У гатэлі яшчэ панавала мітусня, таму на Паніча ніхто не звярнуў увагі, і ён свабодна выйшаў на вуліцу.
Ён ішоў і пасміхаўся, бо добра выканаў заданне і быў сабою задаволены. Яму згадаліся Барановы словы: «Лепш зусім не брацца за работу, чым дрэйфіць і панабіраць лахманоў, а пакінуць сармак [16] Сармак — грошы.
і бліт!»
х х х
Перапалоху на імпрэзе ў каменданта нарабіла маладзенькая жонка старшыні ЧК Міціна. Яе пачало ванітаваць. Таму муж, згробшы яе пад руку і развітаўшыся, пацягнуўся дадому. Старшыня гарвыканкама з сакратаркай выйшлі неўзабаве пасля іх. Астатнія працягвалі баляваць упяцярых. Камендант, радасны, з усмешкай ад вуха да вуха, забаўляў жонку Старцава і кляўся ейнаму мужу ў вечнай дружбе — «аж да скону і труны».
— Кватэрку атрымаеце праз некалькі дзён такую, што ах! Успомніце маё слова!
Ён пачаў намаўляць жонку Старцава нешта праспяваць. Жанчыну не трэба было доўга ўпрошваць. Яна падышла да піяніна, пачала граць і зацягнула «Дубінушку». Спявала добра, свабодна. Рэшта ахвотна падхоплівала прыспеў.
Калі Альжбета скончыла песню, усе з энтузіязмам запляскалі ў ладкі. Яна выканала і іншыя песні, перайшоўшы на лягчэйшы рэпертуар.
Філіпа не браў алкаголь. Ён піў, еў і запрашаў іншых з ім чокацца. Камендант не адставаў ад яго ў піцці. Рэшта таварыства спасавала.
Блізу поўначы баль пастанавілі закончыць. Камендант загадаў Кацярыне Паўлаўне апрануцца.
— Правядзём гасцей!
А ў пярэднім пакоі ён лагодна звярнуўся да яе:
— Застанешся на ноч у гатэлі з дэлегатам. Гэта было б вельмі міла з твайго боку!
І ён пяшчотна ўшчыпнуў яе за падбародак.
У «Еўропе» ўжо было ціха. Усе пайшлі са Старцавымі, каб правесці іх да пакоя. Калі ж Старцаў запаліў святло, усе — акрамя Філіпа — застылі як прыкутыя. Пакой выглядаў як пасля ўрагану. Першым адазваўся Філіп:
— Работа нішто сабе!
Паклікалі дзяжурнага. Адразу ж пачалі яго распытваць, але ён нічога не мог сказаць. Стаяў разгублены і дрыжаў ад страху перад суровымі прадстаўнікамі ўлады. Толькі Філіп спакойна адзначыў:
— Няма сэнсу яго вінаваціць і так далей. Сюды кожны можа зайсці... Розных галадранцаў тут поўна круціцца, а замкі такія, што пальцам можна адамкнуць.
Старцаў тым часам агледзеў, што знікла няшмат рэчаў.
— Трэба паведаміць пра здарэнне начальніку Следчага аддзела, — выказаўся камендант.
— Не варта, — флегматычна ўставіў Філіп. — Толькі смяяцца будзе з гэтага і так далей. Што з воза ўпала, тое прапала.
Камендант, Кацярына Паўлаўна і Філіп развіталіся са Старцавымі. Пайшлі ў Філіпаў пакой. Прыселі. Раптам камендант звярнуўся да Філіпа:
— Выйдзем, таварыш, на хвіліну ў калідор. У мяне да вас сакрэтная справа.
Філіп галантна пакланіўся жанчыне:
— Прабачце, калі ласка.
У калідоры Крывашэін, падагрэты алкаголем, пачаў таямніча шаптаць Філіпу:
— Прашу звярнуць асаблівую ўвагу на Кацярыну Паўлаўну. Буржуйка, але жанчынка хоць куды, аж вочы закатваюцца і так далей… — сказаў камендант у стылі Філіпа.
— Вядома, канешне, — згадзіўся блатны.
— Я б папрасіў толькі пра адну паслугу. Можна сказаць, патрэбная вашая асабістая дапамога…
— Якая канкрэтна?
— Ёсць тут адзін гіцаль. Старшыня гарвыканкама Родзін. Той, што быў у мяне на гасцях разам з сакратаркай. Такі ўжо вылюдак, якіх яшчэ пашукаць трэба! Увесь час піша даносы. На працы праз яго вэрхал. Нібыта строга прытрымліваецца распараджэнняў, а насамрэч толькі хаос стварае. Вельмі непрыемны тып. Мне б хацелася прыбраць яго з маёй тэрыторыі. Я ўжо спрабаваў сам гэта ўладзіць. Тры разы пісаў у Маскву. Назваў сведкаў, якія могуць зацвердзіць. Ён сам з буржуйскай сям’і. Закончыў універсітэт. Ягоны брат трымае краму ў Варшаве. Разумееце, таварыш, наколькі шкодным можа быць такі чалавек у прыфрантавым горадзе! Можа, вы, таварыш, са сваімі сувязямі маглі б даць яму адпаведную характарыстыку. Трэба пляжыць падобных буржуйскіх сынкоў!
— Гм… можна было б… Толькі…
— Толькі што?
— Вось што!…
І Філіп вельмі красамоўна пацёр вялікі палец аб указальны, паднёсшы руку да носа камісара.
— Разумею, — сказаў Крывашэін.
— Ну вось. Прыемна з разумным чалавекам мець справы і так далей…
— А колькі? — пацікавіўся камендант.
— Гм… — задумаўся Філіп. — Тысяча рублёў царскім золатам — і праз два тыдні нават ягонага духу тут не будзе!
— Абяцаеце?
— Я словаў на вецер не кідаю і так далей… — выпнуў грудзі Філіп.
— Прабачце, калі ласка. Я згодны. Для мяне гэта гонар. Заўтра а дзясятай раніцы грошы будуць у вас.
Читать дальше