Філіп услед за папярэднікамі ўстаў, каб таксама сказаць тост. Усе паўздымаліся са сваіх месцаў і, стоячы, чакалі. А Філіп прабегся сур’ёзным позіркам па тварах гасцей і прамовіў:
— Давайце вып’ем за… мяне!
Павісла цішыня. Гэты тост пасля шматлікіх ліслівых прамоваў, пахвал і паказнога захаплення рэвалюцыяй быў як мінімум сюрпрызам. Усе выпілі досыць паспешна і маўчком. Госці былі збянтэжаныя. Выглядала, што дэлегат цалкам імі пагарджае і не хавае гэтага. Сведчыла пра гэта і тое, што Філіп не падтрымліваў размоваў на розныя актуальныя тэмы. Ён нібы ігнараваў і не слухаў асцярожных выказванняў прысутных. Дэлегат еў і піў, а чым больш піў, тым мацнейшай рабілася ягоная зацікаўленасць пекнай суседкай. Тая старалася яго зачараваць, прычым імпэту ёй дадавалі кіданыя час ад часу ў ейны бок красамоўныя позіркі каменданта. Але падпіўшы, яна ажывілася і насамрэч адчула прыхільнасць да свайго суседа. У пакоі было шумна, таму яны маглі спакойна размаўляць, не асцерагаючыся, што іх падслухаюць.
Кацярына Паўлаўна запытала Філіпа, якія вынікі можа мець уварванне капіталістаў у СССР. Той адказаў:
— Самыя ўвішныя наб’юць сабе кішэні — і амэн!
— А вы не чуецеся ў небяспецы?
— Для нас гэта ганц-памада, ні холадна ні цёпла! Абы была гарэлка, добрая работа і так далей!
— Падабаецца вам Менск?
— Канешне… А тут можна плаваць?’
— А што вам найбольш у Менску падабаецца?
— Вы.
Філіп сказаў гэта цалкам шчыра і сур’ёзна. Кацярына пачырванела і запытала залётна:
— Ну а сённяшняя наша кампанія?..
— Фраеры і гніды, — спакойна сказаў Філіп. — Усе яны паскудныя ашуканцы, шпагаты і так далей…
Гэтае меркаванне здзівіла Кацярыну, хоць насамрэч яно мала чым адрознівалася ад ейнага ўласнага погляду.
х х х
Тым часам Паніч у «Еўропе» не біў лынды. Як толькі пабачыў праз акно ў пакоі Азіі, што аўтамабіль каменданта забраў гасцей і паехаў, то адразу ж вышмыгнуў у калідор. Спусціўся наўскач на першы паверх і, выкарыстаўшы спрыяльны момант, тут жа адчыніў адмычкай дзверы ў пакой № 13. Замкнуў іх за сабой знутры, а на дзвярной ручцы павесіў шапку, каб яна закрывала замочную шчыліну, і ўзяўся за справу.
Насамперш ён раскінуў розумам, дзе той злодзей мог схаваць бліт. Зазірнуў у печку. Там было пуста. Пачаў абшнырваць увесь пакой, пакінуўшы без увагі рэчы пастаяльцаў. Прайшло даволі шмат часу, а яму нічога не ўдалося знайсці. Ён пачаў нават крыху непакоіцца. Але часу было яшчэ дастаткова.
Хлопец прыступіў да пільнага вобшуку, але зноў марна. Тады ён пастанавіў даследаваць усё паступова і метадычна: мэблю, сцены, падлогу. Праз гадзіну пакой выглядаў жахліва. Шпалеры ў тых месцах, якія выклікалі хоць найменшае падазрэнне, што там ёсць хованка, былі абдзёртыя або звісалі шматкамі. Ясь выкалупаў з падлогі ўсе паркетныя квадраты, якія сядзелі няшчыльна. Дзе-нідзе ён выламаў шаберам пячную кафлю, каб глянуць, ці за ёю выпадкам нічога няма. Распароў матрацы ў ложках. Павыцягваў з камоды ўсе шуфляды. Нават вырваў шаберам тыльныя дошкі ў люстры. І ўсё марнае.
Можа, яму б і не ўдалося нічога знайсці, але ён неяк ненаўмысля затрымаўся вокам на верхняй частцы печкі. Збоку ўгары была шырокая шчыліна ў сцяне. Ён падсунуў стол, залез і праверыў. Было пуста. Тады ён прыкінуў, што трэба глянуць і на самай печы. Паставіў на стале крэсла і ўскараскаўся на яго. Далонню ён пачаў абмацваць верх печкі, недасяжны для вачэй. Раптам пад рукой адчуў нешта цвёрдае і выцягнуў невялікі клунак. Больш на печы нічога не было. Ясь злез са стала і агледзеў знаходку. Гэта была перавязаная шнурком кішэня, жыўцом ададраная ад штаноў. Усярэдзіне было некалькі абкручаных паперай скрутачкаў. Калі Ясь разгарнуў, то пабачыў залаты мужчынскі гадзіннік, больш за дзясятак пярсцёнкаў, адзін цяжкі бранзалет, адну брошку і адзін важкі ланцужок для кішэннага гадзінніка. Тры пярсцёнкі — як ацэньваў Ясь — былі з брыльянтамі. Адзін з іх быў вялікі, можа, на паўтара карата. Іншыя два былі крыху меншыя.
Ясь глянуў на гадзіннік. Работа заняла ў яго больш за дзве гадзіны, але часу яшчэ хапала. Ясь вырашыў агледзець і рэчы пастаяльцаў. Слядоў свайго знаходжання ў пакоі ён і так не мог знішчыць, таму ўжо нічым не пераймаўся.
Сярод рэчаў, частка якіх яшчэ ляжала ў нераспакаваных чамаданах, было шмат дарагога адзення, але Ясь не мог усяго забраць, бо яго было б цяжка вынесці з гатэля. Таму ў невялічкі чамаданчык ён паскладаў толькі самае каштоўнае і перад дзявятай гадзінай вечара пакінуў пакой Старцавых.
Читать дальше