Марусі карцела адразу ж завітаць да Яся, але пакуль бракавала вольнага часу. Зрэшты, яна не ведала, на волі Ясь ці яшчэ за кратамі.
Выгляд хлопца, якога цягнулі вуліцай з вяроўкамі на шыі і прыстаўленым да спіны пісталетам, уразіў яе да глыбіні душы.
«Давялі ўжо!» — са злосцю падумала камісарка, маючы на думцы тых тэарэтыкаў, якія захапілі Расію і чынілі тэрор рукамі найгоршых садыстаў, дэгенератаў і вычварэнцаў. Яна адразу пастанавіла, што вырве хлопца з іхных абцугоў. Не было сакрэтам, што яна валодала вялікімі магчымасцямі. Нават агромністымі. У некаторых выпадках яна магла даваць загады нават вельмі важным асобам з партыйнай вярхушкі. А яна была настырлівая і гатовая на ўсё… Калі для Яся Лобава зрабілася жанчынай-маткай, чулай і пяшчотнай, то ў адносінах да садыстаў была моцнай, з каменным сэрцам тыранкай… Менавіта гэта і сталася адной з прычын таго, што яна разышлася з мужам.
У Следчым аддзеле Лобава суха і ўладна загадала дзяжурнаму паведаміць пра ейны візіт кіраўніку ўстановы. Назвала прозвішча і пасаду. Потым размясцілася ў крэсле, у якім два дні таму сядзела Паўлінка.
Лобава і раней, калі Ясь набраўся даверу да сваёй каханкі-фраеркі, чула ад яго розныя гісторыі пра блатных, розныя работы і гінтоў. Яна ведала, што следчыя агенты часта нажываюцца на злачынцах, што ёсць пасярэднікі, якія за вялікія ўзнагароды спрыяюць ануляванню вельмі сур’ёзных справаў. Хлопец мог назваць шмат канкрэтных прыкладаў, калі міліцыянты і шпікі праварочвалі цёмныя інтарэсы ды бралі хабар. Яна дапускала, што пры патрэбе будзе ў стане за пару дзён сабраць мноства фактаў, якія давядуць шматлікія парушэнні так званых абаронцаў закона. У ейных руках гэтыя доказы ператворацца ў нож на горле для многіх, магчыма, для ўсіх міліцэйскіх і следчых функцыянераў.
Кіраўнік Следчага аддзела вельмі ветліва прыняў Лобаву.
— Слухаю вас, таварыш, — сказаў ён пасля некалькіх прывітальных банальнасцяў.
Лобава пачала ўпрост:
— Для мяне вельмі важна, каб тэрмінова быў вызвалены арыштаваны Ясь Нацэвіч. Калі б не адсутнасць часу, я б дамаглася гэтага іншым шляхам. Праўда, для шмат каго ўзніклі б тады не зусім прыемныя акалічнасці. Але я хачу, каб яго вызвалілі адразу ж. Я пабачыла яго і прывезла разам з канвоем. Ён крайне знясілены. Выглядае жахліва. Яго вялі вуліцай са звязанымі рукамі і з вяроўкай на шыі, на якой ён вешаўся ў камеры.
— Ага! Я ведаю гэты выпадак.
— А ягоную справу вы ведаеце таксама?
— Не… Не вельмі…
— Я папрашу вас цяпер жа азнаёміцца са справай і адпусціць Нацэвіча. Я не магу марнаваць свой час.
Высакамернасць і бесцырымоннасць Лобавай раздражнілі начальніка і вывелі яго з раўнавагі. Ягоны твар выбіла ў чырвоныя плямы, а вочы напоўніліся злосцю. Ён не прывык выслухваць загады, асабліва калі вялося пра арыштаваных. Ягоныя вушы былі прызвычаеныя да ўпрошванняў, малення, плачу… Ён адказаў суха, крыху павышаным голасам:
— Я нічога не магу зрабіць. Мяне чакаюць цяпер іншыя важныя справы. Можа, таварыш, вы зможаце прыйсці да мяне заўтра, а дзявятай гадзіне раніцы. Я праверу, чым можна дапамагчы таму вашаму Нацэвічу.
Лобава ўстала з крэсла.
— Ах та-а-ак! Дык вы не толькі не ўмееце толкам выконваць свае абавязкі, але і культурна размаўляць. Я да вас болей ужо не звярнуся. Нацэвіча я вызвалю інакш. І абяцаю грунтоўна вамі заняцца. Я пастараюся, каб вы з гэтага кабінета выйшлі са звязанымі рукамі туды, дзе па вас сцены плачуць!
У тым, што сказала Лобава, гучала такая ўпэўненасць — а яна сапраўды магла выканаць абяцанае, — што мужчына збялеў. Калі б нават ён працаваў бездакорна, чалавек з партыйнай вярхушкі лёгка мог скінуць яго з цёплага крэсла. А Лобава выглядала акурат як асоба з бальшавіцкага алімпу, якая можа бязлітасна помсціць і якую нішто не ў стане паўстрымаць, пакуль ейная мэта не будзе дасягнутая.
Кіраўнік спужаўся і разгубіўся, не ведаючы, як выкруціцца з прыкрай сітуацыі. Ён загаварыў мякка і лісліва:
— Даруйце. Няма чаго гневацца. Я ж не сказаў, што не збіраюся вызваліць Нацэвіча, а толькі, што цяпер не маю часу.
— А я потым не буду мець часу. Вам было б лягчэй цяпер вырашыць гэтую справу, чымся мне пазней зноў рупіцца, каб сюды прыехаць.
— Добра. Я сам займуся… Няйначай, нешта можна зрабіць.
Лобавай стала ясна, што кіраўнік зробіць усё, што яна пажадае, нават не ад страху перад выяўленнем ягоных злоўжыванняў, а проста для свайго спакою. Яна цвёрда адрэзала:
— Прашу неадкладна вызваліць Нацэвіча!
Читать дальше