Баран правёў пані да канца вуліцы, бо хацеў упэўніцца, што яна не вернецца, згадаўшы, што забыла нешта ў кватэры. Да таго ж ён меркаваў выведаць, куды яна пойдзе. І сапраўды, яна ішла ў бок Траецкага пляцу, дзе ў той дзень ладзіўся кірмаш.
Алік хутка вяртаўся. «Добра, што я сёння ўзяў статкі», — думаў ён. Днём, калі толькі не ішоў на заданне, Баран ніколі не насіў зладзейскіх прыладаў. Для гэтага ён быў занадта асцярожны, — а раптам яго затрымае і абшукае які гінт [3] Гінт — шпік, прадстаўнік тайнай паліцыі.
. Прылады сёння ён нёс для Казіка.
На падворку Баран хутка знайшоў дзверы, замкнёныя вялікім навясным замком з зашчапкай. Уваход быў зручны, нябачны з вокнаў іншых кватэраў. Баран моцна націснуў пальцам кнопку званка. Пачакаў. Ніхто не адгукнуўся. Баран адамкнуў дзверы, шабрам [4] Шабер — ломік з пляскатым загінам і цвікадзёрам на канцы; адна з асноўных зладзейскіх прыладаў.
скруціўшы замок, і ўвайшоў у кватэру. Пакінуўшы ўсюды дзверы адчыненымі, агледзеў пакоі і адчыніў акно ў сад. Зрабіў абыход. Вярнуўся на ганак і замкнуў дзверы адмычкай, а крыху пашкоджаны замок завесіў на скабе. Цяпер звонку кватэры нават гаспадыня не змагла б дамысліцца, што ўнутры працуе злодзей. Алік улез у кватэру праз адкрытае акно і прычыніў яго за сабою.
Баран, працуючы нават усляпую, як цяпер, праводзіў крадзяжы дасканала. Ён меркаваў, што лепш адкласці работу на пазней або зусім пакінуць, чым сапсаваць. Абіраць кватэру пачаў са спальні — там найчасцей хаваюць дарагія рэчы. Перакапаў шуфляды начнога і туалетнага столікаў. Потым ён заняўся камодай. Працаваў спраўна і хутка. Замкнёныя шуфляды ён адчыняў і вымаў адным кароткім рухам шабра. Потым вытрасаў іх змесціва на падлогу каля камоды. Гэтак можна было адразу пабачыць, што там ляжыць. Каштоўныя рэчы Баран клаў у кішэню; іншыя — вартыя ўвагі — кідаў на сярэдзіну пакою. Ён праверыў вопратку ў шафе, зазірнуў пад абразы (там можа быць схованка), даследаваў вялікі насценны гадзіннік (той таксама можа служыць тайніком для грошай).
Пасля спальні Баран перайшоў у сталовы пакой. Абшнарыўшы буфет, ён рушыў у кабінет. Там абмацаў пісьмовы стол. Зняў з яго нават верхнія дошкі, зірнуўшы ўнутр зверху, як у латок. Ён шукаў схованкі. Уся работа цягнулася не больш за чвэрць гадзіны. Гарцуючы па кватэры. Баран адначасова прыслухоўваўся да таго, што адбываецца на вуліцы.
Ён працаваў хутка, але з абсалютнай упэўненасцю ў сабе. Ніводзін драбок не ўцёк ад ягонай увагі.
Баран сабраў здабычу: два амаль новыя мужчынскія гарнітуры, дамскую сукенку, мужчынскае футра, каракулевы жакет, набор сталовага срэбра. Апрача гэтага, у ягоную кішэню адразу перакачавала некалькі залатых манетаў, пярсцёнкі, бранзалет і залаты жаночы гадзіннік на ланцужку. У пэўны момант ён згадаў, што Стась Рамізнік прасіў яго прынесці з работы бялізну для яго і жонкі. Таму Алік выбраў некалькі найлепшых камплектаў бялізны. Потым, каб выйшаў як мага меншы пакунак, ён укруціў рэчы ў прасціну. Перавязаў матузком, а зверху абкруціў вялікім аркушам паперы. Пакунак быў не надта вялікі і не выклікаў падазрэнняў. З ім можна было смела выходзіць на вуліцу.
Існуюць злодзеі, тарбахваты, якія абы як выконваюць сваю работу. Халтураць — так гавораць пра іх спрактыкаваныя блатныя. Такі ўварвецца ў кватэру, нахапае абы якой вопраткі, пакінуўшы каштоўныя рэчы, скруціць іх у вандзэлак і, трасучыся ад страху, — шась на вуліцу.
Ідзе з майном, а шмокты [5] Шмокты — крадзеныя рэчы.
яму разлазяцца. Ззаду рукаво бабскай блузкі боўтаецца, спераду звісае шаль, а тут яшчэ якая-небудзь муфтачка ці панталоны вывальваюцца на брук. Скандал на ўсю вуліцу! Як на такога не звярнуць увагі? Проста сам на адпачынак у турму просіцца. Шпік такога адразу хапне! Альбо які наглядчык. Здаралася, што і звычайныя мінакі такіх затрымлівалі.
Захоўваючы поўную асцярожнасць, Баран праверыў, каб на вуліцы ўсё было чыста, і адразу скіраваўся да скупшчыка. Алік збыў усе рэчы, хоць некаторыя з іх падабаліся яму самому. Асабліва прыйшліся яму да душы мужчынскае футра і адзін з пярсцёнкаў. Аднак ён не спакусіўся. З даўніх часоў ён меў адно правіла: пасля працы нічога сабе не пакідаць. Лепш купіць у пяць разоў даражэй, але не дарыць нікому «левых» рэчаў. Выняткам была бялізна без адметных пазнак, калі браў яе для сябе або для сваіх, якія яго пра гэта прасілі, — як цяпер для Стася Рамізніка і ягонай жонкі. Той Стась не быў фраерам — ён сам некалі блатаваў. Цяпер не хадзіў на заданні, але злодзеі лічылі яго сваім. Ён часта дапамагаў найлепшым з іх — перавозіў барахло або падказваў месцы магчымай работы.
Читать дальше