«Мілая Ханым!
Мне так шмат трэба сказаць Вам, сказаць пра нашае шчаслівае будучае… Дазвольце мне верыць, што і Вы шчаслівая, як і я, перад чаканнем нашай сустрэчы. Сэрца маё поўніцца пяшчотай і ласкай, і я неадступна кахаю Вас, чароўная Ханым, і пры сустрэчы хачу паўтарыць гэта Вам з той далікатнай шчырасцю, якая, паверце, уласціва майму характару і душэўнаму складу… Да пабачэння! Хай радасна ўсміхаюцца Вам новыя ранкі і дні! Сам жа я не магу схаваць гарачага жадання з’яўляцца ў Вашых снах…
Застаюся ўвесь Вашым, мая каханая…».
Стары Мацкевіч пасля навіны пра сынаву паездку ў Расію доўга маўчаў, нібы праз сон штось згадваў, а затым як ачуўся — загаварыў узбуджана, гучна і хутка:
— Голубе мой! Ты едзь праз Варшаву і Беласток да Горадні, па-расійску Гродно. Гэта па царскай паўночна-заходняй чыгунцы. Спыніся там да наступнага цягніка… Наймі фурманку ды заедзь у нашыя Мацкі. Гэта на поўнач ад Горадні, перад самай пушчай. То наш родавы маёнтак… Дом каменны з дзвюма гатычнымі вежамі на ўзгорку. Там, калі памятаеш, я табе распавядаў, у Нёман упадае Зарачанка… І дубы… дубы старадаўнія яшчэ, можа, стаяць… То пакланіся магілам дзядоў-прадзедаў нашых. І зямліцы адтуль жменю прывязі… — вочы старога затуманіліся.
Ён штось яшчэ хацеў сказаць, але толькі ўздыхнуў і няпэўна пахітаў галавой… І сын адшукаў той пушчанскі суток Нёмана і Зарачанкі, і дом той каменны на ўзгорку… Але шэры, з абсыпанай тынкоўкай. Ад колішніх дубоў нават пнёў не засталося. Папрасіў фурмана — дзецюка з саламянымі-нямытымі валасамі і пракуранай барадой — спыніцца каля бальшака, прыліп вачыма да будыніны, але сысці на зямлю не насмеліўся… Дахоўка вежаў абвалілася, вокны дольнага паверха забітыя дошкамі. На ганку нейкія анучы сушацца, вёдры перакуленыя вісяць… Выйшаў, скрыпнуўшы дзвярыма, згорблены мужчына, закурыў, паглядзеў на фурманку, накінуў наапашкі ні то палітон, ні то шынэлак і пакульгаў да іх.
У грудзі Адаму нібыта хтось наліў халоднага волава.
— Назад, хутчэй! — загадаў ён і заплюшчыў вочы.
І апамятаўся толькі перад вакзалам, не бачачы нечаканай травеньскай залевы, не чуючы цікаўных пытанняў фурмана. Падзякаваў, заплаціў ледзь не ўтрая больш за названую суму — і толькі тады згадаў пра бацькаву просьбу…
— Пачакай, калі ласка! — ён дастаў насоўку і акуратна сабраў у яе з акаванага кола наліплай зямлі, завязаў і схаваў у кішэню.
Адыходзячы, краем вока прыкмеціў, як фурман кінуў недакураную самакрутку і неўразумела паціснуў плячыма…
А праз двое сутак Адам Мацкевіч быў у Санкт-Пецярбургу. На выставе найбольшы павільён займала «Таварыства “Браты Нобелі”», і знайсці яго было нескладана. Сустрэў сам Эмануіл.
— Спадар Дызель тэлеграфаваў, што сам прыехаць не зможа і камандзіруе вас, — Нобель быў падкрэслена дыпламатычны.
Ён зрабіў невялікую экскурсію па павільёне, а тады пазваў Нордстрэма і па-змоўніцку падміргнуў яму:
— Ну а цяпер — нашая навінка…
Праз шкляны калідор яны ўтрох выйшлі на вуліцу, дзе ўзвышаўся зялёны намёт. Вакол яго сабралася з чатыры дзясяткі наведнікаў і рэпарцёраў. Мацкевічу і Нобелю паднеслі нажніцы — каб перарэзаць вертыкальныя стужкі. Брызентавыя сценкі ўраз апалі, і прысутныя ўбачылі на невысокім п’едэстале вычышчаны да зіхцення экспанат — першы і адзіны ў свеце рухавік Дызеля, які працаваў на сырой нафце.
— Паважанае спадарства! Перад вамі — узор рухавіка новага пакалення, распрацаваны па патэнце інжынера Рудольфа Дызеля нашым канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам Карла Нордстрэма. Галоўныя асаблівасці рухавіка — магутнасць і эканомнасць. Пры аднолькавых сілавых паказніках ён спажывае ўсяго каля адной сёмай часткі паліва бензінавых ці газавых рухавікоў. А харчуецца… — Нобель зрабіў паўзу і задаволена ўміхнуўся, — усяго толькі нафтавымі адыходамі. І пры тым някепска пачуваецца, эканомячы сваім будучым гаспадарам процьму грошай! Спадар Нордстрэм, калі ласка, пакажыце яго ў справе!
Золатагаловы швед толькі гэтага і чакаў. Ён імпэтна кіўнуў, падышоў да пульта, пастукаў, нібыта будзячы, па цыліндрах — і націснуў на кнопку пуска. Сталёвы звер здрыгануўся і завуркатаў. Над намётам з вывадной трубы выскачыў чорна-шэры чуб выхлапу і пад воплескі прысутных растаў над павільёнамі.
Пасля кароткіх інтэрв’ю падалі шампанскае. Мацкевіч першым падышоў павіншаваць Нобеля.
— Спадар Дызель уважліва вывучыў папярэдне дасланыя вамі чарцяжы і папрасіў выказаць сваё захапленне. Як вы ведаеце, ён згодны працягнуць патэнт. У сваю чаргу цікавіўся, ці не маеце намеру ад свайго імя пачаць патэнтацыю мадэлі рухавіка на сырой нафце.
Читать дальше