, енкі й стрэлы, а пасьля бачылі, як касьцёл, пры моцных выбухах гранатаў, ахутаўся дымам і агнём. Шмат людзей бегла ў лес, сярод іх дзеці. Па іх стралялі, гналіся на конях, дабівалі. Русецкі й ягоная жонка зь пярэпалаху дасталі нэрвіцы сэрца.
І ці-ж мала было гэткіх дантэйскіх сцэнаў? І ці яны больш не паўторацца?
Напачатку красавіка 1944 году паехаў я да Маладэчна, каб у гэтым павеце правесьці школьную інспекцыю. Ехаў пад аховай беларускай паліцыі ды ў асысьце акруговага школьнага інспэктара Сыракваса й школьнага камісара Шульца. Падарожжа адбылося бяз прыгодаў. Усюды нас сустракалі беларускія настаўнікі й мясцовыя патрыёты. Мы ўсюды дадавалі ім бадзёрасьці.
І ў Беларускай Гімназіі ў Маладэчне я прамовіў у падбадзёрваючым тоне, асьцерагаючы адначасна ад палітычных ды нацыянальных адступнікаў. Рэакцыя была вельмі здаровая, моладзь крычала «Брава! Брава!» Відаць было, што яна інстынктам разумее свой нацыянальны абавязак у трывожную пару гісторыі. Б. Кіт, дырэктар гімназіі, падзякаваў мне шчыра за гарачыя словы, а за ім дзякавалі вучань і вучаніца.
Пасьля перапынку мы пайшлі ў народны дом. Там адбывалася якраз зборка мясцовых паэтаў і пісьменьнікаў. Прысутных было каля трыццаці асобаў. Чыталіся празаічныя й вершаваныя творы. Творы некаторых ужо друкаваліся, іншыя ставілі яшчэ толькі першыя крокі ў дарозе на «Парнас». Тэмы — патрыятычныя, любоўныя. Адзін паэта чытаў урыўкі з паэмы пра Вітаўта Вялікага. Ніколі не спадзяваўся, што ў Маладэчне знайду аж гэткі вялікі беларускі літаратурны гурток. Аказалася праўда што калісьці пісаў Максім Танк: «Паэтаў у нас, як каласоў на нівах!»
Перад ад'ездам гутарыў з прадстаўнікамі беларускай паліцыі. Былі гэта выхадцы зь сялян і работнікаў, гадунцы А. Калодкі. Хоць ён сам пацярпеў ад нашых ворагаў, але здолеў стварыць патрыятычныя паліцыйныя кадры. Успаміналі яго зь вялікай пашанай і жалем, што сярод іх больш яго няма. Яны заяўлялі, што ня зыйдуць з фронту нацыянальнага змаганьня з ворагамі за свабоду народу. Было радасна на душы, назіраючы, як хутка й глыбока вызвольнымі сокамі насякае наш маладняк.
Калі пачало сутунець, нашая кавалькада павярнула да Вялейкі, у сталіцу акругі, перасякаючы 20-ці кілямэтравы лес, што цягнецца між Маладэчнам ды Вялейкай. Трымалі мы зброю напагатове, але ніхто ня стрывожыў нашага павароту.
Неўзабаве ў Вялейцы я візытаваў міравы суд. Старшынём суду быў магістар права Часлаў Найдзюк, ягоным-жа заступнікам Мікола Кунцэвіч. Праца праводзілася нармальна, паседжаньні суду адбываліся двойчы ў тыдзень. Уся канцылярыя вялася на беларускай мове. Настрой — бадзёры.
— Як-жа-ж у вас справы? — пытаюся старшыню суду Ч. Найдзюка.
— Не занадта добра, — адказвае. — Слаба арганізаваная выканаўчая ўлада. У судовыя справы часта ўмешваюцца, з пазыцыяў акупацыі, розныя зондэрфюрэры, ды за подкуп — сала, золата, — паралізуюць выкананьне прысуду. У некаторых выпадках справы карэктуюцца ў гэбітскамісарыяце, у іншых — засуджаны ўцякае ў лес…
— Якія-ж справы вы судзіце?
— Судзім толькі справы цывільнага характару ды меншыя справы крымінальныя. Усе палітычныя справы, ды цяжкія крымінальныя, вядзе СД.
— А якім вы карыстаецеся кодэксам?
— Больш за ўсё польскім, зь нямецкімі зьменамі ў часе ванны.
— А чаму польскім?
— Бо кодэкс савецкі страшэнна жорсткі, палітычны, тэндэнцыйны, а мы свайго беларускага пакульшто ня маем.
Я падзякаваў прадстаўнікам беларускае юстыцыі ды цешыўся, што справа справядлівасьці ў надзейных руках.
Читать дальше