Быў перыяд, калі яна спрабавала падладзіцца пад стыль акружэння. Старалася быць вясёлай, крыху пахабнай, але ў яе кепска выходзіла. Яна была штучнай і смешнай. Толькі алкаголь рабіў яе менш скаванай і баязлівай. Але яна вельмі дрэнна пераносіла пахмелле, таму пасля кожнай досыць заўзятай гулянкі цяжка пакутавала.
Тым часам у гатэлі «Еўропа», у пакоі пад нумарам 34, адбывалася нарада Філіпа Лысага і Яся. Хлопец збіраўся абшастаць пакой нумар 13, карыстаючыся тым, што Старцаў з жонкай таксама меў ехаць на вячэру да каменданта.
— У цябе сама меней тры гадзіны часу і так далей… Калі яны будуць вяртацца раней, то я іх апярэджу і дам табе сігнал. Сячэш?
Справу яны абмеркавалі ўсебакова. Ясь праверыў калідоры ў гатэлі. Там швэндалася цэлае мноства розных людзей, як вайскоўцаў, так і цывільных, таму на яго ніхто не звяртаў увагі. Яны дамовіліся, што ў выпадку шухеру Ясь скажа, што мае справу да дэлегата Азіі.
А 18:45 Філіп развітаўся з Ясем:
— Праз паўгадзіны можаш пачынаць хіпіш. Пабачыш праз акно, як мы ад’едзем і так далей. Я пачакаю каменданта ўнізе.
Неўзабаве каля параднага ўвахода ў «Еўропу» спыніўся аўтамабіль каменданта. Філіп спаткаў Крывашэіна ў вестыбюлі. Злодзей не хацеў, каб бальшавік трапіў у ягоны пакой, дзе быў Паніч.
Крывашэін моцна паціснуў нядбала пададзеную руку Філіпа.
— Прашу прабачэння, што змусіў вас чакаць…
— Люблю пунктуальнасць, — сказаў Філіп.
— Я таксама… Яшчэ адна хвілінка. Забяром толькі старшыню ЧК і ягоную жонку. Чароўная жанчына. А што за голас! Малдаўскі салавей!
Праз момант у холе з’явіліся Старцаў і ягоная жонка. Яны не пераносілі каменданта, але мусілі прыняць запрашэнне, каб не паказацца варожымі. Крывашэін прадставіў ім дэлегата Азію. Раней ён паспеў нарасказваць Старцавым пра яго шмат цікавінак, узятых пераважна са здагадак і фантазіі. Агульная характарыстыка была наступнай: ідэйны, суровы, разумны, дапытлівы, непадкупны, але не цураецца жанчынак і гарэлачкі…
Кацярына Паўлаўна ўбралася ва ўсё найлепшае, згодна з інструкцыяй Крывашэіна, падмацаванай ягоным кулаком. Яна сапраўды была вельмі прыгожай. Ейны бледны авальны твар аздаблялі дзівосныя вочы, чорныя бровы і вейкі, а таксама яскрава-чырвоныя губы ідэальнай формы, якія не патрабавалі ніякай памады. А ейная ўсмешка зіхацела перламутрам здаровых і роўных зубоў. Гасцей яна прывітала найзычлівей, як толькі магла.
Філіп Лысы быў уражаны ейным хараством. Яна здавалася яму казачнай істотай. Ён не мог наглядзецца і адвесці ад яе вачэй. Жанчына, заўважыўшы ягоныя поўныя захаплення позіркі, уся залілася чырванню. Гэта зрабіла яе яшчэ больш вабнай.
Госці расселіся пры стале. Крывашэін стараўся з усіх сіл разварушыць бяседнікаў. Ён прамовіў урачысты тост:
— За здароўе Леніна і Троцкага, правадыроў расійскай рэвалюцыі!
Спадцішка ён сачыў за рэакцыяй на твары дэлегата. Але нічога не заўважыў апрача выразнай сімпатыі да суседкі справа.
«Бярэ яго», — падумаў з задавальненнем і зычліва глянуў на сваю каханку.
Пасля тоста ўсе выпілі. Потым было яшчэ некалькі тостаў, і напружаная атмасфера разрадзілася.
Апрача ўжо вядомых нам гасцей, быў запрошаны таксама старшыня Надзвычайнай камісіі Сідар Міцін, былы чыгуначнік, непрыемны з выгляду і пануры тып. Ён прыйшоў са сваёй грамадзянскай жонкай, якой было толькі блізу сямнаццаці гадоў Яна выглядала як дзіця. Муж быў старэйшы за яе больш як у тры разы. Далей сядзеў старшыня гарвыканкама, габрэй, вельмі разумны, нервовы і худы. Ягонае прозвішча было Родзін. Імаверна, яно было змененае. Старшыня прыйшоў са сваёй сакратаркай, ідэйнай камуністкай Вольгай Рамскаю, немаладой ужо, брыдкай і высахлай жанчынай з гарачым тэмпераментам. Вольга сублімавала сваю празмерную сексуальную энергію ў фанатычную партыйную працу.
Амаль усе даволі хутка напіліся як бэлі, бо ўсе тосты былі рэвалюцыйныя і дзяржаватворчыя, таму іх нельга было ігнараваць. Найлепш трымаліся камендант і Філіп. Абодва былі вельмі добра спрактыкаваныя ў спажыванні алкаголю.
Габрэю Родзіну вечарына не спадабалася. Ён прыйшоў сюды больш з абавязку, бо вячэру прымеркавалі да гадавіны лютаўскай рэвалюцыі. Ён ведаў, што Крывашэін шалёна ненавідзіць яго, і пачуваўся няўтульна. А Крывашэін наўмысна яго запрасіў, амаль афіцыйна, каб паказаць яму свайго важнага госця. Гэта была яшчэ адна магчымасць зрабіць прыкрасць пагарджанаму габрэю. Калі менскім злодзеям антысемітызм быў абсалютна чужы, то ў расійцаў гэта быў свайго роду інстынкт… Яго ўтаймоўвалі, умела хавалі, але ўсё ж яго можна было лёгка заўважыць.
Читать дальше