— Лухта гэта ўсё, Настка. Ты якраз мне і патрэбная. У мяне ёсць кватэра, але няма каму за ёй прыгледзець. Хадзі са мною. Усё будзе добра. Якая ты вар’ятка! Навошта табе атрута? Калі недзе блага, то трэба шукаць, дзе лепей. Хадзем!
Настка паслухмяна пайшла за ім, нібы бадзяжны сабака, які знайшоў гаспадара. Ясь не ўяўляў, як ёй дапамагчы. Ён ведаў толькі, што мае для яе дах над галавой… Гэтая людская патрэба чамусьці не згадвалася нават у самай прыгожай хрысціянскай малітве.
Яны зніклі ў цемры.
А дзядзька Жардонь яшчэ доўга мітусіўся туды-сюды па рэстаране, праклінаючы на чым свет стаіць і лаючы то Настку, то Яся. Ён ніяк не знаходзіў спакою, бо нехта асмеліўся паквапіцца на самае дарагое для яго — грошы.
х х х
Самае саліднае таварыства — гэта зладзейская хеўра [17] Хеўра — банда, зладзейская кампанія.
. Тут ёсць усё: блат [18] Блат — махлярства, крадзеж.
, штама і сітва. У нешчаслівых і сумленных людзей прынята казаць на гэта «салідарнасць». Але ў іх убогай мове гэтае слова згубіла сваё сапраўднае значэнне. Законапаслухмяны чалавек пра гэта не кажа, але мае на ўвазе, што «салідарнасць» можа быць толькі «з ім». Ясь не мог паскардзіцца на дзядзьку ў дзінтойру, зладзейскі суд, бо Жардонь быў фраерам. Не хацеў і фізічнай расправы. Але Ясь заўсёды мог звярнуцца са сваёй крыўдай да калег — блатных… Я вельмі прашу не блытаць маіх блатных з расійскімі блатнымі. Пад блатнымі я разумею сапраўдных прафесіяналаў, дасведчаных злодзеяў, якія паважаюць сябе і традыцыі, а не салаг, якія нават праз нейкія пусцяковіны адразу трапляюць у турму. Насамрэч гэта фраеры ў квадраце, дзейнасць якіх шкодзіць блатным і скажае ўяўленне пра іх. Цяпер імі поўніцца ўся Расія. Але гэта звычайныя уркі, якімі пагарджаюць фірмовыя ліхадзеі.
Ясь даверыў аднаўленне справядлівасці сваім хлопцам. Не скардзіўся. Ён расказаў толькі, як з ім абышоўся дзядзька Жардонь. І крыўда Паніча сталася знявагай усяго падпольнага менскага свету Калі б дзядзька Жардонь пра гэта ведаў то, відаць, не рызыкаваў бы гэтак моцна. Дагэтуль у ягоным рэстаране ўсё ішло гладка. Цяпер жа нешта пачало псавацца.
Аднойчы вечарам у гасподу завіталі чатыры кліенты. Гэта быў Казік Марацкі са сваімі прыяцелямі. Яны замовілі гарэлку і закускі. Пілі і елі вельмі шмат, нібы наўзахапкі. Выбіралі самыя дарагія стравы, прасілі толькі найлепшую фірмовую гарэлку. Жардонь паціраў рукі і лічыў у галаве, што някепска на іх заробіць. Раптам адзін з гасцей паклікаў афіцыянтку. Дзяўчына падышла да стала.
— Гэта таксама ў меню?
Казік паказаў ёй тоўстага прусака, запэцканага соусам.
— Кліч сюды гаспадара!
Жардонь ужо сам спяшаўся да стала. З усіх бакоў агледзеў насякомае і, кланяючыся, пачаў прасіць у кліентаў прабачэння. А потым дадаў:
— Дзівіць мяне гэты прусак, бо ў цэлым доме няма ніводнага. Але калі вы кажаце, што быў у катлеце, то мушу паверыць. Але вельмі сумняюся!
— Ну то зараз пераканаешся!
Казік устаў, накалоў прусака на відэлец і працягнуў Жардоню:
— Бяры. Еж яго! Пакаштуй, прусак гэта ці не?
Жардонь адступаў:
— Што ты хочаш? Навошта яго есці?
— А чаму я меў яго з’есці ды яшчэ заплаціць за такі пачастунак?
І тут раптам Казік, не павёўшы вокам, запусціў талерку з рэшткамі ежы ў твар Жардоню. У гэты час ягоныя таварышы ўсе як адзін падскочылі, нібы ўспрыняўшы гэта як сігнал, і пачалі ўсё навокал ламаць. Трушчылі посуд. Крэсламі разбівалі буфет. Тым часам Казік паказаў Жардоню, дзе горкі перац расце. Некалькі позніх кліентаў уцяклі ад граху падалей, адчуўшы, што пахне смаленым. Жардонь спрабаваў крычаць, але ўдар пад дых забраў у яго голас.
Праз пяць хвілін рэстаран выглядаў як пасля землятрусу. Некалькі дзён запар пасля гэтага Жардонь не гандляваў. Залізваў раны, напраўляў мэблю, купляў посуд. Пасля зноў вярнуўся да ранейшых інтарэсаў. Цяпер, праўда, ён зачыняў рэстаран нашмат раней, чым папярэдне, адразу, як толькі шарэла.
Аж нарэшце і ў ягонае аконца засвяціла сонца. Неяк у гасподу да яго завітаў незнаёмы вайсковец, які прапанаваў купіць дзве бутэлькі каньяку. Кошт быў вельмі нізкі, і Жардонь згадзіўся. Алкаголь аказаўся вельмі высокай якасці. Назаўтра той самы жаўнер з'явіўся зноў і таксама прадаў дзве бутэлькі каньяку. Калі Жардонь адлічваў яму грошы, вайсковец запытаўся:
— А можа, возьмеце большую партыю? Гэта нямецкі каньяк. Я маю трыста бутэлек і хачу прадаць, бо праз два дні мушу ехаць на поўдзень.
— Вазьму хоць і тысячу, — паабяцаў Жардонь.
Читать дальше