Кацярыне было каля пяцідзесяці гадоў, але яна была здаровая, моцная і добра выглядала. Кабеціна часта мяняла палюбоўнікаў — пераважна блатных — і сама не трымала на іх зла, калі яны яе кідалі. З Бараном яна жыла другі месяц. Злодзей пасяліўся ў яе амаль адразу, як толькі з’явіўся ў горадзе. Абое былі сабою задаволеныя. Баран меў тут спакой і бяспеку, якія рэдка бываюць у зладзейскіх логавішчах. А Кацярына мела ў якасці каханка аўтарытэтнага злодзея, які быў ахайны, добра апранаўся, ніколі не лаяўся і заўсёды быў надзіва сур’ёзны. «Граф дый годзе», — думала пра яго Сперда.
Калі Баран нарэшце вярнуўся дадому, Кацярына прапанавала яму падсілкавацца. Ён адмовіўся. Выпіў толькі шклянку малака і адразу ж пайшоў спаць. Лежачы ў ложку, ён запаліў цыгарэту. А Кацярына замкнула дзверы на засаўку і пачала распранацца. Седзячы на ложку, яна доўга здымала панчохі, выставіўшы мажныя белыя калені (выпрабаваны ўзбуджальны сродак). Але Баран зусім не звяртаў на яе ўвагі.
— Вясна адчуваецца, — далікатна зачапіла яго Кася, спускаючы левую нагу з ложка і ссоўваючы панчоху з правага калена.
— Угым, — буркнуў у адказ Баран, гледзячы некуды ў столь.
Кася ўздыхнула: «Можа, стомлены». Потым яна задзьмула агонь у лямпе і палезла спаць на прыпечак. Кабеціна любіла цяпло, а печка была так добра напаленая, што шкода было не скарыстацца.
Баран паліў цыгарэты і доўга варочаўся з боку на бок. Увесь час перад яго вачыма стаяла дзяўчына, якая нібы выплыла са святла ў кватэры вартаўніка Уладзя Зайца. Яна была неверагодна прыгожай, так соладка ўсміхалася. Так цудоўна свяціліся ейныя вочы. А твар быў такі мілы ды румяны. Такія вабныя былі ейныя плечы, ногі, шыя. Такая зграбная фігура. Такія пышныя ды густыя валасы… А яе срэбны смех змушаў ягонае сэрца біцца мацней і падганяў да твару хвалю крыві.
— Пава… Паўка… Паўлінка… — прашаптаў Баран у цемры і ўсміхнуўся.
А пасля зноў запаліў цыгарэту.
Гэта быў дзіўны стан… Дагэтуль невядомы Аліку: салодкі і трывожны…
А можа, гэта ўсё ўчыніла вясна. Чароўная, магутная, шалёная пара года, якая не глядзіць, ці гэта сэрца князя, ці злодзея, ці звычайнага чалавека. Для яе існуюць толькі людзі, якія падначальваюцца аднолькавым законам Прыроды і якія ўсе аднолькава слабыя ў параўнанні з ёю. Таму яна любіць сваволіць з людзьмі, бо яна заўжды маладая і прагне весяліцца ды забаўляцца.
2
МАЙСТАР АДМЫЧКІ ПАКАЗВАЕ СЯБЕ ЯК АДМЫСЛОЎЦА ШАВЕЦКАЙ СПРАВЫ
На вялікім занядбаным падворку гулялі дзеці: тры хлопцы ва ўзросце ад дзевяці да дванаццаці гадоў і дзве дзяўчынкі. А за дзецьмі весела ганяўся чорны дварняк, якому было некалькі месяцаў. Ягонае сабачае сэрца разрывалася ад радасці і жадання выказаць адданасць вось гэтым таварышам у забавах. Шчанюк не меў гаспадара, быў нічыйны. Невядома, адкуль ён узяўся на гэтым падворку і чаму тут застаўся. Можа, шчанюк затрымаўся тут таму, што шукаў сабе гаспадара, без якога ніводзін сабака не шчаслівы. Ён мае ўнутраную патрэбу некаму належаць, прагне мець свайго гаспадара, каб яго любіць і… абараняць. Нічога страшнага, калі гаспадар будзе марыць яго голадам, біць, але часам, магчыма, і пагладзіць.
Жыхары дому, якія прывыклі да прысутнасці сабачкі ў двары, назвалі яго Жуком. Калі-нікалі яму кідалі костку або хлебную скарынку. Часамі жывёліну падкідвалі нагой, але гэта ўжо быў свой сабака, зычлівы да ўсіх, заўсёды вясёлы, які вылузваўся са скуры, каб хоць неяк дагадзіць.
Дзеці дакучалі яму неміласэрна. Ён не раз вішчаў і скавытаў будучы аб’ектам вельмі балючых эксперыментаў. Але праз імгненне ўсё забывалася, і Жук ужо весела бегаў разам з шумнай ватагай, скачучы і пабрэхваючы.
Дзеці добрыя. Дзеці — будучыня кожнага народу. Але няшмат трэба здольнасцяў, каб заўважыць, што асноўная прыкмета дзіцячага характару — гэта бязлітаснасць, а другая — эгаізм. Толькі выхаванне лагодзіць у іх гэтыя бакі характару, якія крыху прыгасаюць і… дрэмлюць.
У той дзень дзеці былі асабліва вясёлыя і вынаходлівыя ў прыдумках. Яшчэ хвіліну таму яны гулялі на вуліцы. Забава была для іх нязвыкла пацешнай. У нішы наступнай брамы сядзеў сляпы старэнькі дзядок. Гэта быў жабрак, які паклаў перад сабою на ходніку шапку і чакаў міласціны ад мінакоў. Калі нехта кідаў манету, жабрак, гучна чытаючы малітвы, забіраў грошы з шапкі ды хаваў іх. Дзеці ж прывязалі нітку да вялікага латуннага гузіка і, па чарзе праходзячы каля дзядка, стараліся кінуць гузік у шапку, а пазней тузалі за нітку, каб вырваць гузік назад.
Читать дальше