— Як нічога? Палову рэстарана маеш.
— Але ўвесь рэстаран быў мой.
— Які рэстаран? Будку ты меў, а не рэстаран. Я ўсё зрабіў. Усё купіў ды абсталяваў.
— З чыіх грошай?
— З тых, што ўгандляваў.
— Добра. Цяпер я нічога не маю. А што буду мець заўтра з маёй паловы?
— Цяжка сказаць…
— Чаму?
Дзядзька напоўніў чаркі і паставіў бутэльку на стол. Потым прымружыў вочы і ўважліва, нібы нават азадачана, пазіраў на пляменніка:
— Ты мяне ўжо занадта пілуеш. Чаго ты прыліп як бярозавы ліст у лазні?
— Слухай сюды… Я даў табе шалёныя грошы. Ты купіў за іх рэстаран для мяне. Ты павінен быў з яго жыць і зарабляць, а прыбытак аддаваць мне і маці. Цяпер раптам аказалася, што ты валодаеш паловай рэстарана. А я нават дзіравага шэлега не магу мець са сваёй паловы.
— Ці разумееш, ёлуп ты набіты, — дзядзька прыкінуўся раззлаваным. — Ніякіх прыбыткаў тут няма, бо ўсё ідзе на памяшканне, абслугу, на падаткі, тавар.
— Дык навошта трымаць такі рэстаран?
— Ты ж сам хацеў. Ці ты забыўся, ці дурня строіш?
— Хто з нас дурань, дык можна паспрачацца. Але не, ты, дзядзька, не дурань. Ты хітры прахвост!
— То ты гэтак мне дзякуеш, што я тут загінаюся, свету белага не бачу! Вось як за маю ласку… А ці ты ведаеш, што я магу цябе адсюль выкінуць і капец. Рэстаран мой. Я маю дакументы. А ты што маеш?.. Можаш падаваць на мяне ў суд!
Ясь глядзеў на дзядзьку і дзіву даваўся, а той усё больш разыходзіўся.
— …А калі падасі ў суд, то нічога не дакажаш… І хто табе паверыць, боўдзілу, што ты столькі грошай меў, каб рэстаран купіць. Ніхто. Разумееш? Ні адна душа… Падавай у суд на роднага дзядзьку. І не сорамна табе? Я, стары чалавек, гарую, цягну лямку, а тут прыйдзе такі смаркач і пілуе. Дзірку ў чэраве круціць. Падавай у суд, падавай!
І раптам дзядзька заплакаў. Плакаў ён па-сапраўднаму, шчыра. Слёзы цяклі па ягоных шчоках і падалі на стол. Ясь плюнуў і ўстаў з месца. Скіраваўся да выйсця, але было замкнёна. Настка выйшла з-за перагародкі і пачала адмыкаць замок, завешаны на штабе. Ясь, не аглядваючыся, чакаў збоку. Знянацку за ягонай спінай пачуліся энергічныя крокі. Падляцеўшы як куля, Жардонь схапіў схіленую дзяўчыну за блузку і штосілы рвануў да сябе. Блузка і сподняя кашуля затрашчалі ў швах, парваўшыся на служцы аж да пояса. Перапужаная дзяўчына адвярнулася, а Жардонь з размаху жарнуў ёй далонню ў твар… Хацеў яшчэ раз, але не паспеў. Ясь учапіўся за ягонае запясце, выкруціў руку назад і паваліў дзядзьку на падлогу. Ясь аж клацнуў зубамі.
— Але ж ты кат ды сволач!
Дзядзька ўскочыў на ногі.
— Заб’ю лафірынду! Нельга ўночы адчыняць парадныя дзверы! Ёсць чорны выхад!
— Трэба было ёй сказаць, а не біць. Ты звер ці чалавек?
— Я парадак люблю! Ясна табе?
— Усё зразумела.
Ясь пайшоў у кухню. Па дарозе яго мінула Настка, спешна адамкнула дзверы і выбегла на вуліцу. За ёй гнаўся Жардонь.
— Заб’ю халеру! Стой!
Ясь адпіхнуў Жардоня каля дзвярэй і таксама выйшаў вонкі. Было цёмна. Ён прыпыніўся. Дзядзькава нахабства яго проста агаломшыла. Раней ён і дапусціць не мог, каб сквапнасць магла да такой ступені знішчыць чалавечую душу і авалодаць розумам. Ён не ведаў нават, як рэагаваць на такое. Занадта агідным гэта было ў ягоным успрыманні. Аднак ён быў пэўны, што не даруе дзядзьку. Сцяўшы зубы і кулакі, ён думаў. Прымяніць фізічную сілу, на яго думку, было б нізка і гнюсна, і, магчыма, Жардонь толькі б выкарыстаў гэта дзеля свайго апраўдання.
Ясь паволі, у поўным змроку, крочыў па двары. У галаве мільгацела ад розных думак. Грошай амаль не было. Ён ведаў што і ў маці вош у кішэні павесілася. Было відавочна, што дзядзька насамрэч зарабляе шмат. І лёгка мог бы ім дапамагчы і падтрымаць у ліхую гадзіну. Але Ясь мусіў шукаць цяпер іншага выйсця.
Калі хлопец ішоў гэтак, асцярожна, без шораху, ступаючы па зямлі, аднекуль збоку да яго даляцелі дзіўныя гукі. Прыслухаўся. Недалёка нехта галасіў. Ясь прыгадаў Настку. Нічога не кажучы, ён пайшоў у кірунку плачу. Праз момант ён распазнаў у цемры дзяўчыну, якія на нечым сядзела і душылася слязамі. Ён паклаў руку ёй на плячо.
— Настка, чаго ты?
Тая хвіліну ніяк не рэагавала, а потым адказала:
— І што мне цяпер рабіць? Ён мяне прыб'е, без нажа зарэжа! Працую чатыры месяцы, а нічога яшчэ не зарабіла, толькі адзежу падрала. Усё спісаў на штрафы… Жытла ўжо не маю, бо чым плаціць… І як цяпер жыць? Каб якая атрута была, то я б ні хвіліны не думала, адразу б усё гэта скончыла…
Сапраўдны мужчына — гэта не той, хто ўмее задаволіць у ложку мілую кабетку, і не той, хто ваюе ды змагаецца з усімі і за ўсё, а той, хто носіць у сэрцы вялікую патрэбу абараніць жанчыну, дзіця, слабага ці нямоглага. У Яся гэта было. Калі Маруся Лобава хацела весці рэй у іх адносінах, хлопец ставіўся да яе абыякава, а ў нечым нават варожа. Калі ж яна саступіла, паказаўшы, што псіхічна і фізічна слабейшая за яго, хлопец зрабіўся ейным сябрам. Цяпер жа, калі яму самому хацелася выць ваўком, ён ні хвіліны не раздумваў, каб дапамагчы няшчаснай дзяўчыне.
Читать дальше