— Пад вашае паручыцельства.
— Без!.. Яму не выстаўленыя ніякія абвінавачанні… Арыштавалі, бо ў кватэры, якую ён здаваў, схапілі нейкага тыпа!
Кіраўнік патэлефанаваў. У кабінет увайшоў высокі шчуплы службовец. Начальнік звярнуўся да яго:
— Я папрашу зараз жа даць мне ўсё, што вы маеце па справе Нацэвіча. Канвой адпусціць!..
Чыноўнік паспяшаўся выйсці. Начальнік звярнуўся да Лобавай.
— Гэта зойме толькі пару хвілін.
— Добра.
Лобава выняла з кішэні скураной курткі партсігар і запаліла цыгарэту. Яны маўчалі. Кіраўнік хацеў перарваць няёмкую сітуацыю, але баяўся азвацца, каб не ўвесці нечым Лобаву ў гнеў. З нецярплівасцю чакаў з’яўлення чыноўніка. Той неўзабаве вярнуўся. Прынёс пратакол вобшуку, які перадалі з першага камісарыята, і Ясевы рэчы, якія ў яго забралі падчас асабістага дагляду. Кіраўнік таропка прагледзеў паперы, занатаваў нешта ўнізе пратакола і падпісаў. Падаў дакументы службоўцу і сказаў:
— Папрашу пільна выпісаць карту вызвалення з-пад арышту на імя Яся Нацэвіча, а потым аформіце ануляванне справы. Нацэвіча выпусціць неадкладна!
Чыноўнік выйшаў. Кіраўнік указаў рукою на дробязі, якія ляжалі на стале.
— Гэта можна забраць і перадаць Нацэвічу. Ён вольны.
— Больш не будзе ніякіх фармальнасцяў?
— Не будзе. Карту вызвалення ён атрымае перадусім для ўласнага спакою. Гэта справа некалькіх хвілін.
— Добра.
Лобава ўстала і скіравалася да дзвярэй, 3 чырвоным шалем на галаве яна ішла нібы са штандарам. Кіраўнік сказаў на развітанне:
— Да пабачэння, таварыш!
Але Лобава, не сказаўшы ні слова, энергічна папхнула дзверы і выйшла з кабінета. Праз момант да начальніка нехта пастукаў. Зноў увайшоў службовец.
— А што рабіць з дзяўчынай, якую таксама арыштавалі пасля ператрусу ў кватэры Нацэвіча?
— Падстава арышту?
— Жыла разам з Нацэвічам.
— Яны мяне ў дамавіну ўгоняць… Натвораць такога глупства, што аж шапка на галаве расце, а мне іхнюю кашу расхлёбваць! Што гэта за падстава? Таксама адпусціць!
Гэтак Лобава за адзін раз вызваліла не толькі Яся, але яшчэ і Настку. Калі службовец выйшаў з кабінета, кіраўнік са злосцю кінуў асадку не пісьменны стол.
— І як у Расіі можа быць парадак, калі такія блядзі камандуюць!
Плюнуў.
х х х
Праз некалькі дзён пасля свайго вызвалення Ясь зусім неспадзеўкі пабачыў свайго даўнейшага настаўніка і сябра Віктара Уменскага, які крочыў другім бокам вуліцы. Хлопец борзда перабег праз маставую і стаў перад ім, радасна ўсміхаючыся. Былы манцёр, а цяпер кіраўнік гарадской электрастанцыі, таксама адказаў усмешкай, якая распраменіла ягоны хмуры твар.
— Што за сюрпрыз! Я ўжо і забыў, калі мы апошні раз бачыліся!
— Ой, даўно, — прызнаў Ясь. — Багата часу не маю, але хацеў бы перакінуцца парай словаў…
— Добра. Хадзі да мяне.
Ён завёў Яся на дзядзінец электрастанцыі, а адтуль да сябе на кватэру. Электрык займаў чатыры пакоі і кухню, але жыў толькі ў адным пакоі. На сцяне — як і некалі — віселі гітара і мандаліна. Збоку было месца для майстравання і стаяў такарны станок. Былы манцёр па-ранейшаму выглядаў марудным і панурым. Гаварыў павольна, з роздумам, нібы сілай выдушваў з сябе словы, якія захраслі недзе ў горле. Толькі адна змена была для Яся бясспрэчнай. Ён не пачуў ніводнай поўнай дэмагогіі фразы, ніводнай пахвалы бальшавізму. Наадварот.
Ясь слухаў, круглымі вачыма паглядаючы на шэры, нібы алавяны, твар манцёра. У глыбіні вачэй электрыка ўспыхвалі іскры нянавісці. Ягоны голас быў нізкі, хрыпаты.
— Паплылі, псяюжнікі, па моры крыві… І захлынуцца ёю… Але трэба паспрыяць, каб хутчэй.
І Ясь, заўсёды далёкі ад палітыкі, адчуваў, што нянавісць, якая прасякнула ўсяго манцёра, перадаецца і яму, авалодвае ім самім. Але не як праява пратэсту, а як рухавік да дзейнасці. Ён сам пачаў пералічваць гвалты, злачынствы, рабункі цяперашніх гарадскіх уладаў. Расказаў пра сваё жыццё цягам апошніх месяцаў і пра арышт. Дадаў, што абавязаны жыццём выключна адной жанчыне на важнай пасадзе.
Уменскі слухаў уважліва, насупіўшыся. На шчоках у яго хадзілі жаўлакі. Калі Ясь скончыў свой аповед, Віктар заўважыў:
— У горадзе, братка, доўга не ператрываеш. Можа, хочаш пайсці ў лясы? Я магу цябе скіраваць, там будзеш патрэбны. І свабодны. Мне трэба быць тут! Тут я, пэўна, і з зямелькай пабяруся. Нікому я не патрэбны. А ты малады. Джгай у лес! Калі захочаш — толькі скажы…
Ясь развітаўся з ім, бо спяшаўся да Лобавай. Манцёр сказаў яму ўжо на парозе:
Читать дальше