— Ну, пляменнік! — яшчэ з парога загрымеў ён. — Ты што гэта робіш? Ды я цяпер сам за дубец вазьмуся!
— Вядома, малога сірату пакрыўдзіць лёгка, — абразіўся Богусь, усё ж асцярожна пазіраючы на грознага сваяка: а раптам сапраўды адлупцуе? — А я толькі хачу быць падобным да свайго бацькі.
— Як? — здзіўлена перапытаў князь-гетман.
— Мой бацька, хоць і быў літвінам, не насіў такой вопраткі. А я ўсё ж яго сын.
Князь Крыштаф пачухаў патыліцу. Гэта была чыстая праўда. А малы ліс, адчуўшы перамогу, не замарудзіў яе замацаваць:
— Дзядзька, мы ж не будзем сварыцца з-за такой драбязы?
І, даверліва ўсміхаючыся, працягнуў рукі насустрач князю, які, вядома, адразу схапіў пляменніка ў абдымкі.
Прыйшлося гетману пасылаць у Каралявец [15] Каралявец, Кёнігсберг (цяпер Калінінград) — у XVII стагоддзі сталіца Усходняй Прусіі, у 1525–1657 гадах была ў васальнай залежнасці ад Рэчы Паспалітай.
па добрага краўца, які ўмеў кроіць вопратку на нямецкі ўзор, і залічваць яшчэ аднаго немца слугою двара яго светласці прынца Радзівіла. Маршалкам [16] Гэта значыць упраўляючым двара.
двара быў літвін — дасведчаны слуга радзівілаўскага дому Самуэль Пуцята. Ён павінен быў таксама займацца выхаваннем і здароўем Багуслава.
Гэтага суровага на выгляд, маладога яшчэ чалавека з кручкаватым носам, зямлістым тварам і непрыветным поглядам вострых камяніста-шэрых вачэй княжыч заўважыў яшчэ на тым першым урачыстым абедзе. Запомнілася, як Пуцята выгаворвае кухару за залішні шафран у тушанай заячыне. Моцай голасу Самуэль мог зраўняцца з самім князем-гетманам, і княжыч шчыра паспачуваў чэлядзі, якая павінна была служыць пад наглядам такога суровага пана. Цяпер жа па волі дзядзькі «суровы пан» павінен быў кіраваць яго жыццём, і Радзівілу, які пасля расстання з маці адчуваў сябе глыбока няшчасным, стала зусім маркотна. Змушана ўсміхнуўшыся, ён прывітаў новага выхавацеля, з пэўнай палёгкай заўважыўшы, што той няблага гаворыць па-нямецку.
Але на гэтым, здавалася, цноты пана Пуцяты і скончыліся. Да сваіх абавязкаў ён ставіўся залішне старанна, прыдзіркамі даводзіў слуг да слёз, усюды сунуў нос, а яшчэ (адзіны з усіх радзівілаўскіх слуг) атрымаў ад князя-гетмана права прызначаць пакаранне свайму выхаванцу.
Перш-наперш пан Самуэль знайшоў княжычу настаўніка — пастара Дземітровіча. Гэты выбар ухваліў і князь Крыштаф, які, нягледзячы на неверагодную занятасць, хацеў асабіста сачыць за выхаваннем пляменніка. Пад пільным наглядам пастара Богусь сеў за кнігі. Навукі даваліся яму лёгка — на вялікае дзядзькава здзіўленне, бо ні ён сам, ні ягоны сын не мелі да вучэння вялікай ахвоты. Назіраючы, як пляменнік упарта штудзіруе катэхізіс, літоўскі гетман, што ўсім сэрцам прыкіпеў да малога, мармытаў сам сабе:
— Нямецкая кроў, чорт яе бяры… Ці гэта ад Астрожскіх? [17] Маці бацькі Багуслава, князя Януша Радзівіла, была Кацярына Астрожская, дачка «некаранаванага караля Русі», князя Канстанціна Васіля Астрожнага (1526–1608).
Тыя таксама любілі сляпіць вочы над прамудрымі фаліянтамі. Чуе маё сэрца, як вырасце, дык будзе яшчэ большы мудрэц за князя-канцлера Альбрэхта.
Але, скончыўшы ўрок, малы спрытна ўскокваў на падоранага дзядзькам поні ды выхопліваў з похваў цацачную шаблю або, узброіўшыся лукам, ладзіў паляванне на крумкачоў, што абсядалі радзівілаўскі дом у Даляцічах, куды княжацкі двор пераехаў з бурлівай Вільні. І гетман, пільным ваярскім вокам згледзеўшы ў пляменніку выдатныя рыцарскія здольнасці, усцешана вымаўляў:
— Радзівіл, хай там хоць што хочуць кажуць… Радзівіл!
х х х
А бяда тут як тут: у канцы 1629 года пры родах памерла княгіня Сафія Лізавета, пакінуўшы сіротамі Багуслава з сёстрамі і іх зводнага гадавалага брата Франца Германа.
Раней Багуслаў лічыў дні, пакуль зможа паехаць у Саксонію і наведаць родных. Але, пачуўшы страшную навіну, зачыніўся ў спальні, не выходзіў адтуль і не адгукаўся, нягледзячы на ўсе заклікі разгубленых слуг. На другія суткі занепакоены пан Пуцята прыдумаў залезці ў пакой праз акно, што і зрабіў, махнуўшы рукой на цырымоніі і пашану да статусу. Акно было занадта цеснае, і сытае чэрава выхавацеля засела ў ім, як добра падагнаны корак у бочцы з віном. У дадатак лесвіца, па якой пан маршалак узлез, звалілася ўніз. Спалоханы чалавек завіс паміж небам і зямлёй, учапіўшыся рукамі ў раму, якая ўжо пагрозліва трашчала.
Богусь падышоў да акна, крадком выціраючы вочы рукавом кашулі. Схапіўшы за руку пана Самуэля, хлопец з вялікай цяжкасцю ўцягнуў яго ў пакой.
Читать дальше