Хутка стрыечным братам прыйшлося развітацца — Януш ехаў вучыцца ў нямецкія і галандскія ўніверсітэты. Выпраўляючы сына ў далёкую дарогу, князь Крыштаф не ўтрымаўся ад бацькоўскіх наказаў, якія, з улікам упартага і рэзкага характару князя Януша, былі не лішнімі.
— Акрамя іншых навук, каб добра вывучыў нямецкую і французскую, — строга загадаў ён сыну. — І гэта кажу не жартам, бо імі каралеўскі двор размаўляе, таму ў Польшчы па-польску можаш і не гаварыць, калі тых моў ведаць не будзеш.
Януш неахвотна кіўнуў.
— Караля, памазанца божага, сам нідзе дрэнна не згадвай, — працягваў князь-гетман. — А тых, хто будзе пры табе пра яго вялікасць казаць нешта благое, спыняй.
І, цяжка ўздыхнуўшы, дадаў:
— Словам, май розум, сынку. Ты яшчэ з хаты не з’ехаў, а нашы ворагі ў Варшаве ўжо пляткараць, што я цябе ў Францыю пасылаю, каб Гастону Арлеанскаму [12] Гастон Жан Батыст Французскі, герцаг Арлеанскі (1608–1660) — малодшы сын караля Францыі Генрыха IV (1553–1610).
польскую карону перадаць.
Малады князь скрыгатнуў зубамі.
— Галоўнае — з важнымі людзьмі сяброўства заводзь, — князь Крыштаф нарэшце дайшоў да галоўнага. — Асабліва з тымі, хто пратэстанцкай веры. І памятай, што наш родавы тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў чужых землях вялікую вагу мае. Дык і паводзь сябе як належыць прынцу!.. Езуітаў сцеражыся, і асабліва арыянскіх прапаведнікаў [13] Арыяне — прыхільнікі арыянства — плыні ў хрысціянстве, якая існавала ў IV–VI стагоддзях у Александрыі. Назва вучэння паходзіць ад імені Арыя (256–336) — святара з Александрыі. У Рэчы Паспалітай у канцы XVI — першай палове XVII стагоддзя арыянства трансфармавалася ў сацыніянства (па імені філосафа Фаўста Соцына). Яго паслядоўнікі называлі сябе ўнітарыямі (лац. Unitarii ) або польскімі братамі (лац. Fratres роlоni ), але ў народзе былі вядомыя як арыяне. Сацыніяне лічылі, што крыніцай ісціны з’яўляецца Святое Пісанне, але толькі тады, калі яно не супярэчыць розуму; адмаўлялі дагмат Тройцы, сцвярджалі, што Ісус Хрыстос быў чалавекам. Адмаўлялі існаванне першароднага граху і наогул псаванне маральнай прыроды чалавека праз грэхападзенне першых людзей; не прызнавалі сакрамантаў, малітваў за памерлых, культу святых, абразоў, адпрэчвалі ўсю знешнюю царкоўную абраднасць, шанавалі суботу.
, гэтыя яшчэ больш небяспечныя, чым тыя чэрці ў расах… Ну, пра гэта я сам тваім дворскім слугам скажу… І лісты пішы. Мне, маці, сястры і Багуславу. Кузэн табе цяпер памерлых братоў заменіць…
Януш, які ненавідзеў пісаць, незадаволена скрывіўся, але пад цвёрдым бацькавым позіркам паабяцаў. З тым і з’ехаў у чужыя краі.
х х х
Пасля ад’езду кузэна Багуслаў таксама меўся ўзяцца за вучобу. Але нашчадак Радзівілаў дрэнна ведаў польскую. Гэта ўгнявіла князя Крыштафа, і ён адразу ж загадаў пану Набароўскаму пазбавіцца ад «нямецкага духу», якім ад нараджэння быў аточаны княжыч.
Назаўтра пасля ад’езду маці і сясцёр у Саксонію Богусь, прачнуўшыся ранкам, знайшоў каля свайго ложка не звыклы аксамітны камзол з доўгім шэрагам срэбных гузікаў, а дзіўную даўгаполую адзежыну — такія насілі ў гэтай яшчэ чужой для яго краіне.
— Мяне тут, напэўна, дзіцём лічаць, — пакрыўдзіўся хлопец. Новы ўбор нагадаў яму доўгую дзіцячую кашульку, якую ён нядаўна насіў. — Няўжо дзядзька не заўважыў, што я ўжо штаны надзеў?
І хоць у яго новым адамашкавым даламане зашпількі былі залатыя, а не сярэбраныя, княжыч грэбліва адклаў яго ўбок і гучна паклікаў пана Набароўскага. А калі той з’явіўся, загадаў неадкладна прынесці яму звыклую вопратку. Выхавацель, які дзейнічаў па загадзе князя Крыштафа, рашуча адмовіўся.
— Вы цяпер у Літве, ваша княжацкая міласць, — сказаў ён. — А тут усе так апранаюцца.
Цёмныя вочы Багуслава дзіўна бліснулі.
— Я — не ўсе, пане Набароўскі, — з націскам сказаў княжыч. — Я — Радзівіл.
Сказаўшы так, ён спакойна лёг у ложак, апавясціўшы, што будзе там чакаць «свайго» адзення столькі часу, колькі слугам спатрэбіцца, каб яго прынесці. І як ні стараўся пан Набароўскі, уставаць княжыч адмаўляўся.
— Калі ваша княжацкая міласць слоў не разумее, дык я вазьму дубец, — урэшце не вытрымаў выхавацель. — Дзе ж гэта бачана, каб з-за такіх дурніц такую бучу падняць!
Багуслаў спадылба зірнуў на яго:
— А ты не баішся, пане Даніэлю, што калі я вырасту, дык дубец, якім пагражаеш, табе бокам выйдзе?
У Набароўскага і мову адняло. Прыйшлося небараку бегчы па дапамогу да князя Крыштафа. Той, які, як і ўсе Радзівілы, меў круты нораў. Выслухаўшы зніякавелага выхавацеля, князь-гетман адправіўся ў пакой да пляменніка ўладжваць conflictus [14] Супярэчнасць ( лац .).
. Слугі, што трапляліся на яго шляху, разбягаліся ад яго грознага выгляду.
Читать дальше